Выбрать главу

— Хэтч, — сказаў Дзік, — за ўсім гэтым я адчуваю нячыстае сумленне.

— Калі вы не станеце разумнейшым, вы хутка адчуеце пах крыві, — адказаў Бенет. — Я вас папярэдзіў! А вось ужо ідуць па вас.

І сапраўды, у гэтую самую хвіліну Дзіка паклікалі да сэра Дэніэла.

Раздзел II

Дзве клятвы

Сэр Дэніэл быў у зале; ён сярдзіта праходжваўся перад камінам, чакаючы Дзіка. Акрамя сэра Дэніэла, у зале знаходзіўся яшчэ сэр Олівер, які сціпла сядзеў у кутку, перагортваючы трэбнік і мармычучы малітвы.

— Вы мяне клікалі, сэр Дэніэл? — спытаў малады Шэлтан.

— Ага, я цябе клікаў, — адказаў рыцар. — Што гэта за чуткі дайшлі да маіх вушэй? Няўжо я так кепска апекаваў цябе, што ты перастаў мне давяраць? Ці, можа, ты хочаш перайсці на бок маіх ворагаў, таму што я пацярпеў няўдачу? Клянуся небам, ты не падобны на свайго бацьку! Бацька твой быў адданы сваім сябрам і ў добрую пагоду і ў слоту… А ты, Дзік, відаць, сябра толькі на пагодлівы дзень і цяпер шукаеш зручнага моманту пакінуць сваіх сяброў.

— Даруйце, сэр Дэніэл, але гэта не так, — цвёрда сказаў Дзік. — Я адданы і верны ўсім, каму абавязаны адданасцю і вернасцю. І перш чым пачаць іншую размову, я хачу падзякаваць вам і сэру Оліверу. Вы абодва больш за ўсіх маеце правоў на мяне. Я быў бы сабакам, калі б забыў аб гэтым.

— Гаварыць ты ўмееш, — сказаў сэр Дэніэл. І, раптоўна разлютаваўшыся, працягваў: — Удзячнасць і вернасць — гэта словы, Дзік Шэлтан. Мне патрэбны не словы, а справы. У гэты час, калі мне пагражае небяспека, калі імя маё заплямлена, калі землі мае канфіскаваны, калі лясы поўныя людзей, якія чакаюць маёй пагібелі, — дзе твая ўдзячнасць, дзе вернасць? У мяне застаўся маленькі атрад адданых людзей. А ты атручваеш ім сэрцы каварнымі нашэптваннямі. Гэта што — удзячнасць? Або вернасць? Збаў мяне ад такой удзячнасці! Але ж чаго ты хочаш! Кажы! Мы на ўсё гатовы даць табе адказ. Калі ты што-небудзь маеш супраць мяне, скажы аб гэтым шчыра.

— Сэр, — адказаў Дзік, — я быў немаўлём, калі загінуў мой бацька. Да майго слыху дайшло, што ён быў ганебна забіты. Да майго слыху дайшло, — я нічога не хачу ўтойваць, — што вы прымалі ўдзел у яго гібелі. І я павінен шчыра абвясціць вам, што не магу адчуваць сябе спакойным і не магу дапамагаць вам, пакуль не вырашу ўсіх сваіх сумненняў.

Сэр Дэніэл апусціўся на лаўку. Ён падпёр падбародак рукою і пільна глянуў Дзіку ў твар.

— І ты мяркуеш, што я здольны, забіўшы чалавека, зрабіцца апекуном яго сына? — спытаў ён.

— Даруйце мне, калі адказ мой будзе не зусім ветлівым, — сказаў Дзік. — Але ж вы выдатна ведаеце, што быць апекуном вельмі выгадна. Хіба ўсе гэтыя гады вы не карысталіся маімі даходамі і не кіравалі маімі людзьмі? Хіба вы не разлічваеце атрымаць грошы за мой будучы шлюб? Не ведаю, колькі вы за яго атрымаеце, але сякі-такі даход ён вам прынясе. Яшчэ раз прашу даравання, але, калі вы здольныя былі на такую подласць, як забойства чалавека, які даверыўся вам, чаму ж не ўявіць, што вы маглі здзейсніць і другую подласць, меншую, чым першая?

— У тваім узросце я не быў такім падазроным, — сурова сказаў Дэніэл. — А сэр Олівер, свяшчэннік, як ён мог аказацца вінаватым у такой справе?

— Сабака бяжыць туды, куды яму загадвае гаспадар, — сказаў Дзік. — Усім вядома, што гэты свяшчэннік — ваша паслухмяная прылада. Я, можа быць, гавару занадта вольна, але зараз, сэр Дэніэл, не да ветлівасці. На мае шчырыя пытанні я хачу атрымаць шчырыя адказы. А вы мне нічога не адказваеце! Вы, замест таго каб адказваць, задаеце мне пытанні. Папярэджваю вас, сэр Дэніэл: такім шляхам вы не рассееце маіх сумненняў, а толькі падтрымаеце іх.

— Я дам табе праўдзівы адказ, майстар Рычард, — сказаў рыцар. — Я быў бы няшчыры, калі б утаіў, што ты разгневаў мяне. Але нават у гневе я хачу быць справядлівым. Прыйдзі да мяне з гэтымі пытаннямі, калі ты дасягнеш паўналецця і рукі мае не будуць больш звязаны апякунствам над табою. Прыйдзі да мяне тады, і я дам табе адказ, якога ты заслугоўваеш, — кулаком у зубы. А да таго часу ў цябе ёсць два выйсці: або вазьмі назад свае знявагі, трымай язык за зубамі і змагайся за чалавека, які карміў цябе і змагаўся за цябе, калі ты быў малы, або — дзверы адчынены, лясы поўныя маіх ворагаў — ідзі!

Энергія, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, позірк, якім яны суправаджаліся, — усё гэта пахіснула Дзіка, аднак ён не мог не заўважыць, што не атрымаў адказу на сваё пытанне.

— Я ад усёй душы хачу паверыць вам, сэр Дэніэл, — сказаў ён. — Пераканайце мяне, што вы не прымалі ўдзелу ў забойстве майго бацькі.

— Ці задаволіць цябе маё слова гонару, Дзік? — спытаў рыцар.