Выбрать главу

Між тым усё ў новых і новых дамах адчыняліся насцеж дзверы і вокны, і адтуль з пераможнымі клікамі выбягалі і выскоквалі ўсё новыя і новыя ланкастэрцы, і нарэшце ў тыле ў Дзіка стала амаль столькі ж ворагаў, колькі іх было спераду. Ён убачыў, што сваю пазіцыю яму не ўтрымаць; мала таго, нават калі б ён яе ўтрымаў, пазіцыя гэта была цяпер бескарыснай. Уся армія йоркістаў апынулася ў безнадзейным становішчы, ёй пагражаў поўны разгром.

Тыя, што напалі на Дзіка з тылу, уяўлялі галоўную небяспеку, і Дзік, павярнуўшыся, павёў свой атрад на іх. Атака яго была такая імклівая, што ланкастэрскія стралкі не вытрымалі, адступілі і ў рэшце рэшт, змяшаўшы свае шэрагі, зноў пачалі кідацца ў дамы, з якіх толькі што вылезлі з такім пераможным выглядам.

Тым часам воіны, якія нападалі з рыначнага пляцу, пералезлі цераз нікім не ахоўваемую барыкаду, і Дзіку зноў давялося павярнуцца, каб адагнаць іх.

Адвага яго воінаў зноў атрымала верх. Яны ачысцілі вуліцу ад ворагаў і радаваліся, але ў гэты час з дамоў зноў выскачылі стралкі і трэці раз напалі на іх з тылу.

Йоркістаў мала-памалу рассейвалі ва ўсе бакі. Не раз Дзік аказваўся адзін сярод ворагаў і вымушаны быў з усіх сіл працаваць мячом, каб выратаваць сваё жыццё; не раз яго паранілі. А між тым бітва на вуліцы працягвалася ўсё яшчэ без рашучага зыходу.

Раптам Дзік пачуў гукі трубы: яны даносіліся з ускраін. Паўтораны мноствам радасных галасоў у неба ўзляцеў баявы кліч йоркістаў. Вораг, не вытрымаўшы, кінуўся з завулка на рыначны пляц. Хтосьці гучна крыкнуў: «Уцякайма!» Трубы грымелі, аж захліпаліся; адны з іх трубілі збор, іншыя заклікалі да наступу. Было зразумела, што ланкастэрцам нанесены моцны ўдар і што яны, ва ўсякім выпадку на нейкі час, адкінуты і пераможаны.

Затым, быццам у тэатры, разыграўся апошні акт бітвы пры Шорбі. Воіны, якія нападалі на Дзіка, павярнуліся, быццам сабакі, якіх гаспадар свіснуў дамоў, і памчаліся з хуткасцю ветру. Ім наўздагон праз рыначны пляц праляцеў віхор коннікаў; ланкастэрцы, паварочваючыся, адбіваліся мячамі, а йоркісты калолі іх дзідамі.

У самай гушчыні бітвы Дзік убачыў Гарбуна. Ён ужо ў той час паказваў задаткі той шалёнай храбрасці і ўмення змагацца на полі бою, якія праз многія гады, у бітве пры Басуорце, калі Рычард быў ужо заплямлены злачынствамі, ледзь не вырашылі зыход бітвы і лёс ангельскага трона. Ухіляючыся ад удараў, топчучы паваленых, ён сек направа і налева і так па-майстэрску кіраваў сваім магутным канём, так спрытна абараняўся, такія імклівыя ўдары раздаваў ворагам, што неўзабаве апынуўся далёка наперадзе сваіх магутных рыцараў; акрываўленым мячом прабіваў ён дарогу прама да лорда Райзінгэма, які сабраў вакол сябе самых храбрых ланкастэрцаў. Яшчэ імгненне — і яны павінны былі сустрэцца: высокі, велічны, праслаўлены воін і выродлівы, хваравіты юнак.

Тым не менш Шэлтан не сумняваўся ў зыходзе паядынку; і калі на імгненне парадзелі шарэнгі, ён убачыў, што граф знік, а Дзік-Гарбун, размахваючы мячом, зноў гоніць свайго каня ў самую гушчу бітвы. Так, дзякуючы адвазе Шэлтана, які ўтрымаў уваход у вуліцу пры першай атацы, і дзякуючы таму, што падмацаванне з сямісот чалавек прыбыло своечасова, юнак, якому наканавана было застацца ў памяці патомкаў пад праклятым імем Рычарда III, выйграў сваю першую значную бітву.

Раздзел IV

Разгром Шорбі

Ворагі зніклі бясследна. Дзік, з сумам аглядваючы рэшткі свайго доблеснага войска, пачаў падлічваць, у што абышлася перамога. Цяпер, калі небяспека мінула, ён адчуваў сябе такім стомленым, хворым і разбітым, раны і сінякі яго так нылі, бой так змучыў яго, што, здавалася, ён ужо ні да чаго не быў здатны.

Але для адпачынку час яшчэ не прыйшоў. Шорбі быў узяты штурмам, і, хаця безабаронных жыхароў ніяк нельга было абвінаваціць у супраціўленні, было відавочна, што раз'ятраныя воіны будуць не менш лютымі пасля заканчэння бітвы і што самае жахлівае яшчэ наперадзе. Рычард Гластэр быў не з тых правадыроў, якія абараняюць гараджан ад сваіх раз'ятраных салдат; зрэшты, нават калі б ён і захацеў іх абараніць, яшчэ пытанне — ці паслухаліся б яны яго.

Вось чаму Дзік павінен быў абавязкова адшукаць Джаану і ўзяць яе пад сваю абарону. Ён уважліва агледзеў твары сваіх воінаў. Выбраўшы трох, найбольш паслухмяных і цвярозых на выгляд, ён паклікаў іх убок і, паабяцаўшы шчодра ўзнагародзіць і расказаць аб іх герцагу, павёў іх праз апусцелы рыначны пляц у аддаленую частку горада.

Там і сям на вуліцы адбываліся яшчэ невялікія сутычкі; там і сям атакавалі які-небудзь дом, і асаджаныя кідалі сталы і крэслы на галовы воінаў. Снег быў усыпаны зброяй і трупамі; зрэшты, калі не лічыць удзельнікаў гэтых маленькіх сутычак, вуліцы былі пустэльныя; у адных дамах дзверы былі расчынены насцеж, у другіх яны былі зачынены і забарыкадзіраваны. І толькі рэдка дзе з коміна віўся дымок.