Выбрать главу

Дзяўчына працягвала глядзець на яго, але пакрысе жах у яе на твары змяніўся здзіўленнем, а здзіўленне — недаверлівасцю. Дзік, які чытаў у яе на твары ўсе гэтыя пачуцці, пачаў трывожыцца за сваю бяспеку тут, у варожым яму доме.

— Цудоўная дзяўчына, — сказаў ён з прытворнай непасрэднасцю, — дазвольце мне пацалаваць вашу руку ў знак таго, што вы забудзеце маю грубасць, і я пайду.

— Вы нейкі дзіўны манах, васпан, — смела і пранікліва гледзячы яму ў твар, адказала дзяўчына. — Цяпер, калі першае маё здзіўленне крыху прайшло, я заўважаю па кожным вашым слове, што вы зусім не манах. Чаго вы тут? Навошта вы так па-блюзнерску пераапрануліся ў свяшчэнную расу? З мірам вы прыйшлі ці з вайною? І чаму вы, быццам злодзей, сочыце за лэдзі Брэклі?

— Васпані, — сказаў Дзік, — у адным прашу я вас паверыць: я не злодзей. І калі нават я прыйшоў сюды не з мірам, — што да нейкай ступені правільна, — я не ваюю з цудоўнымі дзяўчатамі, а таму прашу вас узяць мой прыклад і адпусціць мяне. Бо, цудоўная пані, калі вам уздумаецца падняць голас і паведаміць аб тым, што вам стала вядома, — бедны джэнтльмен, які стаіць перад вамі, прапашчы чалавек. Я не хачу думаць, што вы будзеце такой жорсткай, — працягваў Дзік і, пяшчотна трымаючы руку дзяўчыны абедзвюма рукамі, зазірнуў ёй у твар з пачцівым захапленнем.

— Дык вы шпіён з партыі Йорка? — спытала дзяўчына.

— Васпані, — адказаў ён, — я сапраўды йоркіст і ў нейкім родзе шпіён. Але прычына, якая прывяла мяне ў гэты дом і якая, безумоўна, выкліча спачуванне і дапытлівасць у вашым добрым сэрцы, не мае адносін ні да Йорка, ні да Ланкастэра. Я цалкам аддаю сваё жыццё ў ваша распараджэнне. Я закаханы, і маё імя…

Але тут юная лэдзі раптоўна заціснула сваёй рукою рот Дзіку, паспешліва паглядзела ўверх і ўніз, на захад і на ўсход і, пабачыўшы, што паблізу няма ні душы, з сілай пацягнула маладога чалавека ўгару па лесвіцы.

— Шш! — сказала яна. — Хадземце! Размаўляць будзем пасля!

Разгубіўшыся ад нечаканасці, Дзік дазволіў зацягнуць сябе па лесвіцы. Яны шпарка прабеглі па калідоры, і раптам яго ўпіхнулі ў пакой, асветлены, як і іншыя, распаленым камінам.

— А зараз, — сказала маладая лэдзі, пасадзіўшы яго на крэсла, — сядзіце тут і чакайце маёй найвышэйшай волі. Ваша жыццё і ваша смерць у маіх руках, і я, не вагаючыся, пакарыстаюся сваёй уладай. Беражыцеся, вы ледзь не вывіхнулі мне руку! Ён кажа, быццам не ведаў, што я дзяўчына! Калі б ён ведаў, што я дзяўчына, ён, пэўна, узяўся б за папругу!

З гэтымі словамі яна выслізнула з пакоя, пакінуўшы Дзіка з адкрытым ад здзіўлення ротам; яму здавалася, што ён спіць і што яму сніцца сон.

— «Узяўся б за папругу!» — паўтараў ён. — «Узяўся б за папругу!»

І ўспаміны аб тым вечары ў лесе ўзніклі ў яго свядомасці, і ён зноў убачыў дрыжлівага Мэтчэма, яго ўмольныя вочы.

Але ён тут жа ўспомніў аб небяспеках, якія пагражалі яму сягоння. Яму падалося, што ў суседнім пакоі хтосьці рухаецца; потым дзесьці вельмі блізка нехта ўздыхнуў, пачуўся шоргат адзення і лёгкі шум крокаў. Ён стаяў насцярожыўшыся і ўбачыў, як калыхнуліся габелены, затым недзе рыпнулі дзверы, габелены рассунуліся, і з лямпай у руцэ ў пакой зайшла Джаана Сэдлі.

Яна была апранута ў багатыя тканіны глыбокіх, мяккіх таноў, як і належала апранацца дамам у зімовы снежны час. Валасы ў яе былі зачасаны ўверх і ляжалі на галаве, быццам карона. Калісьці такая маленькая і нязграбная ў адзенні Мэтчэма, яна была цяпер стройная, як маладая вярба, і не ішла, а нібы плыла па падлозе.

Не ўздрыгнуўшы, не затрапятаўшы, яна падняла лямпу і зірнула на маладога манаха.

— Што вы тут робіце, добры брат? — спытала яна. — Вы, без сумнення, не туды трапілі. Каго вам трэба?

І яна паставіла лямпу на падстаўку.

— Джаана… — сказаў ён, і голас здрадзіў яму. — Джаана, — зноў пачаў ён, — ты казала, што кахаеш мяне. І я, вар'ят, паверыў гэтаму!

— Дзік! — усклікнула яна. — Дзік!

І, на здзіўленне Дзіка, цудоўная, высокая маладая лэдзі ступіла ўперад, абвіла яго шыю рукамі і абсыпала яго пацалункамі.

— О вар'ят! — усклікнула яна. — О дарагі Дзік! О, калі б ты мог бачыць сябе! Ах, што я нарабіла, Дзік, — дадала яна, адхіснуўшыся: — Я сцерла з цябе фарбу! Але гэта можна паправіць. Але вось чаго, баюся я, нельга пазбегнуць, нельга паправіць: майго замуства з лордам Шорбі.

— Гэта ўжо вырашана? — спытаў малады чалавек.

— Заўтра раніцай у манастырскай царкве, Дзік, — адказала яна, — будзе скончана і з Джонам Мэтчэмам і з Джаанай Сэдлі. Калі б можна было дапамагчы слязамі, я выплакала б сабе вочы. Я малілася бесперастанку, але неба, відаць, не пачула маіх маленняў. Добры Дзік, дарагі Дзік, паколькі ты не можаш мяне вывесці з гэтага дома да раніцы, мы павінны пацалавацца і сказаць адзін аднаму: «Бывай!»