Выбрать главу

— Вось Рычард Шэлтан! — крыкнуў ён. — О горкая часіна! Ён вінаваты ў пралітай крыві! Хапайце яго! Загадайце яго схапіць! Дзеля выратавання нас усіх хапайце яго і моцна звяжыце. Ён пакляўся нас загубіць!

— Дзе ён? — аж падскочыў сэр Дэніэл, аслеплены гневам і гарачай крывёю, што струменілася па яго твары. — Цягніце яго сюды! Клянуся крыжам Халівуда, ён пакаецца ў сваім злачынстве!

Натоўп расступіўся, і стралкі хлынулі на клірас.

Дзіка схапілі, сцягнулі з лаўкі і павалаклі за плечы па прыступках алтара. Лоўлес сядзеў ціха, як мыш.

Сэр Дэніэл, выціраючы кроў і міргаючы, глядзеў на свайго палонніка.

— А, — сказаў ён, — папаўся, дзёрзкі здраднік! Клянуся самымі страшнымі клятвамі, што за кожную кроплю крыві, якая зараз сцякае мне ў вочы, ты заплаціш стогнам! Вядзіце яго прэч! — працягваў ён. — Тут яму не месца! Цягніце яго ў мой дом! Я замучу катаваннямі кожны вяршок яго цела.

Але Дзік, адпіхнуўшы стражнікаў, узвысіў голас.

— Я ў храме, — усклікнуў ён. — У свяшчэнным храме! Сюды, бацькі мае! Мяне хочуць выцягнуць з храма…

— З храма, які ты зняважыў забойствам, хлопчык, — перабіў якісьці чалавек высокага росту, апрануты ў пышнае адзенне.

— Дзе доказы? — закрычаў Дзік. — Мяне абвінавачваюць у злачынстве і не прыводзяць ніводнага доказу. Але, я дамагаўся рукі гэтай дзяўчыны! І яна, бяру на сябе смеласць заявіць аб гэтым, прыхільна адносілася да маіх дамагальніцтваў. Ну і што ж? Кахаць дзяўчыну не злачынства; дабівацца яе кахання таксама не злачынства. Ні ў чым болей я не вінаваты.

Дзік так адважна настойваў на сваёй невінаватасці, што вакол пачуўся адабральны шум. Аднак нямала было і абвінаваўцаў; яны гучна расказвалі, як знайшлі яго мінулай ноччу ў доме сэра Дэніэла, па-блюзнерску пераапранутага манахам. Сярод гэтай сумятні сэр Олівер раптоўна паказаў на Лоўлеса як на саўдзельніка. Яго таксама сцягнулі з лаўкі і пасадзілі побач з Дзікам. Пачуцці разгарэліся, і пакуль адны цягнулі палоннікаў то туды, то сюды, каб дапамагчы ім уцячы, другія лаялі іх і дубасілі кулакамі. У Дзіка шумела ў вушах, кружылася галава, быццам ён трапіў у шалёны вір. Але росламу чалавеку, які загаварыў з Дзікам, удалося гучнымі загадамі дабіцца цішыні і ўзнавіць парадак.

— Абшукайце іх, — сказаў ён, — ці няма ў іх зброі. Тады мы даведаемся аб іх намерах.

У Дзіка не знайшлі ніякай зброі, акрамя кінжала, і гэта сведчыла на яго карысць, пакуль хтосьці паслужліва не выцягнуў гэты кінжал з ножан; кроў Прайдохі не паспела на ім засохнуць. Прыхільнікі сэра Дэніэла зараўлі, але рослы чалавек загадным жэстам і ўладным позіркам прымусіў іх замаўчаць. Аднак, калі дайшла чарга да Лоўлеса, пад яго сарочкай знайшлі пук стрэл, такіх жа, як тыя, якімі быў забіты злашчасны жаніх.

— Ну, што вы цяпер скажаце? — сурова спытаў у Дзіка рослы чалавек.

— Сэр, — адказаў Дзік, — я знаходжуся пад аховай храма. Але па вашай паставе, сэр, бачу, што вы чалавек важны і ўсемагутны; на вашым твары я чытаю знакі справядлівасці і набожнасці. Вам я здаюся ў палон добраахвотна і адмаўляюся ад свайго права на сховішча ў храме гасподнім. Забіце мяне сваёю высакароднай рукой, але толькі не аддавайце ва ўладу гэтага чалавека, якога я голасна абвінавачваю ў забойстве майго роднага бацькі і ў незаконным прысваенні маіх маёнткаў і даходаў. Вы сваімі вушамі чулі, як ён пагражаў мне катаваннямі яшчэ тады, калі я не быў прызнаны вінаватым. Вы паступіце невысакародна, калі выдадзіце мяне майму заклятаму ворагу і старому прыгнятальніку. Судзіце мяне па законе і, калі я сапраўды акажуся вінаватым, аддайце мяне міласэрнай кары.

— Мілорд, — крыкнуў сэр Дэніэл, — навошта вы слухаеце гэтага воўка! Акрываўлены кінжал даказвае, што ён хлусіць.

— Ваша гарачлівасць, добры рыцар, — адказаў высокі незнаёмец, — сведчыць супраць вас.

І раптам нявеста, якая толькі што апрытомнела і з жахам глядзела на гэтую сцэну, вырвалася з рук тых, хто трымаў яе, і кінулася на калені перад рослым чалавекам.

— Мілорд Райзінгэм, — закрычала яна, — выслухайце мяне ў імя справядлівасці! Мяне сілком зняволіў тут гэты чалавек, украўшы ў родных. З таго часу я не бачыла ні спагады, ні суцяшэння, ніхто не падтрымаў мяне, акрамя Рычарда Шэлтана, якога цяпер абвінавачваюць і хочуць загубіць. Мілорд, ён быў учора ноччу ў доме сэра Дэніэла, ён прыйшоў туды з-за мяне; ён прыйшоў, пачуўшы мае малітвы, і не задумваў зла. Пакуль сэр Дэніэл быў добры да яго, Рычард сумленна біўся разам з ім супраць «Чорнай стралы»; але калі подлы апякун пачаў замахвацца на яго жыццё і ён, ратуючы жыццё, быў вымушаны ўцякаць ноччу з дома крыважэрнага злодзея — куды было яму падзецца, безабароннаму і без гроша ў кішэні? І калі ён трапіў да благіх сяброў, каго трэба вінаваціць — юнака, з якім абышліся несправядліва, ці апекуна, які парушыў свой абавязак?