Выбрать главу

— О, хлопчык, — сказала яна, — слаўны хлопчык!

І, на вялікае здзіўленне Дзіка, яна спачатку вельмі пяшчотна выцерла слёзы з яго шчок, а потым, нібы падпарадкоўваючыся раптоўнаму прымусу сэрца, абвіла яго шыю рукамі, прыцягнула да сябе і пацалавала. І прастадушны Дзік зусім збянтэжыўся.

— Вы тут начальнік, — вельмі весела сказала яна, — і вы павінны есці. Чаму вы не вячэраеце?

— Дарагая пані Райзінгэм, — адказаў Дзік, — я хачу, каб палонніца мая паела першая. Сказаць папраўдзе, раскаянне перашкаджае мне глядзець на ежу. Я павінен пасціцца і маліцца, дарагая лэдзі.

— Завіце мяне Алісіяй, — сказала яна. — Мы ж з вамі старыя сябры, ці не так? А цяпер давайце я буду есці разам з вамі: я — кавалак, і вы — кавалак, я — глыток, і вы — глыток. Калі вы нічога не будзеце есці, і я не буду; а калі вы з'ясце шмат, і я наемся, як араты.

З гэтымі словамі яны ўзяліся за яду, і Дзік, у якога быў цудоўны апетыт, узяў з яе прыклад, спачатку з неахвотай, але паступова з усё большым натхненнем і стараннем. У рэшце рэшт ён нават перастаў сачыць за тою, якая служыла яму прыкладам, і добра ўзнагародзіў сябе за турботы і хваляванні дня.

— Утаймавальнік ільвоў, — сказала яна нарэшце, — хіба вам не падабаюцца дзяўчаты ў мужчынскім адзенні?

Месяц ужо ўзышоў, і цяпер яны толькі чакалі, калі адпачнуць стомленыя коні. Пры месячным святле ўсё яшчэ раскайваючыся, але ўжо добра адпачыўшы, Рычард заўважыў, што яна глядзіць на яго амаль какетліва.

— Васпані… — пачаў ён і запнуўся, здзіўлены такой пераменай.

— Ну, — перабіла яна, — адмаўляцца бескарысна. Джаана ж расказала мне ўсё. Але, сэр, утаймавальнік ільвоў, зірніце ж на мяне, хіба я такая ўжо непрыгожая? А?

І яна бліснула вачыма.

— Вы трошкі малая ростам… — пачаў Дзік.

Яна звонка зарагатала, канчаткова збянтэжыла яго і збіла з панталыку.

— Малая ростам! — ускрыкнула яна. — Не, будзьце такім жа сумленным, як і адважным; я карліца, ну, можа, крыху большая за карліцу. Але, прызнайцеся, нягледзячы на свой рост, я ўсё ж даволі прывабная. Хіба не так?

— О васпані, вы вельмі прывабная, — сказаў шматпакутны рыцар, робячы няўдалую спробу здавацца развязным.

— І кожны мужчына быў бы вельмі рады ажаніцца на мне? — працягвала яна свой допыт.

— О васпані, разумеецца! — згадзіўся Дзік.

— Завіце мяне Алісіяй, — сказала яна.

— Алісія! — сказаў сэр Рычард.

— Ну, добра, утаймавальнік ільвоў, — працягвала яна. — Паколькі вы забілі майго дзядзьку і пакінулі мяне без падтрымкі, вы, па гонары, павінны вярнуць мне гэта. Ці не так?

— Канечне, васпані, — сказаў Дзік. — Хаця, паклаўшы руку на сэрца, я лічу сябе толькі часткова вінаватым у смерці гэтага храбрага рыцара.

— А, дык вы хочаце выкруціцца! — усклікнула яна.

— Не, васпані. Я ўжо гаварыў вам, што, калі вы хочаце, я нават гатовы стаць манахам, — сказаў Рычард.

— Значыць, па гонары, вы належыце мне? — заключыла яна.

— Па гонары, васпані, я мяркую… — пачаў малады чалавек.

— Перастаньце! — перабіла яна. — У вас і так надта шмат хітрыкаў. Па гонары, хіба вы не належыце мне да таго часу, пакуль не загладзіце зробленае вамі зло?

— Па гонары, так, — сказаў Дзік.

— Ну, дык слухайце, — працягвала яна. — Мне здаецца, з вас выйшаў бы дрэнны манах. І таму што я магу распараджацца вамі, як мне ўздумаецца, я вазьму вас сабе за мужа… Ні слова! — усклікнула яна. — Словы вам не дапамогуць. Справядлівасць патрабуе, каб вы, паколькі вы пазбавілі мяне аднаго дома, замянілі мне гэты дом іншым. А што да Джааны, то, паверце, яна першая адобрыць такую замену. У рэшце рэшт, калі мы з ёю такія блізкія сяброўкі, ці не ўсё роўна, на якой з нас вы ажэніцеся? Ніякай розніцы!

— Васпані, — сказаў Дзік, — толькі загадайце, і я пайду ў манастыр. Але ні па прымусу, ні з жадання дагадзіць даме я не ажанюся ні на кім, акрамя Джааны Сэдлі. Даруйце мне за шчырасць, але, калі дзяўчына смелая, няшчаснаму мужчыне трэба быць яшчэ смялейшым.

— Дзік, — сказала яна, — мілы хлопчык, вы павінны падысці і пацалаваць мяне за гэтыя словы… Не, не бойцеся, вы пацалуеце мяне за Джаану, а калі мы сустрэнемся, я вярну ёй пацалунак і скажу, што ўкрала яго ў яе. А што да вашага доўгу мне, дарагі прасцячок, я думаю, што не вы адзін удзельнічалі ў гэтай вялікай бітве. І нават калі Йорк будзе на троне, то не вы пасадзілі яго на трон. Але ў вас цудоўнае, добрае і сумленнае сэрца, Дзік. Калі б я была здольная пазайздросціць хоць чаму-небудзь з таго, што ёсць у Джааны, я пазайздросціла б толькі вашаму каханню да яе.