Выбрать главу

Раздзел III

Пакой над капліцай

Дазорцы на вежах больш ніякіх здарэнняў не адзначылі. Сонца паволі паўзло на захад і нарэшце зайшло. Нягледзячы на пільнасць вартавых, паблізу Тэнстолскага замка не ўдалося заўважыць ніводнага чалавека.

Калі надышла ноч, Трогмортана завялі ў кутні пакой, акно якога знаходзілася якраз над ровам. Праз гэтае акно ён з усімі перасцярогамі вылез; некалькі імгненняў чуцен быў толькі ўсплеск вады, потым на супрацьлеглым беразе ўзнікла цёмная фігура і папаўзла прэч па траве. Сэр Дэніэл і Хэтч уважліва прыслухоўваліся яшчэ паўгадзіны. Вакол было ціха. Ганец паспяхова выбраўся з замка.

Сэр Дэніэл павесялеў. Ён павярнуўся да Хэтча.

— Бенет, — сказаў ён, — гэты Джон Помшчу-заўсіх звычайны смертны. Ён спіць. І мы яго прыкончым.

Увесь вечар Дзіка пасылалі то туды, то сюды; адзін загад ішоў за другім. Дзік быў здзіўлены колькасцю даручэнняў і паспешлівасцю, з якой трэба было выконваць іх. За ўвесь гэты час ён ні разу не сустрэў ні сэра Олівера, ні Мэтчэма, а між тым ён увесь час думаў аб іх абодвух. Цяпер ён марыў толькі аб адным — як мага хутчэй уцячы з Тэнстолскага замка Мот, але яму хацелася перад уцёкамі паразмаўляць з сэрам Оліверам і з Мэтчэмам.

Нарэшце, з лямпай у руцэ, ён падняўся ў свой новы пакой. Пакой быў прасторны, з нізкай столлю, даволі змрочны. За акном быў роў; нягледзячы на тое, што акно гэтае знаходзілася вельмі высока, у яго былі ўстаўлены жалезныя краты. Пасцель аказалася цудоўнай: адна падушка была набіта пухам, другая — лавандай; на чырвонай коўдры былі вышыты ружы. Уздоўж сцен стаялі шафы, замкнутыя на ключ і завешаныя цёмнымі дыванамі. Дзік абышоў увесь пакой, прыўзняў кожны дыван, абмацаў кожную сцяну, паспрабаваў адчыніць кожную шафу. Ён пераканаўся, што дзверы моцныя і што зачыняюцца яны на добрую засаўку; потым паставіў лямпу на падстаўку і зноў агледзеў усё.

Дзеля чаго яго пасялілі ў гэтым пакоі? Ён большы і лепшы, чым яго ранейшы. Ці, можа, гэта пастка? Ці няма тут патайнога ўвахода? Ці праўда, што тут водзіцца прывід? Па спіне ў яго захадзілі мурашы. Проста над яго галавою, на пляскатым даху, чуліся цяжкія крокі вартавога. Унізе былі скляпенні капліцы; побач з капліцай знаходзілася зала, з якой, безумоўна, вёў патайны ход; калі б там не было патайнога хода, як бы магло тое вока сачыць за Дзікам з-за дывана? Зусім верагодна, што ход вядзе ў капліцу, а з капліцы сюды, у гэты пакой.

Ён адчуваў, што спаць у такім пакоі — вар'яцтва. Трымаючы зброю напагатове, ён сеў у куце каля дзвярэй. Калі на яго нападуць, ён дорага прадасць сваё жыццё.

Наверсе, на даху вежы, пачуўся тупат ног, потым чыйсьці голас спытаў пароль. Гэта змяніўся каравул.

І адразу ж Дзік пачуў, як хтосьці скрабецца ў яго дзверы; да яго даляцеў шэпт:

— Дзік, Дзік, гэта я!

Дзік адапхнуў засаўку, адчыніў дзверы і ўпусціў Мэтчэма. Мэтчэм быў вельмі бледны; у адной руцэ ён трымаў лямпу, а ў другой кінжал.

— Зачыні дзверы! — прашаптаў ён. — Хутчэй, Дзік! Замак поўны шпіёнаў. Я чуў, як яны ішлі за мной па калідорах, я чуў іх дыханне за дыванамі.

— Супакойся, — адказаў Дзік, — дзверы зачынены. Пакуль мы ў бяспецы. Зрэшты, сярод гэтых сцен быць у бяспецы немагчыма… Я вельмі рады цябе бачыць! Клянуся небам, я думаў, што цябе ўжо няма жывога. Дзе цябе хавалі?

— Ці не ўсё роўна, — адказаў Мэтчэм. — Мы з табой спаткаліся, а ўсё астатняе не мае значэння. Але, Дзік, ці ведаеш ты, што цябе чакае? Табе сказалі, што яны збіраюцца зрабіць з табою заўтра?

— Заўтра? — перапытаў Дзік. — Што яны збіраюцца рабіць заўтра?

— Заўтра або сягоння ноччу, не ведаю, — сказаў Мэтчэм. — Я ведаю толькі, што яны збіраюцца забіць цябе. Ведаю з поўнай дакладнасцю: я чуў, як яны шапталіся аб гэтым. Яны амаль прама мне аб гэтым гаварылі.

— Вось як! — сказаў Дзік. — Па праўдзе сказаць, я і сам здагадваўся.

І ён расказаў Мэтчэму ўсё, што здарылася з ім за дзень.

Калі ён скончыў, Мэтчэм падняўся і гэтак жа, як Дзік, абмацаў сцены.

— Не, — сказаў ён, — не відаць ніякага ўвахода. А між тым я не сумняваюся, што ўваход ёсць. Дзік, я застануся з табою. І калі ты памрэш, я памру з табою. Я магу дапамагчы табе, бачыш, я ўкраў кінжал! Я буду біцца! А калі ты адшукаеш які-небудзь лаз, праз які можна выпаўзці, альбо акно, праз якое можна спусціцца, я з радасцю сустрэну любую небяспеку і ўцяку з табой.

— Джон, — сказаў Дзік, — клянуся небам, Джон, ты самы лепшы, самы верны і самы храбры чалавек ва ўсёй Англіі! Дай мне руку, Джон.

І ён моўчкі ўзяў Мэтчэма за руку.

— Каб нам як дабрацца да акенца, праз якое спусцілі ганца! — сказаў ён. — Вяроўка, хутчэй за ўсё, яшчэ там. Гэта ўсё-такі нейкая надзея.