— Мілорд! — усклікнуў Дзік. — Гэта ж тыя самыя разбойнікі, за знаёмства з якімі вы папракнулі мяне.
— Разбойнікі ці не, а змагацца яны ўмеюць, — адказаў лорд Фоксгэм. — Дапамажыце мне, і, калі нам з вамі ўдасца адбіць гэтую дзяўчыну, клянуся сваім рыцарскім гонарам, яна будзе вашай жонкай.
Дзік стаў на калена перад сваім палоннікам. Але той, лёгка саскочыўшы з прыступкі каля крыжа, падняў юнака і абняў, як сына.
— Калі вы збіраецеся ажаніцца з Джаанай, — сказаў ён, — мы з вамі павінны стаць сябрамі.
Раздзел IV
«Добрая Надзея»
Праз гадзіну Дзік зноў сядзеў у харчэўні «Казла і валынкі», снедаў і слухаў данясенні сваіх ганцоў і вартавых. Дэкуорта ўсё яшчэ не было ў Шорбі; зрэшты, такія адлучкі былі частыя, таму што ў яго пастаянна было мноства самых розных спраў у самых розных канцах краіны. Брацтва «Чорнай стралы», як вядома, было заснавана згалелым Дэкуортам з мэтай помсты і нажывы; многія, зрэшты, з тых, хто ведаў яго бліжэй, глядзелі на яго як на агента і прадстаўніка вялікага Рычарда, графа Ўорвікскага, гэтага праслаўленага вяршыцеля лёсу брытанскага трона.
Як бы там ні было, Дэкуорт адсутнічаў, і ў Шорбі яго падмяняў Рычард Шэлтан. Ён схіліўся над талеркай, заклапочаны сваімі думкамі. Яны дамовіліся з лордам Фоксгэмам сягоння вечарам нанесці рашучы ўдар і вызваліць Джаану сілай. Аднак цяжкасці ў гэтай справе былі велізарныя. Разведчыкі, што з'яўляліся да яго з дакладам, прыносілі самыя несуцяшальныя весткі.
Сэр Дэніэл быў устрывожаны ўчарашняй сутычкай на марскім беразе. У маленькім доміку ён павялічыў гарнізон; больш таго, ён расставіў коннікаў на ўсіх прылеглых вулічках, загадаўшы ім пры першым жа трывожным сігнале адразу скакаць да яго. У двары гарадскога дома стаялі асядланыя коні, і воіны, узброеныя з галавы да ног, чакалі толькі знаку, каб выехаць.
Задуманая справа з кожнай гадзінай здавалася ўсё менш ажыццявімай. Раптоўна твар Дзіка прасвятлеў.
— Лоўлес! — крыкнуў ён. — Ты ж быў мараком. Ці не можаш ты ўкрасці для мяне карабель?
— Майстар Дзік, — адказаў Лоўлес, — з вашай падтрымкай я гатовы ўкрасці нават Йоркскі сабор.
І яны адразу ж рушылі ў гавань. Гэтая даволі шырокая бухта раскінулася сярод пясчаных пагоркаў і была акружана пусткамі, выганамі, кучамі збуцвелых бярвенняў і лядашчымі халупамі гарадскіх трушчобаў. У бухце стаяла нямала палубных і бяспалубных суднаў, — адны гайдаліся на якарах, іншыя ляжалі на беразе. Зацяжная непагадзь выгнала іх з адкрытага мора і прымусіла схавацца ў гавані. Чорныя хмары і моцныя вятры з сухім снегападам абяцалі новыя буры.
Маракі, ратуючыся ад холаду і ветру, уцякалі на бераг і шумна весяліліся ў партовых шынках. За некаторымі суднамі, што стаялі на якары, ніхто нават не прыглядваў; і з кожнай гадзінай, з кожным свежым парывам ветру такіх безнаглядных суднаў рабілася ўсё больш і больш. Якраз на гэтыя судны, і асабліва на тыя з іх, што стаялі далей ад берага, Лоўлес і звярнуў сваю ўвагу. Дзік даў яму свабоду дзеянняў, а сам прысеў на якар, да палавіны закапаны ў пясок, і, прыслухоўваючыся то да завывання ўрагану, то да спеваў маракоў у бліжэйшым шынку, неўзабаве забыў аб усім, акрамя абяцання лорда Фоксгэма.
Лоўлес крануў яго за плячо і паказаў на невялікі карабель, які адзінока гайдаўся на хвалях каля ўвахода ў бухту. Бледны промень зімовага сонца, што прарваўся праз хмары, раптам асвятліў палубу, і сілуэт судна выразна вырысоўваўся на фоне воблака. Дзік у гэтае імгненне паспеў разгледзець на палубе двух мужчын, якія спускалі з борта шлюпку.
— Вось вам карабель на гэтую ноч, сэр, — сказаў Лоўлес. — Запомніце яго добра!
Шлюпка паплыла ад карабля; у ёй сядзела двое мужчын; трымаючыся ветру, яны паспешліва грэблі да берага.
Лоўлес спыніў прахожага.
— Як завецца вунь той карабель? — спытаў ён і паказаў на судна, што стаяла каля ўвахода ў бухту.
— Гэта «Добрая Надзея» з Дартмута, — адказаў прахожы. — А капітана завуць Арблестэр. Ён грабе на носе вунь тае шлюпкі.
Лоўлесу нічога больш і не патрабавалася ведаць. Паспешліва падзякаваўшы прахожага, ён рушыў на пясчаную касу, да якой павінна была прыстаць шлюпка. Там ён спыніўся, чакаючы маракоў з «Добрай Надзеі».
— Кум Арблестэр! — закрычаў ён. — Якая шчаслівая сустрэча! Клянуся распяццем, такую сустрэчу трэба адсвяткаваць! А гэта «Добрая Надзея»? Я пазнаў бы яе сярод дзесяці тысяч караблёў! Цудоўны карабель! Падплывай, кум, мы з табой добра вып'ем! Помніш, я табе расказваў пра сваю спадчыну? Ну вось, я нарэшце яе атрымаў. Я цяпер багаты і болей не плаваю па марах. Я плаваю толькі па элю. Давай руку, сябра! Выпі са старым таварышам.