— Калі яны да нас не ідуць, мы пойдзем да іх самі, — сказаў Хокслі. — Чым хутчэй мы дабяромся да слаўнага агню і сухой пасцелі, тым лепш для майго няшчаснага лорда.
Але людзі на пагорку раптоўна падхапіліся, і град стрэл паляцеў у мараплавальнікаў, якія пацярпелі крушэнне.
— Назад! Назад! — крыкнуў лорд. — Богам прашу, будзьце асцярожныя! Не адказвайце ім.
— Мы не можам біцца! — усклікнуў Грыншыў, выцягваючы стралу са сваёй скураной курткі. — Мы прамоклі, мы стаміліся, як сабакі, мы прамерзлі да касцей. Але, дзеля любові да старой Англіі, растлумачце мне, навошта яны з такой лютасцю абстрэльваюць сваіх землякоў, якія трапілі ў бяду?
— Яны прынялі нас за французскіх піратаў, — адказаў лорд Фоксгэм. — У гэтыя неспакойныя і подлыя часы мы не можам зберагчы нават уласныя берагі, берагі нашай Англіі. Нашы спрадвечныя ворагі, якіх яшчэ не так даўно мы перамагалі на моры і на сушы, прыязджаюць сюды, калі ім задумаецца, і рабуюць, забіваюць і паляць. Няшчасная радзіма! Вось да якой ганьбы мы дажылі.
Людзі на пагорку ўважліва сачылі, як яны падымаліся на бераг і як адыходзіліся ў глыб краіны па далінах паміж пясчанымі дзюнамі. Цэлую мілю ішлі пасля ўслед за стомленымі, змучанымі ўцекачамі, гатовыя пры найменшым падазрэнні даць па іх новы залп. Толькі калі Дзіку ўдалося нарэшце вывесці сваіх спадарожнікаў на вялікую дарогу і пастроіць іх у ваенным парадку, пільныя ахоўнікі ангельскіх берагоў зніклі за белым снегападам. Яны збераглі свае ўласныя дамы і фермы, свае ўласныя сем'і і сваю жывёлу — больш ім ні да чаго не было справы, і іх ніколькі не турбавала думка, што французы выражуць і спаляць іншыя вёскі і сёлы ангельскага каралеўства.
Кніга чацвертая
ПЕРААПРАНУТЫЯ
Раздзел I
Логавішча
Дзік выйшаў на вялікую дарогу недалёка ад Халівуда, міляў за дзевяць-дзесяць ад Шорбі-на-Ціле; пераканаўшыся, што іх больш не даганяюць, абодва атрады раздзяліліся. Слугі лорда Фоксгэма панеслі свайго параненага валадара ў вялікае абацтва, дзе было бяспечна і спакойна. Калі яны зніклі за густой заслонай снегападу, у Дзіка застаўся тузін бадзяг — усё, што ацалела ад яго дабравольніцкага атрада.
Многія з іх былі паранены; усе да аднаго былі ўзлаваны няўдачамі і працяглым вандраваннем; згаладалыя і змерзлыя, яны не мелі сілы адкрыта бунтаваць і толькі бурчалі ды панура пазіралі на сваіх правадыроў. Дзік раздаў ім усё, што было ў яго ў кашальку, нічога не пакінуўшы сабе, і падзякаваў за храбрасць, хаця, шчыра кажучы, намнога ахвотней вылаяў бы іх за баязлівасць. Трошкі змякчыўшы гэтым уражанне ад працяглых няўдач, ён загадаў ім папарна і ў адзіночку прабірацца да Шорбі і чакаць яго ў шынку «Казёл і валынка».
Помнячы падзеі, што адбыліся на борце «Добрай Надзеі», ён пакінуў пры сабе аднаго толькі Лоўлеса. Снег падаў бесперастанку і ўсё засцілаў навокал, быццам сляпучае воблака; вецер паступова сціхаў і нарэшце знік зусім; увесь свет здаваўся загорнутым у белую пялёнку і паглыбленым у маўчанне. Сярод снежных сумётаў лёгка было збіцца з дарогі і загрузнуць. І Лоўлес, які крочыў наперадзе, выцягваў шыю, як паляўнічы сабака, што ідзе па следзе, вывучаў кожнае дрэва, уважліва ўзіраўся ў сцяжынку, быццам вёў карабель па бурным моры.
Калі прайшлі лесам добрую мілю, яны наблізіліся да гаю карабатых высокіх дубоў, паблізу якіх скрыжоўваліся некалькі дарог. Гэтае месца няцяжка было пазнаць нават у такую пагоду, і Лоўлес быў, відаць, рады, што знайшоў яго.
— А цяпер, майстар Рычард, — сказаў ён, — калі ваш гонар не перашкодзіць вам пакарыстацца гасціннасцю чалавека, які не нарадзіўся джэнтльменам і якога нават нельга назваць добрым хрысціянінам, я магу прапанаваць вам кубак віна і зыркі агонь, каб разагрэць вашы костачкі.
— Вядзі, Уіл, — адказаў Дзік. — Кубак віна і зыркі агонь! Дзеля гэтага я згодзен ісці куды заўгодна.
Лоўлес рашуча пакрочыў уперад і, калі прайшоў пад аголенымі дрэвамі, хутка выбіўся да пячоры, ледзь не напалову засыпанай снегам. Над уваходам у пячору рос велізарны бук з непрыкрытымі каранямі; стары бадзяга, рассунуўшы кусты, знік пад зямлёй.
Калісьці магутны ўраган выкарчаваў велізарны бук з зямлі разам з вялікім кавалкам дзёрну; пад гэтым букам Лоўлес і выкапаў сабе лясное сховішча. Карані яму служылі латамі, дахам быў дзёран, сценамі і падлогай была сырая зямля. У адным кутку знаходзіўся ачаг, пачарнелы ад агню, у другім стаяла вялікая дубовая скрыня, моцна акаваная жалезам; толькі па гэтых прадметах можна было здагадацца, што тут чалавечае жыллё, а не звярыная нара.