Выбрать главу

— О лорд, вы вялікі жартаўнік! — адказаў Кандол і прымусіў сябе лісліва ўсміхнуцца. — Вам належыць патрабаваць, а мне належыць падпарадкоўвацца, і я, нягледзячы на ўсё маё няўменне, паспрабую напісаць абавязацельства.

— Шаноўны! — сказаў сэр Дэніэл. — Зараз ты напішаш на сорак. Хопіць! Ты хітрун, і маёмасць твая каштуе не семдзесят шылінгаў. Сэлдэн, прасачы, каб ён усё напісаў як трэба і каб подпіс яго быў правільна засведчаны.

І сэр Дэніэл, самы вясёлы рыцар у Англіі, глынуў духмянага элю і з усмешкай адкінуўся на спінку крэсла.

Хлопчык на падлозе варухнуўся, сеў і спалохана агледзеў пакой.

— Ідзі сюды, — сказаў сэр Дэніэл; і калі хлопчык, падпарадкоўваючыся яго загаду, падняўся і паволі падышоў да яго, ён зноў адкінуўся назад і гучна зарагатаў. — Клянуся распяццем! — крыкнуў ён. — Які мацак!

Хлопчык пачырванеў ад гневу, і ў цёмных яго вачах бліснула нянавісць. Цяпер, калі ён стаяў, цяжка было вызначыць яго ўзрост. Твар у яго быў свежы, як у дзіцяці, але выраз твару ўжо не дзіцячы; целам ён быў незвычайна тонкі і хадзіў трошкі нязграбна.

— Вы паклікалі мяне, сэр Дэніэл, — сказаў ён, — для таго, каб пасмяяцца над маім сумным становішчам?

— А чаму не пасмяяцца? — спытаў рыцар. — Будзь ласкавы, дазволь ужо мне пасмяяцца. Калі б ты мог бачыць сябе, ты першы засмяяўся б.

— Калі вы будзеце плаціць за ўсё, вы заплаціце і за гэта, — сказаў хлопчык, густа чырванеючы. — А пакуль смейцеся колькі вам заўгодна!

— Не думай, што я насміхаюся над табою, мілы браце, — адказаў сэр Дэніэл, перастаўшы смяяцца. — Гэта толькі жарты. Я ж проста жартую па-сваяцку, па-сяброўску. Я наладжу твой шлюб, атрымаю за яго тысячу фунтаў і буду вельмі цябе любіць. Праўда, я трошкі груба цябе ўкраў, але іншага выйсця не было. Аднак зараз я буду служыць табе ад усяго сэрца. Ты станеш місіс Шэлтан… не, лэдзі Шэлтан, клянуся небам, таму што хлопчык далёка пойдзе. Лухта! Няма чаго саромецца сумленнага смеху, смех разганяе смутак. Дурныя людзі ніколі не смяюцца, добры браце… Шаноўнейшы гаспадар, дай павячэраць майму братку, майстру Джону… Сядай, дружа, і еш.

— Не, — сказаў майстар Джон, — есці я не буду. Вы завабілі мяне ў грэх, і мне трэба падумаць аб сваёй душы… Добры гаспадар, будзь ласкавы, прынясі мне кубак чыстай вады; я табе буду шчыра ўдзячны.

— Ты атрымаеш адпушчэнне ўсіх грахоў, ліха цябе бяры! — крыкнуў рыцар. — Паспавядаешся — і справе канец! Еш і ні аб чым не трывожся!

Але хлопчык быў упарты: ён выпіў кубак вады, загарнуўся ў свой плашч, сеў у далёкі кут і змрочна задумаўся.

Пад раніцу ў вёсцы паднялася сумятня, пачуліся вокрыкі вартавых, зазвінела зброя, застукалі капыты; атрад коннікаў пад'ехаў да дзвярэй харчэўні, і Рычард Шэлтан, запырсканы гразёю, пераступіў праз парог.

— Няхай беражэ вас неба, сэр Дэніэл! — сказаў ён.

— Як? Дзік Шэлтан? — закрычаў рыцар. Хлопчык, які сядзеў у куце, пачуўшы імя Дзіка, з цікаўнасцю падняў галаву. — А дзе Бенет Хэтч?

— Вось вам, сэр рыцар, пакет ад сэра Олівера. Прачытайце, што ён піша, і ўсё даведаецеся, — адказаў Рычард, падаючы яму пісьмо свяшчэнніка. — І, калі ласка, паспяшайцеся, таму што трэба скакаць на ўвесь мах да Райзінгэма. На шляху мы сустрэлі ганца, які дужа спяшаўся з пісьмамі; ён паведаміў нам, што мілорду Райзінгэму пагражае паражэнне і ён чакае ад нас дапамогі.

— Як ты сказаў? Пагражае паражэнне? — перапытаў рыцар. — Ну не, тады мы будзем крукам сядзець тут, добры Рычард. У нашым няшчасным ангельскім каралеўстве хто цішэй едзе, той далей будзе. Кажуць, што марудзіць небяспечна, а па-мойму, больш небяспечна спяшацца. Запомні гэта, Дзік. Але перш дай мне паглядзець, што за жывёлу ты прыгнаў сюды. Сэлдэн, зачыні за мною дзверы на засаўку!

Сэр Дэніэл выйшаў на вясковую вуліцу і пры чырвоным святле факела агледзеў свае новыя войскі. Яго не любілі як суседа, не любілі як валадара, але тыя, хто змагаўся пад яго сцягамі, вельмі любілі яго як военачальніка. Яго рашучасць, яго выпрабаваная мужнасць, яго клопаты аб зручнасцях салдат, нават яго грубыя жарты — усё гэта падабалася смельчакам у латах і шлемах.

— Клянуся распяццем, — крыкнуў ён, — што за нікчэмныя сабакі! Адны выгнуліся, як лукі, другія худыя, як дзіды! Сябры, у час бітвы я пушчу вас наперад; такіх, як вы, берагчы не варта, сябры. Дайце мне разгледзець гэтага старога дурня на рабой здыхлі! Двухгадовы баран вярхом на свінні больш падобны на салдата, чым ты. А, Кліпсбі! І ты тут, стары пацук? Вось чалавек, якім я зусім не хачу даражыць! Ты паедзеш наперадзе ўсіх, а на грудзях у цябе будзе намаляваная мішэнь, каб варожыя стралкі не прамахнуліся. Дык вось, вырашана. Ты будзеш скакаць наперадзе і паказваць мне дарогу.