Выбрать главу

— Хацеў бы я, каб было так, як вы гаворыце, — адказаў граф. — Я ўхваляю вашы словы. У вас болей юнацкага запалу, чым злосных намераў. І калі б сэр Дэніэл не быў магутным прыхільнікам нашай партыі, я абараняў бы вас. Я пашукаў даведкі і атрымаў доказы, што з вамі абышліся жорстка, і гэта апраўдвае вас. Але, сэр, я перш за ўсё правадыр партыі каралевы; і, хаця я па натуры, як мне здаецца, чалавек справядлівы і нават схільны да залішняй міласэрнасці, зараз я павінен дзейнічаць у інтарэсах партыі, каб утрымаць у нас сэра Дэніэла.

— Мілорд, — адказаў Дзік, — не палічыце мяне дзёрзкім і дазвольце мне перасцерагчы вас. Няўжо вы разлічваеце на адданасць сэра Дэніэла? Па-мойму, ён занадта часта пераходзіў з партыі ў партыю.

— Сёння ў нас у Англіі гэта ўвайшло ў звычай, чаго ж вы хочаце? — спытаў граф. — Але вы несправядлівыя да тэнстолскага рыцара. Ён адданы нам, ланкастэрцам, наколькі адданасць наогул уласціва цяперашняму нявернаму пакаленню. Ён не здрадзіў нам нават у час нашых нядаўніх няўдач.

— Калі вы, — сказаў Дзік, — зірнеце на гэтае пісьмо, вы крыху пераменіце сваё меркаванне аб ім.

І ён працягнуў графу пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.

Граф змяніўся з твару; ён стаў грозны, як раз'ятраны леў, і рука яго міжволі схапілася за кінжал.

— Вы і гэта чыталі? — спытаў ён.

— Чытаў, — сказаў Дзік. — Як бачыце, ён прапаноўвае лорду Ўэнслідэлу ваш уласны маёнтак.

— Але, ваша праўда, мой уласны маёнтак, — адказаў граф. — Я павінен з гэтага моманту маліцца за вас. Вы паказалі мне лісіную нару. Скажыце, чаго вы хочаце, майстар Шэлтан! Я не замаруджу аддзячыць вам і — йоркіст вы або ланкастэрац, сумленны чалавек альбо злодзей — пачну з таго, што вярну вам волю. Ідзіце, у імя Святой Дзевы! Але не наракайце на мяне за тое, што я затрымаю і павешу вашага прыяцеля Лоўлеса. Злачынства здзейснена публічна, і пакаранне таксама павінна быць публічным.

— Мілорд, вось першая мая просьба да вас: злітуйцеся і над ім, — сказаў Дзік.

— Гэта стары нягоднік, злодзей і бадзяга, майстар Шэлтан, — сказаў граф. — Ён ужо даўно саспеў для вісельні. Калі яго не павесяць заўтра, ён будзе павешаны на дзень пазней. Дык чаму ж не павесіць яго заўтра?

— Мілорд, ён прыйшоў сюды з-за любові да мяне, — адказаў Дзік, — і я быў бы жорсткі і няўдзячны, калі б не заступіўся за яго.

— Майстар Шэлтан, вы ўпарты, — строга заўважыў граф. — Вы абралі ненадзейны шлях для поспеху на гэтым свеце. Але для таго каб пазбавіцца ад вашай надакучлівасці, я яшчэ раз дагаджу вам. Ідзіце разам, але ідзіце асцярожна і як хутчэй выбірайцеся з Шорбі. Бо гэты сэр Дэніэл — ды пакараюць яго святыя! — прагне вашай крыві.

— Мілорд, дазвольце пакуль выказаць вам маю ўдзячнасць словамі; спадзяюся ў самы бліжэйшы час хоць бы часткова аплаціць вам паслугай, — адказаў Дзік і выйшаў з пакоя.

Раздзел VI

Зноў Арблестэр

Ужо надышоў вечар, калі Дзік і Лоўлес заднім ходам ціхенька выслізнулі з дома, дзе стаяў лорд Райзінгэм са сваім гарнізонам.

Яны схаваліся за садовай сцяной, каб абмеркаваць, як ім быць далей. Небяспека была надзвычай вялікая. Калі хто-небудзь з чэлядзі сэра Дэніэла ўбачыць іх і ўзніме трывогу, збяжыцца варта, і іх заб'юць. Да таго ж для іх было аднолькава небяспечна, заставацца ў Шорбі, гэтым горадзе, які кішыць ворагамі, і спрабаваць уцячы адкрытым полем, дзе яны рызыкавалі наткнуцца на варту.

Непадалёк ад сцяны саду яны ўбачылі ветраны млын і побач з ім велізарны збожжавы свіран, дзверы якога былі расчынены насцеж.

— А ці не схавацца нам тут да надыходу ночы? — сказаў Дзік.

Паколькі Лоўлес не мог прапанаваць нічога лепшага, яны бягом кінуліся да свірна і схаваліся ў саломе. Дзённае святло неўзабаве патухла, і месяц асвяціў срэбраным ззяннем мёрзлы снег. Цяпер нарэшце можна было незаўважна дабрацца да «Казла і валынкі» і зняць гэтыя расы, якія ўжо сталі небяспечнымі. З асцярожнасці яны пайшлі ў абыход горада, ускраінамі, мінуўшы базарны пляц, дзе іх маглі пазнаць і забіць.

Дарога, якую яны выбралі, была доўгая. Яны павярнулі да мора, пайшлі цёмным і ў гэты позні час бязлюдным берагам, пакуль не дасягнулі гавані. Пры ясным месячным святле яны ўбачылі, што многія караблі паднялі якары і, карыстаючыся спакойным морам, паплылі. Берагавыя шынкі (ярка асветленыя, нягледзячы на тое што закон забараняў па начах запальваць агні) пуставалі; не чутно ў іх было харавых песень маракоў.

Высока падабраўшы крыссе сваіх доўгіх расаў, Дзік і Лоўлес паспешліва, амаль бягом, рухаліся па глыбокім снезе, прабіраючыся праз лабірынты хлуду, выкінутага морам на бераг. Яны ўжо амаль мінулі гавань, як раптам дзверы аднаго шынка расчыніліся і асляпляльны паток святла ярка асвяціў іх імклівыя фігуры.