Кніга трэцяя
МІЛОРД ФОКСГЭМ
Раздзел I
Дом на беразе
З таго дня, калі Рычард Шэлтан вырваўся з рук свайго апекуна, прайшло некалькі месяцаў. Нямала падзей, даволі важных для Англіі, адбылося за гэтыя некалькі месяцаў. Ланкастэрская партыя, якая амаль ужо загінула, зноў падняла галаву. Прыхільнікі Йоркскага дома былі разбіты, іх правадыр засечаны насмерць, і да зімы ўжо здавалася, што Ланкастэрскаму дому ўдалося ўзвысіцца над усімі сваімі ворагамі. Невялікі гарадок Шорбі-на-Ціле быў поўны ланкастэрскіх вяльможаў, што з'ехаліся з ваколіц. Былі тут і граф Райзінгэм з трыма сотнямі воінаў, і лорд Шорбі з дзвюма сотнямі, і сам сэр Дэніэл, магутны, як раней, разбагацелы ад новых канфіскацый; ён жыў ва ўласным доме на галоўнай вуліцы з шасцю дзесяткамі воінаў. Словам, адбыўся новы пераварот.
Быў цёмны студзеньскі вечар; дзьмуў вецер, мароз рабіўся ўсё мацнейшы; да раніцы можна было чакаць снегу.
У невялікай карчомцы, размешчанай у адным з завулкаў, што вялі ў гавань, сядзелі тры чалавекі, запіваючы элем наспех прыгатаваную яечню. Гэта былі дужыя здаровыя людзі з абветранымі тварамі, з моцнымі рукамі, са смелымі вачыма; і хаця яны былі апрануты, як простыя сяляне, нават п'яны салдат падумаў бы двойчы, перш чым пачаць з імі сварку.
Непадалёку ад іх перад ярка палаючым камінам сядзеў малады чалавек, амаль хлопчык; хаця ён таксама быў апрануты па-сялянску, відаць было, што ён чалавек добрага паходжання і варты насіць шпагу.
— Мне гэта не падабаецца, — сказаў адзін з тых, што сядзелі за сталом. — Усё скончыцца кепска. Тут не месца для вясёлых хлопцаў. Вясёлыя хлопцы любяць вёску, густы лес і каб вакол было не надта многа ворагаў; а горад імі кішма кішыць. І вось убачыце, раніцай яшчэ, як на бяду, снег пойдзе.
— А ўсё дзеля майстра Шэлтана, — сказаў другі і кіўнуў на юнака, які сядзеў перад агнём.
— Я на многае згодзен дзеля майстра Шэлтана, — запярэчыў першы. — Але трапіць дзеля яго на шыбеніцу — не, братва, я не жадаю!
Дзверы карчмы расчыніліся; якісьці чалавек забег у пакой і падышоў да юнака, што сядзеў перад агнём.
— Майстар Шэлтан, — сказаў ён, — сэр Дэніэл выйшаў з дому з двума факельшчыкамі і чатырма стралкамі.
Дзік (то быў наш юны друг) адразу падхапіўся.
— Лоўлес, — сказаў ён, — ты зменіш Джона Кэпера на назіральным пасту. Грыншыў, ідзі за мною. Кэпер, вядзі нас. Мы не адстанем ад сэра Дэніэла ні на крок, хоць бы ён ішоў да самага Йорка.
Праз імгненне ўсе пяцёра былі на цёмнай вуліцы. Кэпер — так звалі новапрыбыўшага — паказаў ім два факелы, якія трапяталіся ўдалечыні ад ветру.
Горад ужо моцна спаў; непрыкметна рухацца за маленькім атрадам па пустых вуліцах было зусім няцяжка. Факельшчыкі крочылі наперадзе; за імі ішоў чалавек у доўгім, раскрыленым на ветры плашчы; ззаду крочылі стралкі, трымаючы лукі напагатове. Па крывых, заблытаных завулках яны хутка рухаліся да берага.
— Ён кожную ноч ходзіць у той бок? — шэптам спытаў Дзік.
— Трэцюю ноч запар, майстар Шэлтан, — адказаў Кэпер. — І кожны раз у адзін і той жа час; і заўсёды з вельмі маленькай світай, быццам хоча, каб аб гэтым ведала як найменш народу.
Сэр Дэніэл і яго спадарожнікі выйшлі на ўскраіну горада. Шорбі не быў абнесены сцяной, і, хаця ланкастэрскія лорды, што заселі ў ім, трымалі каравулы на ўсіх вялікіх дарогах, з яго можна было выйсці маленькімі завулачкамі або нават проста праз поле.
Завулак, па якім ішоў сэр Дэніэл, раптоўна скончыўся. Наперадзе ўзвышалася пясчаная дзюна, а збоку шумеў марскі прыбой. Тут не было ні вартавых, ні агнёў.
Дзік і абодва яго спадарожнікі амаль параўняліся з сэрам Дэніэлам. Гарадскія пабудовы скончыліся, і ўдалечыні яны ўбачылі факел, што рухаўся ім насустрач.
— Эге, — сказаў Дзік. — Тут пахне здрадай!
Тым часам сэр Дэніэл спыніўся. Факелы ўторкнулі ў пясок, а людзі леглі побач, быццам чакаючы кагосьці.
Тыя, каго яны чакалі, наблізіліся. Гэта быў маленькі атрад, які складаўся ўсяго з чатырох чалавек: двух стралкоў, слугі з факелам і джэнтльмена ў плашчы.
— Гэта вы, мілорд? — аклікнуў яго сэр Дэніэл.
— Але, гэта я. Я самы бясстрашны рыцар на свеце, таму што іншыя рыцары змагаюцца з веліканамі, чарадзеямі або язычнікамі, а я не збаяўся схапіцца з гэтым праклятым холадам, які страшней за ўсіх язычнікаў, разам узятых! — адказаў правадыр другога атрада.