Выбрать главу

— Здавайцеся! — сказаў ён. — Дарую вам жыццё.

— Здаюся, — сказаў той, падымаючыся на калені. — Вы змагаецеся, як змагаюцца ўсе зусім яшчэ маладыя людзі, — няўмела і неабдумана, але, клянуся святымі, адважна!

Дзік выйшаў на бераг. Начны бой усё яшчэ працягваўся, і ўсё яшчэ нельга было сказаць, на чыім баку застанецца перамога. Праз гул прыбою чуліся ўдары сталі аб сталь, стогны параненых і пераможныя клікі тых, хто наступаў.

— Завядзіце мяне да свайго камандзіра, малады чалавек, — сказаў пераможаны рыцар. — Пара спыніць гэтую бойню.

— Сэр, — адказаў Дзік, — у гэтых храбрацоў ёсць толькі адзін камандзір, і ён стаіць перад вамі.

— Дык адзавіце сваіх малайцоў, а я загадаю сваім слугам спыніцца, — сказаў пераможаны рыцар.

У яго голасе і манеры трымацца было столькі высакароднасці, што Дзік не баяўся падману.

— Кідайце зброю! — крыкнуў незнаёмы рыцар. — Я здаўся, і мне абяцана жыццё.

Гэта было сказана так уладарна, што бітва заціхла адразу.

— Лоўлес, — крыкнуў Дзік, — ты цэлы?

— Цэлы і здаровы, — адгукнуўся Лоўлес.

— Запалі ліхтар, — загадаў Дзік.

— Хіба тут няма сэра Дэніэла? — спытаў рыцар.

— Сэра Дэніэла? — перапытаў Дзік. — Малю Бога, каб яго тут не было. Калі б ён быў тут, мне давялося б кепска.

— Вам давялося б кепска, высакародны рыцар? — перапытаў нядаўні праціўнік. — Як жа так? Хіба вы не прыхільнік сэра Дэніэла? Клянуся, я нічога не разумею. Навошта ж вы, у такім разе, напалі на мой атрад? З-за чаго нам было сварыцца, мой юны і надзвычай гарачлівы друг? Каб закончыць з усімі непаразуменнямі, адкрыйце мне імя таго дастойнага джэнтльмена, якому я здаўся ў палон.

Але перш чым Дзік паспеў адказаць, зусім побач пачуўся чыйсьці голас. Дзік змог разгледзець у цемры, што ва ўладальніка голасу быў белы з чорнымі палоскамі значок і што ён звяртаўся да свайго начальніка з незвычайнай пашанай.

— Мілорд, — сказаў ён, — калі гэтыя джэнтльмены — ворагі сэра Дэніэла, то, сапраўды, вельмі шкада, што мы ўступілі з імі ў бой. Але будзе яшчэ горш, калі мы застанёмся тут. Людзі, якія каравуляць дом, не памерлі і не аглухлі. Яны не маглі не чуць, як мы тут б'ёмся цэлую чвэрць гадзіны, і ўжо, канечне, паведамілі ў горад; калі мы зараз жа не пойдзем адсюль, нам давядзецца змагацца з новым ворагам.

— Хокслі мае рацыю, — сказаў лорд. — Якое вы прымеце рашэнне, сэр? Куды мы павінны ісці?

— Куды вам заўгодна, мілорд, — сказаў Дзік. — Я пачынаю думаць, што мы з вамі можам нават пасябраваць. Я адрэкамендаваўся вам трохі грубавата, і мне не хацелася б, каб нашы далейшыя адносіны былі падобны на наша першае знаёмства. Нам трэба расстацца, мілорд. Дык паціснем на развітанне адзін аднаму рукі; а ў прызначаны вамі час і ў прызначаным вамі месцы мы сустрэнемся зноў і аб усім дамовімся.

— Вы надта даверлівы, мой хлопчык, — сказаў рыцар. — Але на гэты раз ваша даверлівасць не прычыніць вам зла. Я сустрэнуся з вамі на світанні каля крыжа Святой Дзевы. Сябры, за мной!

Незнаёмцы зніклі ў мораку з падазронай хуткасцю. Пакуль разбойнікі па сваім звычаі рабавалі мерцвякоў, Дзік апошні раз абышоў вакол садовай сцяны, каб зірнуць на фасад дома. У маленькім паддашкавым акенцы зіхацела святло; гэтае святло, верагодна, было добра відаць з задніх акон гарадскога дома сэра Дэніэла. Дзік зразумеў, што гэта і ёсць той сігнал, якога так баяўся Хокслі, і што неўзабаве сюды з'явяцца воіны тэнстолскага рыцара.

Дзік прыклаў вуха да зямлі, і яму падалося, што ён чуе стук капытоў, які набліжаецца. Дзік паспешліва кінуўся назад, на бераг. Але работа была ўжо скончана: чацвера разбойнікаў цягнулі да мора апошні труп, распрануты дагала, каб шпурнуць яго ў ваду.

Калі праз некалькі хвілін з завулкаў Шорбі галопам вылецелі сорак вершнікаў, на пустэльным беразе каля маленькага доміка было ціха і гола. Дзік са сваімі людзьмі сядзеў ужо ў харчэўні «Казла і валынкі» і здымаў з сябе даспехі, каб хоць крыху паспаць перад ранішнім спатканнем.

Раздзел III

Крыж Святой Дзевы

Крыж Святой Дзевы стаяў непадалёку ад Шорбі, на ўскрайку Тэнстолскага лесу. Тут злучаліся дзве дарогі — адна ішла лесам з Халівуда, другая — тая, па якой летам адступала разбітая армія ланкастэрцаў, — з Райзінгэма. Тут абедзве дарогі зліваліся ў адну, і гэтая дарога, збягаючы з пагорка, цягнулася да самага Шорбі. Трошкі назад ад таго месца, дзе яны злучаліся, узвышалася невялікая выспа, на вяршыні якой стаяў старадаўні, з'едзены непагодамі крыж.