Выбрать главу

Ён падышоў прама да маладога Шэлтана, цвёрда зазірнуў яму ў вочы і, узяўшы яго руку ў свае, так моцна сціснуў яе, што ў Дзіка ледзь не пырснула кроў з-пад ногцяў. Дзік аж сумеўся ад яго позірку. У вачах герцага ён прачытаў шалёную адвагу і жорсткасць, і сэрца яго сціснулася ад страху за будучыню. Гэты юны герцаг сапраўды быў храбрацом, які змагаўся ў першых шарэнгах падчас вайны; але і пасля бітваў, у дні міру, у коле адданых сяброў, ён, здавалася, усё гэтак жа будзе сеяць смерць.

Раздзел III

Бітва пры Шорбі (заканчэнне)

Дзік, зноў застаўшыся сам-насам, агледзеўся. Стралялі радзей, чым раней. Вораг адступаў паўсюдна; большая частка пляцу была ўжо зусім пустая; снег месцамі ператварыўся ў аранжавую гразь, месцамі пакрыўся загуслай крывёю; увесь пляц быў усланы трупамі людзей і коней, і апераныя стрэлы тырчалі густа, быццам шчэць.

Страты ў Дзіка былі велізарныя. Уезд у вулічку і абломкі барыкады былі завалены забітымі і параненымі; перад бітвай у яго было сто чалавек, цяпер у яго не засталося і сямідзесяці, здольных трымаць зброю.

Час, зрэшты, быў на яго баку. Кожную хвіліну маглі прыйсці свежыя падмацаванні; і ланкастэрцы, змучаныя сваёй адчайнай, але беспаспяховай атакай, не вельмі ўжо былі настроены супрацьстаяць гэтым сілам.

У сцяне аднаго з крайніх дамоў быў сонечны гадзіннік, пры святле марознага зімовага сонца ён паказваў дзесяць гадзін раніцы.

Дзік павярнуўся да маленькага, несамавітага на выгляд стралка, які стаяў за ім і перавязваў сабе руку.

— Слаўная была бітва, — сказаў ён, — і, клянуся, яны не захочуць зноў на нас нападаць.

— Сэр, — сказаў маленькі стралок, — вы добра змагаліся за Йоркскі дом і яшчэ лепш за самога сябе. Ніколі яшчэ ніводнаму чалавеку не ўдавалася за такі кароткі тэрмін здабыць прыхільнасць герцага. Проста дзіва, што ён даверыў такі пост чалавеку, якога зусім не ведаў. Але беражыце сваю галаву, сэр Рычард! Калі вы будзеце пераможаны, калі вы адступіце хоць на адзін крок, вас чакае сякера або вяроўка. Я прыстаўлены сюды сачыць за вамі, і мне даручана, калі вы здасцеся мне падазроным, прыкончыць вас ударам у спіну.

Дзік са здзіўленнем зірнуў на маленькага чалавечка.

— Табе? — закрычаў ён. — Ударам у спіну!

— Абсалютна правільна, — адказаў стралок, — і толькі таму, што мне не падабаецца такое даручэнне, я вам усё расказаў. Вы павінны быць асцярожным, сэр Рычард, інакш вам пагражае небяспека. О, наш Гарбун — храбры хлопец і слаўны воін, але любіць, каб усе дакладна выконвалі яго даручэнні. Таго, хто не выканае якога-небудзь яго загаду, забіваюць.

— Святыя ўгоднікі! — усклікнуў Рычард. — Няўжо гэта праўда? І няўжо людзі ідуць за такім правадыром?

— Ідуць з радасцю, — адказаў стралок. — Ён строга карае, але затое і шчодра ўзнагароджвае. Ён не шкадуе чужога поту і крыві, але не шкадуе і сябе; у баі ён заўсёды ў першай шарэнзе, спаць ён заўсёды кладзецца апошнім. Ён далёка пойдзе, гарбаты Дзік Гластэр!

Малады рыцар і раней быў смелы і пільны, а цяпер стаў яшчэ храбрэйшы і больш уважлівы. Ён пачаў разумець, што раптоўная любоў герцага несла ў сабе і небяспеку. Адвярнуўшыся ад стралка, ён яшчэ раз трывожна агледзеў пляц. Ён быў па-ранейшаму пусты.

— Не падабаецца мне гэты спакой, — сказаў ён. — Верагодна, яны рыхтуюць нам якую-небудзь нечаканасць.

Быццам у адказ на яго словы, да барыкады зноў пачалі падыходзіць стралкі, і зноў густа пасыпаліся стрэлы. Але штосьці нерашучае было ў гэтым нападзе. Стралкі быццам чагосьці чакалі.

Дзік неспакойна глядзеў па баках, стараючыся здагадацца, дзе ж крыецца небяспека. І раптам з акон і дзвярэй маленькага дома, што стаяў у цэнтры вуліцы, хлынуў паток ланкастэрскіх стралкоў. Выскачыўшы адтуль, яны хутка пастроіліся ў шарэнгі, нацягнулі лукі і пачалі абсыпаць стрэламі атрад Дзіка з тылу.

І адразу ж тыя, што нападалі на Дзіка з рыначнага пляцу, узмацнілі стральбу і пачалі рашуча падступаць да барыкады.

Дзік выклікаў з дамоў усіх сваіх воінаў, пастроіў іх, сказаў ім некалькі бадзёрых слоў, і атрад яго пачаў адстрэльвацца, хаця варожыя стрэлы цяпер сыпаліся з двух бакоў.