Аднак Лоўлесам кіравала якоесьці чуццё, і ён правёў судна па велізарных хвалях паўз доўгую пясчаную водмель і паспяхова прычаліў да каменнага мола; тут «Добрую Надзею» наспех прывязалі, і яна, парыпваючы, гайдалася ў цемры.
Раздзел V
«Добрая Надзея» (працяг)
Мол знаходзіўся зусім недалёка ад дома, у якім жыла Джаана; заставалася толькі пераправіць людзей на бераг, уварвацца ў дом і ўкрасці палонніцу. «Добрая Надзея» ўжо саслужыла сваю службу, даставіўшы іх у варожы тыл. Яны лічылі, што карабель ім больш не спатрэбіцца, таму што адступаць яны збіраліся ў лес, дзе мілорд Фоксгэм расставіў свае падмацаванні.
Аднак высадзіць людзей на бераг аказалася нялёгка: многія пакутавалі ад марской хваробы, і ўсе пагалоўна — ад холаду; у карабельнай цеснаце і сумятні дысцыпліна аслабела; з-за гайданкі і цемры ўсе зніякавелі. На мол выскачылі ўсе разам. Мілорду давялося стрымліваць сваіх людзей, пагражаючы ім аголеным мячом. Канечне, не абышлося без шуму, а шум быў зараз небяспечней за ўсё.
Калі парадак быў сяк-так узноўлены, Дзік з купкай самых адборных воінаў рушыў уперад. На беразе было яшчэ цямней: у моры там-сям бялела пена, у той час як морак, што вісеў над сушай, здаваўся шчыльным, непранікальным; выццё ветру заглушала ўсе гукі.
Але не паспеў Дзік дайсці да канца мола, як вецер раптоўна сціх; у нечаканай цішыні яму пачуўся конскі тупат і бразгат зброі. Дзік спыніў сваіх спадарожнікаў і саскочыў на берагавы пясок; калі прайшоў некалькі крокаў, ён пераканаўся, што ўперадзе сапраўды рухаюцца коні і людзі. Ён моцна засмуціўся. Калі ворагі падсцерагалі іх, калі воіны сэра Дэніэла акружылі канец мола, што ўпіраецца ў бераг, ім з лордам Фоксгэмам будзе вельмі цяжка абараняцца, таму што ззаду ў іх толькі мора і ўсе іх воіны збіліся ў кучу на вузкім моле. Асцярожным свістам ён падаў умоўны сігнал.
На жаль, гэты сігнал выклікаў зусім не тыя вынікі, на якія ён разлічваў. З начной цемры вылецеў град наўдачу пушчаных стрэл. Воіны на моле стаялі так цесна, што некаторыя стрэлы трапілі ў цэль; пачуліся крыкі спалоху і болю. Лорд Фоксгэм быў паранены і ўпаў. Хокслі зараз жа распарадзіўся аднесці яго на карабель. Воіны лорда Фоксгэма засталіся без усялякага кіраўніцтва. Адны прымалі бой, іншыя зусім разгубіліся. У гэтай разгубленасці і хавалася галоўная прычына катастрофы, якая не замарудзіла наступіць.
Дзік са жменькай храбрацоў на працягу цэлай хвіліны ўтрымліваў канец мола, што ўпіраўся ў бераг. З абодвух бакоў было паранена па два, па тры чалавекі, сталь звінела аб сталь. Спачатку ні таму, ні другому боку не ўдавалася дамагчыся поспеху; але неўзабаве шчасце канчаткова здрадзіла прыхільнікам Дзіка.
Хтосьці крыкнуў, што ўсё прапала. Воіны, якія даўно ўжо аслаблі духам, лёгка паверылі гэтаму; крык быў падхоплены. Затым пачуўся іншы крык:
— На борт, хлопцы, каму жыццё дарагое!
І нарэшце хтосьці з сапраўдным натхненнем баязліўца крыкнуў тое, што крычаць пры ўсіх паражэннях:
— Здрада!
І адразу ж увесь натоўп, таўхаючыся, з гучнымі воклічамі страху кінуўся назад па моле, падставіўшы свае неабароненыя спіны ворагам.
Адзін баязлівец ужо ўзяўся адпіхваць карму, але другі яшчэ прытрымліваў нос карабля. Уцекачы з крыкам пераскоквалі на карабель, некаторыя зрываліся і падалі ў мора. Некаторых засеклі на моле, некаторых у таўкатні задушылі насмерць свае ж таварышы. Але вось нарэшце нос «Добрай Надзеі» аддзяліўся ад мола, і ўсюдыісны Лоўлес, якому ўдалося з дапамогай кінжала расчысціць сабе дарогу і дабрацца да руля, накіраваў карабель у разбушаванае мора. Кроў сцякала з палубы, заваленай мёртвымі і параненымі.
Лоўлес засунуў кінжал у похву і сказаў свайму бліжэйшаму суседу:
— Я, кум, пазначыў гэтай пячаткай многіх з гэтых баязлівых сабак.
Калі ўцекачы, ратуючы жыццё, скакалі на карабель, яны нават не заўважылі ўдараў кінжалам, якімі Лоўлес, стараючыся прабрацца да рубкі, узнагароджваў сустрэчных. Але тут яны ці то ўспомнілі пра гэтыя ўдары, ці проста пачулі словы, неасцярожна вымаўленыя рулявым.
Ахопленыя панікай войскі ачухваюцца не адразу; звычайна людзі, заплямленыя баязлівасцю, як быццам для таго каб забыць аб сваёй ганьбе, кідаюцца ў іншую крайнасць і пачынаюць бунтаваць. Так здарылася і цяпер. Тыя самыя храбрацы, якія пакідалі сваю зброю і якіх за ногі зацягнулі на палубу «Добрай Надзеі», цяпер гучна лаялі сваіх важакоў і абавязкова хацелі каго-небудзь пакараць.