Але вось нарэшце на лесвіцы пачуліся галасы і крокі. Госці сэра Дэніэла падняліся на пляцоўку, рушылі па калідоры, убачылі сарваны са сцяны дыван і труп шпіёна.
Усе замітусіліся, узняўся пярэпалах, усе крычалі.
З усіх бакоў збегліся госці, воіны, дамы, слугі — словам, усе насельнікі вялікага дома; крыку пабольшала. Затым натоўп расступіўся, і да мерцвяка падышоў сэр Дэніэл разам з жаніхом, лордам Шорбі.
— Мілорд, — сказаў сэр Дэніэл, — ці не казаў я вам аб гэтай подлай «Чорнай страле»? Вось вам чорная страла. Вазьміце яе. Няхай яна вам дакажа справядлівасць маіх слоў! Клянуся распяццем, кумок, яна ўваткнута ў грудзі аднаго з вашых людзей, ва ўсялякім выпадку, ён носіць вашу ліўрэю!
— Гэта быў мой чалавек, — адказаў лорд Шорбі і адступіў назад. — Хацеў бы я мець паболей такіх людзей. У яго быў нюх, як у ганчака, і ён быў скрытны, як крот.
— Праўда, кум? — насмешліва спытаў сэр Дэніэл. — А што ён вынюхваў у маім бедным жыллі? Ну, больш ужо яму не давядзецца нюхаць.
— З вашага дазволу, сэр Дэніэл, — сказаў адзін са слуг, — да яго грудзей прышпілена папера, на якой штосьці напісана.
— Дайце мне паперу і стралу, — сказаў рыцар.
Ён узяў стралу ў рукі, панура і задумліва разглядваў яе.
— Так, — сказаў ён, звяртаючыся да лорда Шорбі, — вось нянавісць, якая ідзе за мной па пятах. Гэтая чорная палачка або іншая, падобная на яе, калі-небудзь прыкончыць мяне. Дазвольце нявучанаму рыцару засцерагчы вас, кум: калі гэтыя сабакі пачнуць вас даганяць, — уцякайце! Яны прыліпаюць, як заразная хвароба! Паглядзім, што яны напісалі, аднак… Але, тое самае, што я і думаў, мілорд; вы пазначаны, быццам стары дуб ляснічым; заўтра ці паслязаўтра на вас апусціцца сякера. А што вы напісалі ў сваім пісьме?
Лорд Шорбі зняў паперу са стралы, прачытаў яе і скамячыў; адолеўшы агіду, ён апусціўся на калені перад забітым і пачаў паспешліва корпацца ў яго сумцы.
Потым падняўся з засмучаным тварам.
— Кум, — сказаў ён, — у мяне сапраўды прапала вельмі важнае пісьмо. Калі б я мог схапіць нягодніка, які ўкраў гэтае пісьмо, ён зараз жа ўпрыгожыў бы шыбеніцу. Але перш за ўсё трэба загарадзіць усе выхады з дома. Клянуся святым Георгіем, хопіць мне бед!
Вакол дома і саду расставілі каравулы; на кожнай пляцоўцы лесвіцы стаяў вартавы, цэлы атрад воінаў дзяжурыў ля галоўнага ўвахода; другі атрад сядзеў вакол агню ў пуні. Воіны лорда Шорбі далучыліся да воінаў сэра Дэніэла. Людзей і зброі хапала і для абароны дома і для таго, каб злавіць ворага, калі ён яшчэ хаваецца ў доме. А труп шпіёна пранеслі пад снегападам праз сад і паклалі ў манастырскай царкве.
І толькі калі ўсё сціхла, дзяўчаты выцягнулі Рычарда Шэлтана з яго тайніка і расказалі яму аб тым, што адбываецца ў доме. Са свайго боку, Дзік расказаў ім, як шпіён пракраўся ў пакой, як заўважыў яго і як быў забіты.
Джаана ў знямозе прыхінулася да завешанай дыванамі сцяны.
— Ад усяго гэтага нічога не зменіцца, — сказала яна. — Заўтра раніцай мяне ўсё роўна павянчаюць!
— Як? — закрычала яе сяброўка. — Тут жа наш паладзін, які разганяе львоў, як мышэй! У цябе, відаць, мала веры ў яго! Ну, утаймавальнік ільвоў, суцешце нас. Мы хочам пачуць смелую параду.
Дзік збянтэжыўся, калі яны дзёрзка кінулі ў твар яго ўласныя словы пахвальбы; ён пачырванеў, але ўсё ж загаварыў.
— Мы ў цяжкім становішчы, — сказаў ён. — Аднак, калі б мне ўдалося выбрацца з гэтага дома хоць бы на паўгадзіны, усё было б цудоўна. Вянчанне было б прадухілена…
— А львы, — перадражніла дзяўчына, — разагнаныя.
— Я зараз не схільны хваліцца, — сказаў Дзік. — Я прашу дапамогі і парады. Калі я не прайду міма вартавых і не выйду з гэтага дома, мне нічога не ўдасца зрабіць. Прашу вас, зразумейце мяне правільна!
— Чаму ж ты казала, што ён не выхаваны, Джаана? — спытала дзяўчына. — Язык у яго добра падвешаны. Калі трэба, яго мова дасціпная, калі трэба — пяшчотная, калі трэба — адважная. Што табе яшчэ?
— Майго сябра Дзіка падмянілі, — з усмешкай уздыхнула Джаана, — гэта абсалютна зразумела. Калі я пазнаёмілася з ім, ён быў грубаваты. Але ўсё гэта дробязі… Ніхто не дапаможа маёй бядзе, і я стану лэдзі Шорбі.
— А ўсё-такі, — сказаў Дзік, — я паспрабую выйсці з дома. На манаха мала звяртаюць увагі, і калі я знайшоў добрую чараўніцу, якая прывяла мяне наверх, я магу знайсці і такую, якая спусціць мяне ўніз. Як звалі гэтага шпіёна?