Выбрать главу

Але, нягледзячы на журботныя думкі, ён авалодаў сабою і цярпліва чакаў.

Раздзел IV

У манастырскай царкве

У манастырскай царкве горада Шорбі служба ішла не спыняючыся, усю ноч, то пад спяванне псалмоў, то пад бумканне звона.

За шпіёна Прайдоху маліліся старанна. Ён ляжаў так, як яго паклалі: мёртвыя рукі, скрыжаваныя на грудзях, мёртвыя вочы, скіраваныя ў столь. А побач, на лаўцы, юнак, які забіў яго, чакаў з вялікай трывогай надыходу раніцы.

Толькі аднойчы на працягу гэтых гадзін сэр Олівер павярнуўся да свайго палонніка.

— Рычард, — прашаптаў ён, — сын мой, калі ты задумаў прычыніць мне зло, я хачу запэўніць цябе, што ты загневаўся супраць невінаватага чалавека. Я сам прызнаю сябе грэшным перад нябёсамі, але перад табою я бязгрэшны.

— Бацька мой, — гэтак жа ціха адказаў Дзік, — верце мне: я нічога супраць вас не задумваю; аднак я не магу забыць, як нязграбна вы апраўдваліся.

— Чалавек можа здзейсніць злачынства незнарок, — адказаў свяшчэннік. — Чалавек можа быць аслеплены, можа выконваць чужую волю, не ведаючы, што робіць. Так было і са мной. Я завабіў твайго бацьку ў пастку. Але я не ведаў, што рабіў, і хай будзе мне сведкаю Бог, які бачыць нас з табою ў гэтым свяшчэнным месцы.

— Зусім верагодна, — адказаў Дзік. — Аднак паглядзіце, якую страшную павуціну вы сплялі; я адначасова і палоннік ваш і суддзя. Вы адначасова і пагражаеце мне смерцю і стараецеся ўміласцівіць мяне. Мне здаецца, калі б вы заўсёды былі сумленным чалавекам і добрым свяшчэннікам, вам не давялося б ні баяцца мяне, ні ненавідзець. А таму вярніцеся да сваіх малітваў. Я падпарадкоўваюся вам, таму што мне нічога іншага не застаецца; але я не жадаю абцяжарваць сябе вашай прысутнасцю.

Свяшчэннік апусціў галаву на рукі, быццам схіляючыся пад цяжарам гора, і ўздыхнуў так цяжка, што ледзь было не абудзіў у сэрцы юнака пачуццё, падобнае на спачуванне. Сэр Олівер болей не спяваў псалмоў. Дзік чуў толькі, як пастукваў ружанец у яго руках і як ён праз зубы мармытаў малітву.

Яшчэ крыху, і шэрае світанне пачало прабівацца ў вузкія вокны царквы; мігатлівыя агеньчыкі свечак пабялелі. Святло пакрысе рабілася ўсё ярчэй, і раптам праз вокны на паўднёва-ўсходнім баку царквы прарваліся ружовыя сонечныя промні і зайгралі на сценах. Бура скончылася; снежныя хмары сплылі, і новы зімовы дзень весела асвятліў пакрытую снегам зямлю.

Царкоўныя служкі замітусіліся; труну аднеслі ў трупярню, крывавыя плямы на плітах выцерлі, каб яны не азмрочвалі злавесным сваім выглядам вяселля лорда Шорбі. Твары духоўных асоб, такія самотныя ноччу, сталі весялейшымі, каб не сапсаваць сённяшнюю радасную цырымонію. Абвяшчаючы набліжэнне дня, у царкве з'явіліся набожныя прыхаджане. Яны падалі ніцма перад алтаром і чакалі сваёй чаргі на споведзь.

Пачалася мітусня, у час якой няцяжка было падмануць пільнасць вартавых сэра Дэніэла, што стаялі каля дзвярэй. Абводзячы царкву стомленым позіркам, Дзік спыніў яго на манаху, які аказаўся не кім іншым, як Уілам Лоўлесам.

Бадзяга таксама пазнаў свайго начальніка і крадком падміргнуў яму.

Дзік зусім не збіраўся дараваць старому махляру несвоечасовае п'янства, аднак не хацеў заблытваць яго ў сваю бяду і даў яму зразумець, як мог выразней, каб ён выбіраўся.

Лоўлес, здавалася, зразумеў яго, таму што адразу знік за калонай; Дзік з палёгкай уздыхнуў.

Які ж быў яго жах, калі ён адчуў, што хтосьці тузае яго за рукаво, і ўбачыў побач з сабою старога разбойніка, заглыбленага ў малітву.

Раптоўна сэр Олівер падняўся са свайго месца і, праслізнуўшы паўз лаўкі, падышоў да воінаў, што стаялі ў бакавым прыдзеле. Калі так лёгка было ўзбудзіць падазрэнні свяшчэнніка, значыць, ужо і Лоўлес такі ж палоннік, як і Дзік.

— Не варушыся, — прашаптаў Дзік. — Мы ў адчайным становішчы, і ўсё з-за твайго ўчарашняга свінства. Няўжо, убачыўшы мяне тут, дзе я не маю ні права, ні жадання быць, ты — каб табе здохнуць! — не мог адчуць нядобрае і ўцячы?

— Не, — адказаў Лоўлес, — я думаў, што вы атрымалі весткі ад Эліса і седзіце тут па яго даручэнні.

— Ад Эліса? — спытаў Дзік. — Хіба Эліс вярнуўся?

— Канечне, — адказаў бадзяга. — Ён вярнуўся мінулай ноччу і жорстка адлупцаваў мяне за тое, што я быў п'яны. Такім чынам, вы адпомшчаны, майстар Шэлтан! Шалёны чалавек гэты Эліс Дэкуорт! Ён прыскакаў сюды з Кравена, каб разладзіць вяселле, а ўжо калі ён што задумаў, то даб'ецца свайго.

— Што датычыцца нас з табою, брат, — стрымана сказаў Дзік, — мы абодва людзі скончаныя. Я сяджу тут у якасці заложніка і павінен адказваць галавой за тое самае вяселле, якое ён збіраецца разладзіць. Клянуся распяццем, у мяне цудоўны выбар — страціць каханую або жыццё! Добра, жэрабя кінута, няхай прападае жыццё.