Выбрать главу

— Я зрабіў выбар, — адказаў свяшчэннік. — Хай даруе мне Бог, я выбіраю зло дзеля дабра. Я дам клятву, каб выратаваць хлапчаня.

— Так яно лепш! — сказаў сэр Дэніэл. — Паклічце яго ды хутчэй. Вы застанецеся з ім сам-насам. Але я вока з вас не спушчу. Я буду тут, у тайніку.

Рыцар прыўзняў дыван, які вісеў на сцяне, і ступіў за яго. Пачуўся звон сталёвай спружыны, затым скрып прыступак.

Сэр Олівер, застаўшыся адзін, спалохана паглядзеў на завешаную дываном сцяну і перахрысціўся з журбою і жахам у позірку.

— Калі яго пасялілі ў пакоі над капліцай, — прамармытаў ён, — я павінен выратаваць яго нават цаной маёй душы.

Праз тры хвіліны з'явіўся Дзік, якога прывёў ганец. Сэр Олівер стаяў каля стала рашучы і бледны.

— Рычард Шэлтан, — сказаў ён, — ты патрабаваў у мяне клятву. Гэтае тваё патрабаванне для мяне зневажальнае, і я маю поўнае права табе адмовіць. Але, помнячы нашы ранейшыя адносіны, я змякчыў сваё сэрца; хай будзе па-твойму. Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не забіваў твайго бацькі.

— Сэр Олівер, — адказаў Дзік, — прачытаўшы першае пасланне Джона Помшчу-за-ўсіх, я не засумняваўся ў вашай невінаватасці. Але цяпер дазвольце задаць вам два пытанні. Вы не забівалі майго бацькі, веру. Але, можа, вы прымалі ўскосны ўдзел у гэтым забойстве?

— Ніякага, — сказаў сэр Олівер.

І раптам твар яго таргануўся. Ён перасцерагальна падміргнуў Дзіку. І Дзік зразумеў, што гэтым падміргваннем свяшчэннік хоча сказаць яму штосьці такое, чаго не смее вымавіць уголас.

Дзік зірнуў на яго са здзіўленнем; потым павярнуўся і ўважліва агледзеў усю пустую залу.

— Што з вамі? — спытаў ён.

— Нічога, — адказаў свяшчэннік, спрабуючы надаць твару спакойны выраз. — Мне блага; я не зусім здаровы. Выбачайце, Дзік… мне трэба выйсці… Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не выдаваў і не забіваў твайго бацькі. Супакойся, добры хлопчык. Бывай!

І з неўласцівай яму паспешлівасцю ён выйшаў з залы.

Уважлівы позірк Дзіка слізгаў па сценах; на твары ў яго адно за адным адбіваліся самыя супярэчлівыя пачуцці: здзіўленне, сумненне, падазрэнне, радасць. Але мала-памалу, па меры таго як розум яго прасвятляўся, падазрэнні перамаглі; неўзабаве ён быў ужо зусім упэўнены ў самым горшым. Ён узняў галаву і ўздрыгнуў. На дыване, што закрываў сцяну, была выткана выява лютага паляўнічага. Адной рукой ён трымаў рог, у які трубіў; у другой трымаў дзіду. Твар у яго быў чорны, таму што ён адлюстроўваў афрыканца.

Вось гэты афрыканец і напалохаў Рычарда Шэлтана. Сонца, якое сляпуча зіхацела ў вокнах залы, зайшло за хмарку. Акурат у гэтае імгненне агонь у каміне ярка ўспыхнуў, асвятліўшы столь і сцены, што да гэтага часу былі ахутаны паўзмрокам. І раптам чорны паляўнічы міргнуў вокам, як жывы; і павека ў яго было белым.

Дзік, не адрываючыся, глядзеў у гэтае страшнае вока. Пры святле агню яно зіхацела, як каштоўны камень; яно было вільготнае, яно было жывое. Белае павека зноў закрыла яго на нейкую долю секунды і зноў паднялося. Затым вока знікла.

Ніякага сумнення не заставалася. Гэта было жывое вока, якое ўвесь час назірала за ім праз дзірачку ў дыване.

Дзік імгненна зразумеў усю жахлівасць свайго становішча. Усё сведчыла аб адным і тым жа — і перасцеражэнні Хэтча, і падміргванні свяшчэнніка, і гэтае вока, якое назірала за ім са сцяны. Ён зразумеў, што яго падверглі выпрабаванню, што ён зноў выдаў сябе і што толькі цуд можа выратаваць яго ад пагібелі.

«Калі мне не ўдасца выслізнуць з гэтага дома, — падумаў ён, — я кончаны чалавек! Бядак Мэтчэм! Я завёў яго ў змяінае гняздо!»

Ён яшчэ раздумваў, калі раптам з'явіўся слуга, каб дапамагчы яму перацягнуць зброю, вопратку і кнігі ў другі пакой.

— У другі пакой? — перапытаў Дзік. — Навошта? У які пакой?

— У пакой над капліцай, — адказаў слуга.

— У ім даўно ніхто не жыў, — сказаў Дзік задумліва. — Што гэта за пакой?

— Добры пакой, — адказаў слуга. — Але кажуць, — дадаў ён, панізіўшы голас, — што ў ім з'яўляецца прывід.

— Прывід? — паўтарыў Дзік, халаднеючы. — Не чуў! Чый прывід?

Слуга ўважліва агледзеўся, потым сказаў ледзь чутным шэптам:

— Прывід дзяка царквы святога Іаана. Яго паклалі аднойчы спаць у тым пакоі, а раніцай — ф'юць! — ён знік. Кажуць, яго ўкраў сатана; звечара ён быў вельмі п'яны.

Дзік, перапоўнены самымі змрочнымі прадчуваннямі, пайшоў за слугою.