— Такім чынам, — сказаў ён, — мы выпрабавалі наш грым, майстар Шэлтан. Цяпер я гатовы рызыкнуць уласнай тушай дзе заўгодна.
— Выдатна! — адказаў Рычард. — Мне таксама не церпіцца дзейнічаць. Хадзем у Шорбі!
Раздзел II
«У доме варагаў маіх»
У сэра Дэніэла ў Шорбі быў высокі, зручны, атынкаваны дом з разьбой на дубовых рамах і з пакатай саламянай страхою. За домам цямнеў пладовы сад з мноствам алей і зарослых зелянінай альтанак; сад гэты цягнуўся да званіцы манастырскай царквы.
У выпадку неабходнасці дом мог змясціць світу і больш важнай асобы, чым сэр Дэніэл; але і зараз у ім было вельмі шумна. На двары чуўся звон зброі і стук падкоў; кухня гула, як вулей; у зале забаўляліся блазны, спявалі менестрэлі, ігралі музыкі. Сэр Дэніэл марнатраўствам, весялосцю і гасціннасцю супернічаў з лордам Шорбі і пераўзыходзіў лорда Райзінгэма.
Гасцей прымалі сардэчна. А менестрэляў, блазнаў, гульцоў у шахматы, гандляроў рэліквій, зелляў, духоў і талісманаў, разам з усемагчымымі свяшчэннікамі, манахамі, вандроўнікамі садзілі за стол для слуг і клалі спаць на прасторных гарышчах або на голых дошках у доўгай сталовай.
На наступны дзень пасля крушэння «Добрай Надзеі» кладоўкі, кухні, стайні і нават пуні, што акружалі двор з двух бакоў, былі поўныя святочнага люду. Тут весяліліся і слугі сэра Дэніэла ў сіне-чырвоных ліўрэях і розныя прайдзісветы, завабленыя ў горад сквапнасцю, якіх рыцар прымаў часткова з палітычных меркаванняў, а часткова проста таму, што прымаць падобных людзей у тыя часы было добрым звычаем.
Усе яны пад дах былі загнаны снегам, які падаў бесперастанку, марозам і набліжэннем ночы. Віна, элю і грошай было колькі заўгодна. Адны, расцягнуўшыся на саломе ў свірне, гулялі ў карты, некаторыя яшчэ з абеду былі п'яныя. Нам, бадай, падалося б, што горад толькі што быў падвергнуты разгрому; але ў тыя часы ва ўсіх багатых і высакародных дамах на святы адбывалася тое ж самае.
Два манахі — стары і малады — прыйшлі позна і цяпер грэліся каля агню ў куце пуні. Стракаты натоўп абступіў іх — штукары, скамарохі, салдаты. Неўзабаве старэйшы з манахаў пачаў з імі ажыўленую размову, у якой было столькі жартаў і дасціпнасці, што натоўп вакол хутка павялічыўся.
Малодшы яго спадарожнік, у якім чытач пазнаў ужо Дзіка Шэлтана, сеў ззаду за ўсімі і паступова адсоўваўся ўсё далей. Ён слухаў уважліва, але не адкрываў рота; па панураму выразу яго твару было бачна, што яго мала цікавяць жарты таварыша.
Нарэшце яго позірк, які ўвесь час блукаў па баках і сачыў за ўсімі дзвярыма, спыніўся на маленькай працэсіі, што зайшла ў галоўную браму і наўскос перасякала двор. Дзве дамы, захутаныя ў густыя футры, ішлі ў суправаджэнні дзвюх служанак і чатырох дужых воінаў. Праз імгненне яны зайшлі ў дом і зніклі. Дзік, праслізнуўшы праз натоўп гулякаў, кінуўся ўслед за імі.
«Тая, вышэйшая ростам, — лэдзі Брэклі, — падумаў ён, — а дзе лэдзі Брэклі, там і Джаана».
Ля дзвярэй чатыры воіны спыніліся; дамы падымаліся па лесвіцы з паліраванага дуба, іх ахоўвалі толькі дзве служанкі. Дзік пайшоў за імі па пятах.
Змяркалася, і ў доме было ўжо амаль зусім цёмна. На пляцоўках лесвіцы блішчалі факелы ў жалезных аправах; ля кожных дзвярэй доўгага калідора, абабітага габеленамі, гарэла лямпа. І калі дзверы былі адчынены, Дзік бачыў сцены, завешаныя габеленамі, і падлогу, засланую трыснягом, які пабліскваў пры святле запаленых дроў.
Так прайшлі яны два паверхі, і на кожнай пляцоўцы дама, меншая ростам і маладзейшая, паварочвалася і пільна ўглядвалася ў манаха. А ён ішоў, апусціўшы вочы, са сціпласцю, належнай яго званню; ён толькі аднойчы зірнуў на яе і не ведаў, што прыцягнуў да сябе яе ўвагу. Нарэшце на трэцім паверсе дамы рассталіся, — малодшая адправілася наверх адна, а старэйшая, у суправаджэнні служанак, пайшла па калідоры направа.
Дзік хутка дасягнуў пляцоўкі трэцяга паверха і пачаў з-за вугла глядзець, куды далей накіруюцца гэтыя трое. Не паварочваючыся і не азіраючыся, яны ішлі па калідоры. «Усё добра, — падумаў Дзік. — Толькі б даведацца, дзе пакой лэдзі Брэклі, і тады я без цяжкасці адшукаю пані Хэтч».
Чыясьці рука легла яму на плячо. Ён падскочыў, ціха ўскрыкнуў і павярнуўся, каб схапіцца з ворагам.
Ён быў крыху збянтэжаны, калі заўважыў, што самым бесцырымонным чынам абхапіў рукамі маленькую юную лэдзі ў футры. Спалоханая і абураная, яна дрыжала ўсім сваім тоненькім цельцам у яго руках.
— Васпані, — сказаў Дзік, апускаючы рукі, — малю вас дараваць мне, але ззаду ў мяне няма вачэй, і, клянуся небам, я не ведаў, што вы дзяўчына.