Выбрать главу

Боль падганяў яго, і Дзік пабег яшчэ шпарчэй. Ён выбраўся на роўнае месца і памчаўся ў цемры, не думаючы аб напрамку.

Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але хутка ён апынуўся па-за іх дасягальнасцю. Калі Дзік спыніўся і азірнуўся, ён быў ужо далёка ад замка Мот; аднак факелы, якія бязладна рухаліся на сцяне замка, усё яшчэ былі бачны.

Ён прыхінуўся да дрэва; кроў і вада струменіліся з яго вопраткі; ён быў адзін, без таварыша, зняможаны ад сінякоў і ран. Але ўсё ж яму ўдалося ўцячы ад смерці на гэты раз. За тое, што Джаана засталася ў руках сэра Дэніэла, ён сябе не дакараў; у гэтым быў вінаваты выпадак, папярэдзіць які было звыш яго волі; да таго ж ён не вельмі баяўся за яе лёс, — сэр Дэніэл жорсткі, але ён не асмеліцца кепска абыходзіцца з дзяўчынай высакароднага паходжання, магутныя заступнікі якой могуць заклікаць яго да адказу. Верагодней за ўсё, ён будзе старацца як можна хутчэй выдаць яе замуж за каго-небудзь са сваіх сяброў.

«Ну, — думаў Дзік, — да таго часу я яшчэ паспею ўтаймаваць гэтага здрадніка. Цяпер мне ўжо няма за што быць яму ўдзячным і я вольны ад усялякіх перад ім абавязацельстваў. Тады я магу варагаваць з ім адкрыта, а ў адкрытай вайне ў кожнага аднолькавы шанс на перамогу».

Пакуль жа ён знаходзіўся ў самым сумным становішчы.

Ён сяк-так брыў праз лес. Раны яго смылелі, вакол было цёмна, ногі чапляліся за густыя зараснікі, думкі блыталіся, і неўзабаве ён быў вымушаны сесці на зямлю і прыхінуцца да дрэва.

Калі ён ачуўся ад сну, падобнага на беспрытомнасць, ноч ужо змянілася перадсвітальнымі прыцемкамі. Халаднаваты ветрык шумеў у лістоце. Гледзячы спрасонку прама перад сабою, Дзік заўважыў, што на адлегласці прыкладна ста ярдаў ад яго штосьці цёмнае разгойдваецца ў галінах. Між тым у лесе пачало прыкметна святлець. Свядомасць Дзіка таксама праяснілася, і ён, нарэшце, зразумеў, што гэта чалавек, павешаны на суку высокага дуба. Галава павешанага была апушчана на грудзі; пры кожным парыве ветру цела яго разгойдвалася, а рукі і ногі тузаліся, як у цацачнага танцора.

Дзік з цяжкасцю падняўся на ногі; хістаючыся, хапаючыся за ствалы дрэў, ён падышоў да павешанага. Сук тырчаў прыблізна за дваццаць футаў ад зямлі, і бядак быў падняты сваімі катамі так высока, што Дзік не мог дастаць рукою нават да яго ботаў; твар яго ў дадатак быў закрыты капюшонам, таму Дзік ніяк не мог пазнаць, хто ён такі.

Дзік паглядзеў направа, налева і заўважыў, што другі канец вяроўкі прывязаны да ўкрытага кветкамі куста глогу, які рос пад густою засенню дуба. Юнак выцягнуў кінжал — адзіную сваю зброю — і перарэзаў вяроўку; труп з глухім стукам упаў на зямлю.

Дзік прыўзняў капюшон; гэта быў Трогмортан, ганец сэра Дэніэла. Недалёка ўдалося яму адысці ад замка! З-пад яго курткі тырчала нейкая папера, якую, відавочна, не заўважылі малайцы «Чорнай стралы». Дзік выцягнуў яе; то было пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.

«Калі зноў будзе пераварот, — падумаў Дзік, — вось гэтым пісьмом я зняслаўлю сэра Дэніэла і, можа, нават прывяду яго на плаху». Ён сунуў паперу сабе за пазуху, прачытаў над мёртвым малітву і пабрыў далей праз лес.

Ён быў вельмі слабы і адчуваў сябе страшэнна стомленым; ногі ў яго падгіналіся; ад страты крыві ў вушах звінела, ён раз-пораз траціў прытомнасць. Доўга кружыўся і блудзіў Дзік, але нарэшце выйшаў на вялікую дарогу і апынуўся непадалёку ад вёскі Тэнстол.

Грубы голас загадаў яму спыніцца.

— Спыніцца? — паўтарыў Дзік. — Клянуся небам, я амаль падаю.

І ў пацвярджэнне сваіх слоў ён зваліўся на дарогу.

З гушчару выйшлі двое мужчын, абодва ў зялёных лясных куртках, абодва з лукамі, калчанамі і кароткімі мячамі.

— Лоўлес, — сказаў маладзейшы, — гэта ж сын Гары Шэлтана!

— Ага, Джон Помшчу-за-ўсіх будзе задаволены, — сказаў другі. — Э, ды ён пабываў у баі. На галаве ў яго рана, ён страціў нямала крыві.

— Плячо таксама прабіта, — дадаў Грыншыў. — Яму, відаць, здорава перапала. Як ты думаеш, хто гэта яго так адхвастаў? Калі хто-небудзь з нашых, дык няхай моліцца Богу: Эліс узнагародзіць яго кароткай споведдзю і доўгай вяроўкай.

— Падымай шчанюка, — сказаў Лоўлес. — Кладзі мне яго на спіну.

Закінуўшы Дзіка сабе на плечы і трымаючы яго за рукі, былы манах дадаў:

— Заставайся на варце, брат Грыншыў. Я дацягну яго адзін.

Грыншыў вярнуўся ў засаду каля дарогі, а Лоўлес марудна пабрыў уніз па схіле пагорка, несучы на плячах Дзіка, які так і не апрытомнеў. Сонца ўжо ўзышло, калі Лоўлес выбраўся на ўскраек лесу і ўбачыў за ярам вёску Тэнстол. Усё, здавалася, было спакойным, толькі з абодвух бакоў дарогі каля самага моста ляжалі стралкі; іх было чалавек дзесяць. Убачыўшы Лоўлеса з яго ношай, яны, як і належыць сапраўдным вартавым, нацягнулі лукі.