Выбрать главу

— Вы цудоўная, — нарэшце прамовіў ён, — і, як мне расказвалі, багатая. Што, калі я прапаную вам шлюб, які больш падыходзіць для дзяўчыны вашай прыгажосці і вашага паходжання?

— Мілорд герцаг, — адказала Джаана, — калі заўгодна вашай міласці, я хацела б выйсці за сэра Рычарда.

— Чаму? — рэзка спытаў ён. — Выходзьце за таго чалавека, якога я назаву вам, і вы сёння ж станеце лэдзі, а ён лордам. А сэр Рычард, — дазвольце мне сказаць шчыра, — памрэ сэрам Рычардам.

— Я прашу ў неба толькі адной міласці, мілорд: дайце мне магчымасць памерці жонкай сэра Рычарда, — адказала Джаана.

— Паглядзіце, мілорд! — звярнуўся Гластэр да лорда Фоксгэма. — Вось дзіўная пара. Калі я прапанаваў юнаку выбраць сабе ўзнагароду, ён папрасіў памілаваць старога п'янага марака, я перасцерагаў яго, але ён упарціўся ў сваёй дурноце. «На гэтым скончацца мае міласці», — сказаў я. А ён адказаў мне з дзёрзкай самаўпэўненасцю: «Мне давядзецца змірыцца са стратай вашых міласцей». Ну што ж! Так таму і быць!

— Ён так сказаў? — усклікнула Алісія. — Добра сказана, утаймавальнік ільвоў!

— А гэта што за дзяўчына? — спытаў герцаг.

— Гэта палонніца сэра Рычарда, — адказаў лорд Фоксгэм, — пані Алісія Райзінгэм.

— Выдайце яе замуж за надзейнага чалавека, — сказаў герцаг.

— Я меў на ўвазе свайго родзіча Хэмлі, калі будзе заўгодна вашай міласці, — адказаў лорд Фоксгэм. — Ён добра паслужыў нашай справе.

— Адабраю ваш выбар, — сказаў Рычард. — Няхай яны хутчэй павянчаюцца… Скажыце, цудоўная дзяўчына, вы хочаце выйсці замуж?

— Мілорд герцаг, — сказала Алісія, — калі гэты чалавек сумленны і не вырадак…

Тут яна разгубілася, і язык прыліп да яе гартані.

— Ён не вырадак, васпані, — спакойна сказаў Рычард. — Я адзіны гарбун ва ўсёй арміі; усе астатнія складзены добра… Лэдзі і вы, мілорд, — раптоўна сказаў ён з пераўвялічанай ласкавасцю, — не палічыце мяне няветлівым, калі я пакіну вас. У ваенны час правадыр не можа распараджацца сваім часам.

І з элегантным паклонам ён аддаліўся ў суправаджэнні сваёй світы.

— Аднак, — ускрыкнула Алісія, — я загінула!

— Вы яго не ведаеце, — адказаў лорд Фоксгэм. — Гэта дробязь, ён тут жа забыў вашы словы.

— У такім выпадку ён самы лепшы рыцар, — сказала Алісія.

— Не, проста ён думае аб іншым, — адказаў лорд Фоксгэм. — Але не будзем болей марудзіць.

У царкве іх чакаў Дзік у суправаджэнні некалькіх маладых людзей. Там яго павянчалі з Джаанай. Калі яны, урачыста-шчаслівыя, выйшлі на мароз і на сонца, армія ўжо рухалася па дарозе ад абацтва. Сярод коней, сярод цэлага лесу коней лунаў сцяг герцага Гластэра. За сцягам, акружаны закаванымі ў сталь рыцарамі, ехаў славалюбны, смелы, жорсткі гарбун насустрач свайму кароткаму цараванню і вечнай ганьбе. Але вясельнае шэсце павярнула ў другі бок, і неўзабаве госці паселі за стол і гулялі вяселле без вялікага шуму. Бацька-аканом частаваў гасцей і сядзеў за сталом разам з імі. Хэмлі забыў аб рэўнасці і пачаў заляцацца да Алісіі. Яна ж была вельмі задаволена. Пад спеў труб, пад бразгат зброі, пад тупат коней адыходзячай арміі Дзік і Джаана сядзелі побач, трымаючыся за рукі, і з усё ўзрастаючай пяшчотай і любоўю глядзелі адно аднаму ў вочы.

З таго часу бруд і кроў гэтай бурнай эпохі цяклі ўбаку ад іх. Удалечыні ад трывог жылі яны ў тым зялёным лесе, дзе ўзнікла іх каханне.

А ў вёсачцы Тэнстол у дастатку і міры, хіба, можа, толькі залішне цешачыся элем і віном, жылі на пенсіі два старыя. Адзін з іх усё жыццё быў мараком і да канца сваіх дзён працягваў аплакваць матроса Тома. Другі, чалавек бывалы, які пабачыў на сваім вяку ўсяго, пад канец жыцця зрабіўся вернікам і набожна сканаў у суседнім абацтве пад імем брата Ганестуса. Так збылася запаветная мара Лоўлеса: ён памёр манахам.