Выбрать главу

— Прайдоха, — сказала юная лэдзі. — Вельмі справядлівая мянушка! Але што вы збіраецеся рабіць, утаймавальнік ільвоў? Што вы задумалі?

— Я паспрабую прайсці міма вартавых, — адказаў Дзік. — І калі хто-небудзь спыніць мяне, я спакойна скажу, што іду маліцца за Прайдоху. У царкве ўжо, верагодна, моляцца аб яго беднай душы.

— Выдумка не дужа хітрая, — сказала дзяўчына, — але можа сысці.

— Тут справа не ў выдумцы, а ў дзёрзкасці, — запярэчыў малады Шэлтан. — У цяжкую хвіліну дзёрзкасць лепш за ўсялякія хітрыкі.

— Ваша праўда, — сказала яна. — Добра, ідзіце, і няхай беражэ вас неба! Вы пакідаеце тут няшчасную дзяўчыну, якая кахае вас, а таксама другую, якая адносіцца да вас як да самага лепшага сябра. Помніце пра нас, будзьце асцярожнымі і не падвяргайце сябе небяспецы.

— Ідзі, Дзік, — сказала Джаана. — Хаця калі пойдзеш, ты будзеш усё роўна не ў меншай небяспецы, чым калі застанешся тут. Ідзі, ты забіраеш з сабой маё сэрца. Хай ратуюць цябе святыя!

Дзік прайшоў паўз першага вартавога з такім упэўненым выглядам, што той толькі здзіўлена глянуў на яго. Але на другой пляцоўцы воін перагарадзіў яму шлях дзідай, спытаў, як яго завуць і куды ён ідзе.

— Pax vobiscum, — адказаў Дзік. — Я іду памаліцца за душу беднага Прайдохі.

— Ахвотна веру, — адказаў вартавы, — але ісці аднаму не дазваляецца.

Ён перагнуўся цераз дубовыя поручні і пранізліва свіснуў.

— Да вас ідзе чалавек! — крыкнуў ён і дазволіў Дзіку прайсці.

У канцы лесвіцы стаяла варта і чакала яго прыходу. І калі вартавы яшчэ раз паўтарыў свае словы, начальнік варты загадаў чатыром воінам праводзіць яго да царквы.

— Не давайце яму выслізнуць, малайцы, — сказаў ён. — Завядзіце яго да сэра Олівера, калі вам жыццё дарагое!

Адчынілі дзверы. Двое воінаў узялі Дзіка пад рукі, трэці пайшоў наперадзе з факелам, а чацверты, трымаючы напагатове лук і стралу, замыкаў шэсце. У такім парадку яны прайшлі праз сад, праз шчыльную начную цемру і снегапад і падышлі да слаба асветленых вокнаў манастырскай царквы.

Ля заходняга партала стаяў пікет зацярушаных снегам стралкоў, якія хаваліся ад ветру пад аркай. Праваднікі Дзіка сказалі ім некалькі слоў, і толькі тады іх прапусцілі ў свяцілішча.

Царква была слаба асветлена васковымі свечкамі, якія гарэлі ў алтары, і дзвюма-трыма лямпамі, што віселі на скляпеністай столі перад магільнымі склепамі славутых сем'яў. Пасярод царквы, у труне, ляжаў мёртвы шпіён з набожна складзенымі рукамі.

Пад скляпеннямі чулася паспешлівае мармытанне вернікаў; на клірасе стаялі ўкленчаныя фігуры ў расах, а на прыступках высокага алтара свяшчэннік у рызе служыў абедню.

З прыходам новых людзей адзін з апранутых у расу мужчын падняўся на ногі і, сыходзячы з кліраса, спытаў у пярэдняга воіна, што прывяло іх у царкву. З павагі да службы і нябожчыка яны размаўлялі напаўголаса; але рэха велізарнага пустога будынка падхоплівала іх словы і глуха паўтарала ў бакавых прыдзелах.

— Манах! — сказаў сэр Олівер (гэта ж быў ён), выслухаўшы данясенне стралка. — Брат мой, я не чакаў вашага прыходу, — працягваў ён, паварочваючыся да маладога Шэлтана. — Хто вы? І па чыёй просьбе вы далучаеце свае малітвы да нашых?

Дзік, не здымаючы капюшона з твару, зрабіў сэру Оліверу знак адысці крыху ўбок ад стралкоў. І як толькі свяшчэннік адышоў, Дзік сказаў:

— Я не спадзяюся падмануць вас, сэр. Маё жыццё ў вашых руках.

Сэр Олівер уздрыгнуў, яго тоўстыя шчокі пабляднелі; ён доўга маўчаў.

— Рычард, — сказаў ён нарэшце, — я не ведаю, што прывяло цябе сюды; напэўна, што-небудзь благое. Але ў імя нашай ранейшай дружбы я цябе не выдам. Ты прасядзіш усю ноч на лаўцы побач са мною; ты прасядзіш са мною да таго часу, пакуль не павянчаюць мілорда Шорбі; калі ўсе вернуцца дамоў цэлымі і здаровымі, калі ты не задумваеш нічога кепскага, ты пойдзеш куды захочаш. Але калі ты прыйшоў сюды дзеля крыві, кроў гэтая ўпадзе на тваю галаву. Амін!

Свяшчэннік набожна перахрысціўся, павярнуўся і пакланіўся алтару.

Ён сказаў некалькі слоў салдатам, узяў Дзіка за руку, правёў яго на клірас і пасадзіў побач з сабою на лаўку. Малады чалавек дзеля прыстойнасці зараз жа апусціўся на калені і, здавалася, паглыбіўся ў малітву.

Але думкі і вочы яго блукалі па баках. Ён заўважыў, што трое воінаў, замест таго каб вярнуцца дамоў, спакойна расселіся ў бакавым прытворы; і ён сумняваўся, што яны засталіся тут па загадзе сэра Олівера. Такім чынам, ён апынуўся ў пастцы. Гэтую ноч ён правядзе ў царкве, сярод мігатлівых агеньчыкаў і прывідных ценяў, гледзячы на бледны твар забітага ім чалавека; а раніцай яго каханую ў яго на вачах павянчаюць з другім.