Выбрать главу

Маленькая лэдзі ўпала на калені побач з Джаанай.

— А я, мой добры лорд, — сказала яна, — я, ваша родная пляменніца, магу засведчыць перад усімі, што гэта дзяўчына гаворыць праўду. Гэта я, нявартая, прывяла маладога чалавека ў дом.

Граф Райзінгэм слухаў іх, не кажучы ні слова, і, калі яны змоўклі, ён яшчэ доўга маўчаў. Потым ён падаў Джаане руку, каб дапамагчы ёй падняцца; зрэшты, трэба заўважыць, ён не аказаў падобнай жа ласкі той, якая называла сябе яго пляменніцай.

— Сэр Дэніэл, — сказаў ён, — гэта ў вышэйшай ступені заблытаная справа; з вашага дазволу, я вазьмуся расследаваць яе. Такім чынам, будзьце спакойныя. Ваша справа ў надзейных руках; яе вырашаць па справядлівасці. А зараз ідзіце хутка дамоў і перавяжыце свае раны. Сягоння холадна, і вы можаце прастудзіцца.

Ён зрабіў знак рукой; старанныя слугі, якія сачылі за кожным яго рухам, перадалі гэты знак далей. Умомант звонку рэзка завыла фанфара; праз адчынены партал стралкі і воіны, апранутыя ў колеры лорда Райзінгэма, зайшлі ў царкву, узялі Дзіка і Лоўлеса і, злучыўшы рады вакол палоннікаў, павялі іх.

Джаана працягнула абедзве рукі да Дзіка і крыкнула: «Бывай!» А сяброўка нявесты, ніколькі не збянтэжаная відавочным незадавальненнем дзядзькі, паслала Дзіку пацалунак са словамі: «Мацуйцеся, утаймавальнік ільвоў!» І ў натоўпе ўпершыню з'явіліся на тварах усмешкі.

Раздзел V

Граф Райзінгэм

Нягледзячы на тое, што граф Райзінгэм быў самым важным вяльможам у Шорбі, ён сціпла жыў у прыватным доме аднаго джэнтльмена на ўскраіне горада. Толькі воіны каля дзвярэй і ганцы, якія то прыязджалі, то ад'язджалі, сведчылі, што ў гэтым доме спыніўся знатны лорд.

Дом быў цесны, і Дзіка зачынілі разам з Лоўлесам.

— Вы добра гаварылі, майстар Рычард, — сказаў бадзяга, — дужа добра гаварылі, і я ад душы дзякую вам. Мы тут у выдатных руках; нас будуць судзіць справядліва і, хутчэй за ўсё, сягоння вечарам добрапрыстойна павесяць разам на адным дрэве.

— Твая праўда, мой бедны сябра, — адказаў Дзік.

— У нас ёсць яшчэ адна надзея, — сказаў Лоўлес. — Такіх, як Эліс Дэкуорт, — адзінкі на дзесяткі тысяч. Ён вельмі любіць вас за вашага бацьку. Ведаючы, што вы ні ў чым не вінаваты, ён пераверне неба і зямлю, каб выручыць вас.

— Не думаю, — сказаў Дзік. — Што ён можа зрабіць? У яго толькі жменька людзей! На жаль, калі б гэтае вяселле было прызначана на заўтра… Так, заўтра… сустрэча перад апоўднем… мне аказалі б дапамогу, і ўсё пайшло б інакш… А зараз нічым не дапаможаш.

— Добра, — сказаў Лоўлес, — вы будзеце адстойваць маю невінаватасць, а я — вашу. Гэта ніколькі не выратуе нас, але калі мяне павесяць, дык, ва ўсялякім выпадку, не таму, што я мала бажыўся.

Дзік задумаўся, а стары бадзяга скурчыўся ў кутку, насунуў свой манаскі капюшон на твар і лёг спаць. Неўзабаве ён захроп; доўгае жыццё, поўнае прыгод і цяжкіх нястач, прытупіла ў ім пачуццё страху.

Дзень ужо канчаўся, калі дзверы адчыніліся і Дзіка павялі ўверх па лесвіцы ў цёплы пакой, дзе граф Райзінгэм у роздуме сядзеў ля агню.

Калі палоннік зайшоў, граф узняў галаву.

— Сэр, — сказаў ён, — я ведаў вашага бацьку. Ваш бацька быў высакародны чалавек, і гэта прымушае мяне аднесціся да вас паблажліва. Але я не магу ўтойваць, што цяжкія абвінавачванні павісаюць над вамі. Вы водзіцеся з забойцамі і разбойнікамі; ёсць абсалютна відавочныя доказы, што вы парушалі грамадскі парадак; вас падазраюць у разбойніцкім захопе судна; вас знайшлі ў доме вашага ворага, дзе вы хаваліся, пераапрануўшыся ў чужое аблічча; у той жа вечар быў забіты чалавек…

— Калі дазволіце, мілорд, — перапыніў Дзік, — я хачу адразу прызнацца ў тым, у чым вінаваты. Я забіў гэтага Прайдоху, а ў доказ, — сказаў ён, капаючыся за пазухай, — вось пісьмо, якое я выняў з яго сумкі.

Лорд Райзінгэм узяў пісьмо, разгарнуў і двойчы прачытаў яго.

— Вы яго чыталі? — спытаў ён.

— Але, я яго прачытаў, — адказаў Дзік.

— Вы за Йоркаў або за Ланкастэраў? — спытаў граф.

— Мілорд, мне зусім нядаўна задалі гэтае самае пытанне, і я не ведаў, як на яго адказаць, — сказаў Дзік. — Але адказаўшы аднойчы, я адкажу гэтак жа і другім разам. Мілорд, я за Йоркаў.

Граф пахвальна кіўнуў.

— Сумленны адказ, — сказаў ён. — Але тады навошта вы перадаеце гэтае пісьмо мне?

— А хіба не ўсе партыі змагаюцца супраць здраднікаў, мілорд? — ускрыкнуў Дзік.