Выбрать главу

Дзік падзяліў іх на два няроўныя атрады; маленькі атрад ён узяў сабе, а камандзірам большага прызначыў Грыншыва.

— Слухай, Кіт, — сказаў ён Грыншыву, — пастаў сваіх людзей каля бліжэйшага рога садовай сцяны, якая выходзіць на бераг, і чакай, пакуль не пачуеш, што я пачаў напад з другога боку саду. Я хачу напасці на іх з боку мора, таму што там, верагодна, знаходзіцца іх правадыр. Астатнія разбягуцца. І няхай бягуць. Помніце, хлопцы: страляць не трэба — вы можаце трапіць у сваіх. Спадзявайцеся на свае мячы і толькі на мячы. Калі мы пераможам, я, як толькі вярну сабе свой маёнтак, кожнаму з вас дам па чырвонцу.

Самыя храбрыя і самыя ўмелыя ў ваенным рамястве людзі, што апынуліся сярод гэтых зламаных жыццём людзей — зладзеяў, забойцаў і збяднелых сялян, якіх склікаў да сябе Дэкуорт для ажыццяўлення сваіх помслівых задум, — добраахвотна выправіліся разам з Рычардам Шэлтанам у Шорбі. Ім надакучыла сядзець у горадзе, высочваючы сэра Дэніэла, і многія з іх пачалі ўжо бунтаваць і пагражалі пайсці. Цяпер жа, даведаўшыся, што іх чакае гарачая сутычка і, можа, нават здабыча, яны акрыялі духам і пачалі весела рыхтавацца да бітвы.

Яны скінулі свае доўгія плашчы; пад плашчамі ў іх былі зялёныя кафтаны, а ў іншых — трывалыя скураныя курткі; пад шапкамі многія з іх насілі жалезныя шлемы; узбраенне іх складалася з мячоў, кінжалаў, рагацін і тузіна бліскучых алебард. Такой зброяй можна было змагацца нават з рэгулярнымі войскамі феадалаў. Схаваўшы лукі, калчаны і плашчы ў кустах жаўтазелю, абодва атрады рашуча пайшлі наперад.

Дзік абышоў вакол саду, расставіў шасцярых сваіх воінаў за дваццаць ярдаў ад садовай сцяны і сам стаў перад імі. З дружным крыкам кінуліся яны на ворагаў.

Ворагі былі раскінутыя па вялікай прасторы, яны адубелі ад холаду і, калі іх засталі знянацку, падхапіліся на ногі і разгублена азіраліся. Не паспелі яны акрыяць духам і зразумець, што за сілы ў праціўніка, як з другога канца саду да іх даляцеў такі ж крык. Не сумняваючыся ў сваім паражэнні, яны кінуліся наўцёкі.

Абодва атрады «Чорнай стралы» з двух бакоў падышлі да сцяны, якая цягнулася ўздоўж мора; гэтым яны адрэзалі магчымасць адступлення частцы варожага войска; астатнія варожыя воіны пусціліся наўцёкі хто куды і зніклі ў мораку.

Аднак бітва яшчэ толькі пачыналася. Дзік са сваімі бадзягамі напаў на праціўніка нечакана, і ў гэтым заключалася яго перавага; але тых, хто абараняўся, было намнога больш, чым тых, хто нападаў. Між тым пачаўся прыліў; бераг ператварыўся ў вузкую палоску. У цемры паміж морам і садовай сцяной пачалася лютая сутычка не на жыццё, а на смерць, і цяжка было сказаць, чым яна скончыцца.

Незнаёмцы былі добра ўзброены; яны моўчкі пачалі абараняцца; змаганне раздзялілася на шэраг асобных сутычак. Дзік, які кінуўся ў бітву першы, біўся з трыма ворагамі: аднаго з іх ён зваліў адразу, але двое іншых напалі на яго з такім імпэтам, што ён ледзь было не адступіў. Адзін з гэтых двух нападаючых быў велізарны мужчына, амаль велікан. Трымаючы абедзвюма рукамі вялізны меч, ён размахваў ім, як лёгкай палкай. Змагаючыся з такім даўгарукім праціўнікам, Дзік, узброены алебардай, адчуваў сябе безабаронным; калі б і другі праціўнік нападаў гэтак жа горача, гібель юнака была б непазбежнай. Але гэты другі праціўнік, ніжэйшы ростам і менш жвавы, раптам спыніўся, углядваючыся ў цемру і прыслухоўваючыся да шуму бітвы.

Дзік адступаў перад веліканам, чакаючы зручнага выпадку, каб нанесці ўдар. Лязо велізарнага мяча бліснула над ім і апусцілася. Дзік адхіснуўся ўбок і скочыў уперад, наўдачу секануўшы сваёй алебардай. Пачуўся аглушальны крык і, перш чым паранены паспеў узняць свой страшны меч, Дзік двойчы ўдарыў яго і паваліў на зямлю.

Цяпер у Дзіка застаўся толькі адзін праціўнік, змагацца з якім можна было на роўных умовах. Яны былі амаль аднолькавага росту; праціўнік Дзіка цудоўна валодаў майстэрствам адбіваць удары. Ён быў узброены мячом і кінжалам, а ў Дзіка была толькі алебарда; затое Дзік быў намнога спрытнейшы за яго. Спачатку ні той, ні другі не мог дабіцца перавагі; але старэйшы з праціўнікаў быў больш вопытны за маладога і вёў яго туды, куды хацеў. І раптам Дзік заўважыў, што яны змагаюцца па калені ў вадзе сярод успененых хваляў. Тут увесь яго спрыт стаў непатрэбным — ён быў цалкам ва ўладзе ворага. Таварышы Дзіка былі далёка, а ўмелы праціўнік прымушаў яго адступаць усё далей у мора.

Дзік сціснуў зубы. Ён вырашыў як мага хутчэй скончыць барацьбу, і, калі хваля адхлынула, агаліўшы на імгненне дно, ён кінуўся ўперад, адбіў алебардай удар мяча і схапіў праціўніка за горла. Той паваліўся ніцма, і Дзік упаў на яго; хваля, што зноў набегла, заліла пераможанага. Пакуль ён ляжаў пад вадой, Дзік выхапіў у яго з рук кінжал і падняўся, поўны гонару за сваю перамогу.