Выбрать главу

Раздзел VI

Ноч у лесе (заканчэнне). Дзік і Джаана

Тым часам коні даелі мізэрны запас корму і крыху адпачылі. Па загадзе Дзіка вогнішча засыпалі снегам. Пакуль яго людзі зноў стомлена садзіліся ў сядло, ён сам, трошкі запознена ўспомніўшы аб перасцярогах, неабходных у лесе, выбраў высокі дуб і хутка ўзабраўся на самую верхнюю галіну. Адсюль яму бачна была лясная далячынь, занесеная снегам і асветленая месяцам. На паўднёвым захадзе цямнеў той зарослы верасам пагорак, дзе яго і Джаану калісьці так напалохаў «пракажоны». На схіле гэтага пагорка ён заўважыў ярка-чырвоную плямку велічынёй са шпілечную галоўку.

Ён дакараў сябе за тое, што так позна залез на дрэва. Што, калі гэтая яркая плямка — касцёр у лагеры сэра Дэніэла? Ён жа даўно ўжо мог заўважыць яго і падысці туды. Тым болей, не варта было дазваляць сваім воінам разводзіць вогнішча, якое, верагодна, выдала іх сэру Дэніэлу. Нельга губляць ні хвіліны. Нацянькі да пагорка было каля дзвюх міль; але на шляху трэба было перайсці глыбокі, абрывісты яр, па якім нельга было праехаць вярхом, і Дзік вырашыў, што, спешыўшыся, яны хутчэй дабяруцца да месца. Дзік пакінуў дзесяць чалавек вартаваць коней, дамовіўся аб умоўным сігнале і павёў свой атрад наперад. Побач з ім адважна крочыла Алісія Райзінгэм.

Каб лягчэй было ісці, салдаты знялі цяжкія латы і пакінулі дзіды. Яны бадзёра ішлі па замёрзлым снезе, асветленым вясёлым месячным ззяннем. Моўчкі, па парадку перайшлі яны яр, на дне якога ручай з шумам вырываўся праз снег і лёд. За ярам, на паўмілі ад заўважанага Дзікам вогнішча, атрад спыніўся, каб адпачыць перад нападам.

У цішы велізарнага лесу самы найменшы гук быў чуцен здалёку. Алісія, у якой быў тонкі слых, папераджальна падняла палец і спынілася, прыслухоўваючыся. Усе ўзялі з яе прыклад, але, акрамя глухога шуму ручая ды аддаленага лісінага брэху, Дзік, як ні напружваў свой слых, не пачуў нічога.

— Я чула зараз бразгат зброі, — прашаптала Алісія.

— Васпані, — адказаў Дзік, які баяўся гэтай дзяўчыны больш, чым дзесятка храбрых варожых воінаў, — я не адважваюся сказаць, што вы памыліліся… аднак, быць можа, гэты гук даляцеў з нашага лагера.

— Не, ён даляцеў з захаду, — заявіла яна.

— Што будзе, тое будзе, — адказаў Дзік. — На ўсё воля Бога. Няма чаго раздумваць, пойдзем хутчэй і даведаемся, што там такое. Наперад, сябры, даволі адпачываць!

Па меры таго як яны прасоўваліся наперад, на снезе ўсё часцей трапляліся сляды конскіх капытоў. Было зразумела, што яны набліжаюцца да вялікага лагера. Нарэшце, яны ўбачылі за дрэвамі чырванаваты дым, асветлены знізу, і яркія іскры, што ляцелі ва ўсе бакі.

Па загадзе Дзіка воіны разгарнулі свае шэрагі і бясшумна папаўзлі цераз нетру, каб з усіх бакоў акружыць непрыяцельскі лагер. Сам Дзік, пакінуўшы Алісію пад прыкрыццем велізарнага дуба, крадком накіраваўся прама да вогнішча.

Нарэшце ў прасветліне паміж дрэвамі ён убачыў увесь лагер. На пагорку, пакрытым верасам, з трох бакоў акружаным нетраю, гарэла вогнішча; полымя гуло і ўзвівалася ўверх з трэскам.

Вакол агню сядзела чалавек дванаццаць, захутаных у плашчы; але, хаця снег быў утаптаны так, быццам тут стаяў цэлы полк, Дзік дарэмна шукаў позіркам коней. Ён з жахам падумаў, што яго, магчыма, перахітрылі. І ў тую ж хвіліну зразумеў, што высокі чалавек у сталёвым шлеме, які працягваў руку да агню, быў яго стары сябар, а цяпер вораг Бенет Хэтч; а з тых двух, што сядзелі за Бенетам, ён пазнаў Джаану Сэдлі і жонку сэра Дэніэла, апранутых у мужчынскае адзенне.

«Ну што ж, — падумаў ён. — Хай сабе я і страчу сваіх коней, але толькі б мне здабыць маю Джаану, і я не буду шкадаваць!»

І вось пачуўся ціхі свіст, які азначаў, што воіны Дзіка акружылі лагер з усіх бакоў.

Пачуўшы свіст, Бенет падхапіўся на ногі, але, перш чым ён паспеў узяцца за зброю, Дзік паклікаў яго.

— Бенет! — сказаў ён. — Бенет, стары сябар, здавайся. Ты толькі дарэмна пральеш чалавечую кроў, калі будзеш супраціўляцца.

— Клянуся святой Барбарай, гэта майстар Шэлтан! — ускрыкнуў Хэтч. — Здавацца? Вы патрабуеце занадта многа. Якія ў вас сілы?

— Слухайце, Бенет, нас больш, чым вас, і вы акружаныя, — сказаў Дзік. — Сам Цэзар і сам Карл Вялікі прасілі б на тваім месцы літасці. На мой свіст адгукаюцца сорак чалавек, адным залпам я магу перастраляць вас усіх.

— Майстар Дзік, — сказаў Бенет, — я б ахвотна вам здаўся, але сумленне не дазваляе — я павінен выканаць свой абавязак. Хай дапамогуць нам святыя!