Выбрать главу

— Я даўно б адсюль пайшоў, калі б ведаў як, — сказаў Дзік. — Я не магу зрушыць пліту.

— Суньце руку ў кут і памацайце там, — адказаў Бенет. — А вяроўка Трогмортана ўсё яшчэ ў карычневым пакоі. Бывайце!

Хэтч павярнуўся і знік за паваротам калідора.

Дзік зараз жа ўзяў лямпу і паслухаўся яго парады. У куце аказалася глыбокая западзіна. Дзік сунуў у яе руку, намацаў жалезны прут і моцна тузануў яго. Пачуўся скрып, і каменная пліта раптоўна зрушылася.

Шлях быў свабодны. Яны без асаблівай цяжкасці адчынілі вечка люка і трапілі ў пакой са скляпеністай столлю, якая выходзіла ў двор, дзе два чалавекі, закасаўшы рукавы, чысцілі коней тых воінаў, што нядаўна прыбылі ў замак. Іх асвятлялі дрыготкім святлом два факелы, устаўленыя ў жалезныя кольцы на сцяне.

Раздзел V

Як Дзік перайшоў на другі бок

Дзік патушыў лямпу, каб не прыцягваць увагі, падняўся наверх і пайшоў па калідоры. У карычневым пакоі ён знайшоў вяроўку, прывязаную да незвычайна цяжкага старадаўняга ложка. Дзік падышоў да акна і пачаў паволі і асцярожна апускаць вяроўку ў начную цемру. Джаана стаяла побач з ім. Вяроўка апускалася без канца. Мала-памалу страх пахіснуў рашучасць Джааны.

— Дзік, — сказала яна, — няўжо тут так высока? У мяне не хопіць смеласці спусціцца. Я абавязкова ўпаду, добры Дзік.

Дзік уздрыгнуў і выпусціў маток з рук. Канец вяроўкі з плёскатам упаў у роў. І адразу ж вартавы на вежы гучна крыкнуў:

— Хто ідзе?

— А каб на цябе ліха! — усклікнуў Дзік. — Усё прапала. Хутчэй! Хапайся за вяроўку і лезь уніз!

— Я не магу, — прашаптала яна і адхіснулася.

— Калі ты не можаш, не магу і я, — сказаў Шэлтан. — Як я пераплыву роў без тваёй дапамогі? Значыць, ты кідаеш мяне?

— Дзік, — прамовіла яна, задыхаючыся, — я не магу. У мяне няма сілы.

— Тады мы абое загінулі, клянуся небам! — крыкнуў ён, тупнуўшы нагой.

Ён пачуў крокі, што набліжаліся, і кінуўся да дзвярэй, спадзеючыся зачыніць іх.

Але перш чым ён паспеў зрушыць засаўку, чыесьці дужыя рукі з другога боку націснулі на дзверы. Ён змагаўся не болей секунды; затым, адчуваючы сябе пераможаным, кінуўся назад, да акна. Дзяўчына стаяла каля акна, прыхіліўшыся да сцяны; яна была амаль у непрытомным стане. Дзік паспрабаваў падняць яе, але яна бездапаможна павісла ў яго на руках усім целам, як мёртвая.

Людзі, якія перашкодзілі яму зачыніць дзверы, кінуліся на яго. Аднаго ён закалоў кінжалам; астатнія на імгненне бязладна адступілі. Ён скарыстаў сумятню, ускочыў на падаконнік, схапіўся абедзвюма рукамі за вяроўку і слізгануў уніз.

На вяроўцы было шмат вузлоў; яны вельмі аблягчалі спуск, але Дзік так спяшаўся і быў такі нявопытны ў падобных практыкаваннях, што разгойдваўся ў паветры, быццам злачынец на шыбеніцы. То галавой, то рукамі стукаўся ён аб няроўную каменную сцяну. У вушах у яго шумела. Над сабой ён бачыў зоркі, унізе таксама былі зоркі, якія адлюстроўваліся ў вадзе рова і дрыжалі, нібы сухое лісце перад бурай. Потым вяроўка выслізнула ў яго з рук, і ён упаў у ледзяную ваду.

Вынырнуўшы на паверхню, ён злавіў вяроўку, якая ўсё яшчэ разгойдвалася з боку ў бок. Высока над ім, на макаўцы зубчастай вежы, ярка палалі факелы. Барвовае іх зіхаценне асвятляла твар воінаў, якія стоўпіліся за каменнымі зубцамі. Ён бачыў, як яны ўглядваліся ў цемру, стараючыся знайсці яго; але ён быў далёка ўнізе, туды святло не дасягала, і яны шукалі яго дарэмна.

Трымаючыся за вяроўку, што падалася яму дастаткова доўгай, Дзік сяк-так паплыў цераз роў да супрацьлеглага берага. Ён праплыў палавіну шляху, як раптам адчуў, што вяроўка скончылася і наструнілася; яна цягнула яго назад. Выпусціўшы вяроўку, ён з усіх сіл узмахнуў рукамі, спрабуючы ўхапіцца за галіны вярбы, што звісалі над вадою; гэта была тая самая вярба, якая некалькі гадзін назад дапамагла ганцу сэра Дэніэла выбрацца на бераг. Ён апусціўся ў ваду, вынырнуў, зноў апусціўся, зноў вынырнуў, і толькі тады яму ўдалося ўхапіцца за галіну. З хуткасцю маланкі ён ускарабкаўся на дрэва і прыціснуўся да ствала. Вада цурчала па яго вопратцы, ён цяжка дыхаў, усё яшчэ не верачы, што яму ўдалося выратавацца.

Усплёск вады выдаў яго воінам, якія сабраліся на вежы. Стрэлы, працінаючы цемру, сыпаліся вакол як град; з вежы шпурнулі факел; ён бліснуў у паветры і ўпаў каля самай вады, ярка асвяціўшы ўсё кругом. Зрэшты, на шчасце Дзіка, факел падскочыў, перавярнуўся, плюхнуўся ў ваду і патух.

Аднак ён зрабіў сваю справу. Стралкі паспелі разгледзець і вярбу і Дзіка, які схаваўся ў галінах. І хаця Дзік, саскочыўшы на зямлю, з усіх ног пусціўся прэч, яму не ўдалося ўцячы ад стрэл. Адна страла закранула яго плячо, другая параніла ў галаву.