Уся іх злосць абрынулася на Лоўлеса.
Каб не наляцець на камяні, стары бадзяга скіраваў нос «Добрай Надзеі» ў напрамку адкрытага мора.
— Глядзіце! — зароў адзін з незадаволеных. — Ён вядзе нас у мора.
— Праўда! — крыкнуў другі. — Нас выдалі!
Усе зараўлі хорам, што іх выдалі, і, адчайна лаючыся, запатрабавалі, каб Лоўлес павярнуў судна і даставіў іх зараз жа на бераг. Лоўлес сціснуў зубы і працягваў весці «Добрую Надзею» па велізарных хвалях у адкрытае мора. Пачуццё ўласнай годнасці і яшчэ не зусім выветраны хмель падахвочвалі яго адказваць пагардлівым маўчаннем на пустыя іх страхі і маладушныя пагрозы. Незадаволеныя сабраліся каля мачты, фанабэрыліся і для храбрасці падбухторвалі адзін аднаго. Яшчэ хвіліна, і яны былі б гатовы, забыўшы пра сорам і сумленне, здзейсніць любую нізасць. Дзік вырашыў падняцца на палубу, каб навесці парадак, але яго апярэдзіў адзін з разбойнікаў, які сёе-тое кумекаў у марской справе.
— Хлопцы, — пачаў ён, — у вас драўляныя галовы. Каб вярнуцца ў горад, нам трэба спачатку выйсці ў адкрытае мора. І вось стары Лоўлес…
Дагаварыць ён не паспеў, — хтосьці стукнуў яму ў зубы; гэта падзейнічала на натоўп баязліўцаў, як іскра, што ўпала ў стог сена: усе накінуліся на няшчаснага, звалілі яго і ўзяліся таптаць яго нагамі і калоць кінжаламі, пакуль не прыкончылі. Тут ужо Лоўлес не вытрымаў, — гнеў яго прарваўся.
— Вядзіце карабель самі! — закрычаў ён.
І, не думаючы аб выніках, пакінуў руль.
У гэтае імгненне «Добрая Надзея» дрыжала на грэбені велізарнай хвалі. З жахлівай хуткасцю ляцела яна ў правал паміж хвалямі. Новая хваля паднялася, павіснуўшы над ёю, як велізарная чорная сцяна; ад магутнага ўдару «Добрая Надзея» ўздрыгнула і ўрэзалася носам у гэтую гару салёнай вільгаці. Зялёны вал абліў карабель з носа да кармы; людзям на палубе вада стала да калень; пырскі ўзляцелі вышэй за мачту. Прайшоўшы праз хвалю, «Добрая Надзея» вынырнула, жаласліва заскрыпела і задрыжала ўсім целам, нібы паранены звер.
Шасцёра ці сямёра незадаволеных былі змыты за борт; астатнія, ледзь толькі яны змаглі гаварыць, пачалі заклікаць на падмогу ўсіх святых і ўмольваць Лоўлеса зноў узяцца за руль.
Лоўлеса не давялося прасіць двойчы. Убачыўшы жахлівыя вынікі свайго справядлівага гневу, ён працверазеў канчаткова. Ён лепш за ўсіх разумеў, што «Добрая Надзея» ледзь было не загінула, і няўпэўненасць, з якой яна слухалася руля, пераконвала яго, што небяспека яшчэ не зусім мінула.
Хваля збіла Дзіка і ледзь не ўтапіла яго. Ён з цяжкасцю падняўся і, ідучы па калена ў вадзе, выбраўся на карму да старога рулявога.
— Лоўлес, — сказаў ён, — ты адзін можаш выратаваць нас. Ты смелы, упарты чалавек і ўмееш кіраваць караблём. Я прыстаўлю да цябе трох воінаў, на якіх можна спадзявацца, і загадаю ім ахоўваць цябе.
— Навошта, васпан, навошта, — адказаў рулявы, пільна ўглядаючыся ў цемру. — З кожным імгненнем мы ўсё далей адыходзім ад гэтых пясчаных водмеляў, і з кожным імгненнем мора будзе ўсё мацней кідацца на нас. Хутка ўсе гэтыя плаксы паваляцца з ног, бо, васпан, паганы чалавек ніколі не бывае добрым мараком; чаму — не ведаю, тут нейкая тайна, але гэта так. Толькі сумленныя і смелыя людзі могуць вынесці такую гайданку.
— Гэта проста прымаўка маракоў, Лоўлес, і ў ёй не болей сэнсу, чым у свісце ветру, — сказаў Дзік і засмяяўся. — Але як нашы справы? Ці правільна мы ідзём? Ці дабяромся мы да гавані?
— Майстар Шэлтан, — адказаў Лоўлес, — я быў манахам і дзякую за гэта свой лёс. Быў воінам, быў злодзеем, быў мараком. Багата змяніў я апратак, і памерці мне хацелася б у манаскай расе, а не ў прасмоленай куртцы марака. А чаму? Па дзвюх вельмі важных прычынах: па-першае, я не хачу памерці раптоўна, без пакаяння, а па-другое, мне агідная гэтая салёная лужына ў мяне пад нагамі! — і Лоўлес тупнуў нагой. — Але калі сягоння ноччу я не памру смерцю марака, — працягваў ён, — я пастаўлю высокую свечку Прачыстай Дзеве.
— Няўжо нашы справы такія дрэнныя? — спытаў Дзік.
— Вельмі дрэнныя, — адказаў бадзяга. — Хіба вы не адчуваеце, як марудна і цяжка рухаецца «Добрая Надзея» па хвалях? Хіба вы не чуеце, як у трумах плешчацца вада? «Добрая Надзея» і цяпер ужо амаль не слухаецца руля. А вось убачыце, што будзе з ёю, калі вады ў труме стане больш; яна або пойдзе на дно, як камень, або разаб'ецца аб берагавыя скалы.