Выбрать главу

— Мы выратаваны! — усклікнуў Дзік.

Ён схапіў абедзвюма рукамі старадаўні ложак і паспрабаваў зрушыць яго з месца, але ён не паддаваўся.

— Дапамажы мне, Джон, — сказаў ён. — Калі табе дарагое жыццё, збяры ўсе свае сілы і дапамажы мне!

З вялікай цяжкасцю зрушылі яны цяжкі дубовы ложак і прыставілі яго да дзвярэй.

— Так яшчэ горш, — сумна сказала Джаана. — Ён прыйдзе да нас цераз патайны ход.

— Не, — адказаў Дзік. — Ён не рашыцца выдаць тайну гэтага хода сваім воінам. Мы самі ўцячом гэтым ходам… Слухай! Напад скончыўся. Ды, бадай, і не было ніякага нападу.

Сапраўды, ніякага нападу не было; проста група воінаў, якая страціла сэра Дэніэла ў час бітвы пры Райзінгэме, вярнулася нарэшце ў замак. Цемра дапамагла ім прайсці праз лес. Іх упусцілі ў браму, і цяпер яны ў двары злазілі з коней пад стук капытоў і звон даспехаў.

— Ён зараз вернецца, — сказаў Дзік. — Хутчэй у патайны ход!

Ён запаліў лямпу, і яны прайшлі ў кут пакоя. Шчыліну адшукаць было няцяжка, таму што праз яе ўсё яшчэ прасочвалася слабае святло. Дзік выбраў самы моцны меч, уставіў яго ў шчыліну і з усёй сілы налёг на дзяржанне. Дошка паддалася і прыўзнялася. Ухапіўшыся за яе рукамі, яны зрушылі яе зусім.

За ёю відаць было некалькі прыступак, на адной з якіх стаяла лямпа, забытая тым, хто прыходзіў забіць Дзіка.

— Ідзі наперад, — сказаў Дзік, — і захапі лямпу. Я пайду за табою і зачыню дзверы.

Яны рушылі ў дарогу. Ледзь Дзік ляпнуў за сабою люкам, як зноў пачуліся грамавыя ўдары, — гэта выбівалі дзверы яго пакоя.

Раздзел IV

Патайны ход

Дзік і Джаана апынуліся ў вузкім, брудным і кароткім калідоры. На другім яго канцы былі напаўадчыненыя дзверы — безумоўна, тыя самыя, якія адмыкаў ключом забойца. Са столі звешвалася густая павуціна; самы лёгкі стук крокаў гулка разлягаўся па каменнай падлозе.

За дзвярыма ход раздвойваўся пад прамым вуглом; Дзік павярнуў наўдачу, і яны памчаліся вакол купала капліцы. Пры слабым мігценні лямпы выгнуты купал здаваўся падобным на спіну кіта. Штохвіліны ім трапляліся адтуліны для падглядвання, схаваныя знутры разьбой карніза. Заглянуўшы ў адну з гэтых адтулін, Дзік убачыў каменную падлогу капліцы, алтар з запаленымі васковымі свечкамі і распасцёртага на прыступках перад алтаром сэра Олівера, які маліўся, узняўшы рукі.

Яны абмінулі купал і спусціліся па кароткай лесвіцы. Праход стаў вузейшы. Адна са сцен была драўляная; праз шчыліны сачылася святло і чуўся гул галасоў. Раптоўна Дзік заўважыў круглую дзірачку велічынёй з вока. Ён заглянуў у гэтую дзірачку і ўбачыў залу; шасцёра мужчын у латах сядзелі вакол стала, елі паштэт з дзічыны, прагна запіваючы яго віном. Гэта, відавочна, былі воіны, якія толькі што вярнуліся.

— Тут нам не прайсці, — сказаў Дзік, — паспрабуем вярнуцца.

— Пастой, — спыніла яго Джаана, — можа, там далей ёсць выхад.

І яна пайшла наперад. Але праз некалькі ярдаў праход скончыўся маленькай лесвічкай, і стала зразумела, што, пакуль воіны сядзяць у зале, схавацца гэтым шляхам немагчыма.

Яны з усіх ног пабеглі назад і ўзяліся абследаваць другі праход. Праход гэты быў надзвычай вузкі — праз яго з цяжкасцю ўдавалася праціснуцца; даводзілася бесперастанку падымацца і спускацца па маленькіх лесвічках, на якіх кожную хвіліну яны рызыкавалі зламаць сабе шыю. Нарэшце нават Дзік страціў усялякае ўяўленне аб тым, дзе яны знаходзяцца.

І без таго вузкі праход рабіўся ўсё вузейшы і ніжэйшы; прыступкі вялі ўніз; сцены былі сырыя і ліпкія; аднекуль здалёк чуўся піск пацукоў.

— Мы ў падзямеллі, — сказаў Дзік.

— А выхаду ўсё няма, — дадала Джаана.

— Тут павінен быць выхад! — адказаў Дзік.

Калідор крута павярнуў і праз два-тры крокі скончыўся. У канцы яго было некалькі прыступак, якія вялі наверх. Велізарная каменная пліта перагарадзіла ім шлях; яны з усіх сіл спрабавалі зрушыць яе. Пліта не паддавалася.

— Хтосьці трымае яе, — сказала Джаана.

— Не, — не згадзіўся Дзік. — Нават калі б яе трымаў чалавек у дзесяць разоў дужэйшы за нас, яна хоць крыху, а паддалася б. Але яна нерухомая, як скала. Яна прыціснута чымсьці цяжкім. Тут няма выхада; і павер мне, добры Джон, мы з табой тут палоннікі, усё роўна, як калі б у нас былі кайданы на нагах. Давай сядзем і пагаворым. Трохі счакаўшы, мы вернемся; можа, да таго часу яны забудуць пра нас і нам удасца ўцячы. Але, шчыра сказаць, я пабойваюся, што мы прапалі.