Выбрать главу

Цяпер яна мела ўсе выгоды за шмат гадоў. Нават старшыня калгаса па-іншаму глядзеў на яе прыезд. Не спытаў пры сустрэчы: «Калі ж, Таня, на работу да нас?» — як рабіў гэта раней. Пацікавіўся толькі здароўем ды пахваліў за наведванне родных мясцін: «Не трэба забывацца на той куточак, дзе нарадзіліся, і тых людзей, між якіх выраслі...» Таццяна сама напомніла пра работу. Старшыня і гаварыць не даўся:

— Што вы, Таццяна Мікалаеўна, управімся самі. Адпачывайце. Не ісці ж вам, дакторцы, з віламі сціртаваць салому! А от калі хто захварэе з калгаснікаў, буду прасіць палячыць. 3 медыцынскай дапамогай у нас яшчэ блага... Хочаце, залічым вас на ўвесь адпачынак у штат калгасным доктарам? Грошай на дарогу заробіце.

Навошта Таццяне тое залічэнне ў штат? Яна і так паможа. А грошы на дарогу ў яе ёсць.

Таццяне падабалася ўтульнае месцейка пад вярбою. Добра тут было: пакупайся, пазагарай ды ў цянёк, а там — вышывай, рабі мярэжку ці кніжку ў рукі ды чытай. Толік сваёй работай заняты: то хатку робіць з пруточкаў, то студню каля вады капае. «Будзеш, відаць, будаўніком, як тата»,— думае Таццяна, паглядаючы на сынавы заняткі.

Надакучыць хлопчыку забаўляцца, можна паглядзець, што робіцца за лазовымі кустамі. Тым больш — паблізу дарога са станцыі праз іхнія Прудкі ідзе. То грузавая машына прамчыцца, то нехта пройдзе з клункам. Усё гэта цікава малому. Праўда, мама не дазваляе яму далёка адыходзіць, а то колькі чаго можна было б убачыць яшчэ!

Толік першы заўважыў Аляксея. Таццяна ляжала ў цяньку і чытала кнігу, як пачула радасны сынаў голас:

— Ма-ама, дзядзя Лё-оша!— гукнуў і кінуўся насустрач. Падбег і моцна ашчаперыў Аляксея за ногі. Той прыгнуўся, скамандаваў узлазіць на спіну і трымацца ручкамі за яго шыю. Выпрастаўшыся, Ганчарэнка паглядзеў вакол: дарослых не відаць было. Тады спытаў:

— Ты што, адзін тут гуляеш?

— Не, з мамай. Яна вунь там,— адпусціў хлопчык руку і паказаў на азерца.— Хадзем туды.

Таццяна падхапілася, зірнула між галля кустоў: сапраўды там Аляксей. Борзда накінула сукенку, паправіла прычоску і зноў села чытаць. Аляксей з Толікам за плячыма і чамаданчыкам у руцэ ішоў да азерца.

Аставалася Аляксею прайсці некалькі крокаў да берагу. Перабіраючы рукамі, Толік ссунуўся з Аляксеевых плячэй і памчаўся наперад:

— Дзядзя Лёша, во мама! — спыніўся і паказаў на куст.— Ідзіце сюды.

— Сынок, што ты гаворыш? Які дзядзя Лёша? — паднялася з кнігай у руцэ Таццяна. Калі ж з-за куста паказаўся Аляксей, для прыліку здзівілася: —Аляксей Пятровіч? Які вецер занёс вас у нашы мясціны?

— Не вецер, а бура... Нават ураган прымчаў на ваша азерца, Таццяна Мікалаеўна... Не чакалі?.. Я ненадоўга,— адказаў вінавата Аляксей і спыніўся, трымаючы ў руцэ чамаданчык. Толік таксама трымаўся за ручку чамадана і ўважліва пазіраў маці ў твар.

Таццяна падала руку, зірнула ў вочы Аляксею. Пачуцці, што ў апошнія дні выклікалі ў яе то самотнасць, то неўраўнаважанасць, адчуліся яшчэ больш.

Аляксей паставіў чамаданчык на зямлю і ўзяў Толіка на рукі.

— Прыязджаў да сваякоў, па суседству з вамі жывуць,— назваў ён вёску,— ды ўспомніў, што ў Прудках ёсць мае цудоўныя спадарожнікі. Дай, думаю, праведаю. Спадзяюся, не пакрыўдзіліся?

— Толік часта ўспамінаў вас. Бачыце, як прыгарнуўся. Злазь, сынок. Ты ж вялікі ўжо, каб на руках сядзець у чужых людзей.

Аляксей мацней прытуліў хлопчыка. Той адчуў гэта і не вельмі спяшаўся злазіць.

— Няхай пабудзе, не такі ўжо я чужы яму,— глянуў Аляксей спадцішка на Таццяну.— Ён усе гэтыя ночы са сваёю мамаю сніўся мне.

— I мы з ім снілі вас. Значыць, квіты.

Крадком ад маці хлопчык цмокнуў Аляксея ў шчаку і заварушыўся злазіць. Аляксей таксама пацалаваў Толіка і апусціў на зямлю.

— Дзядзя Лёша, а што ў вас тут? — паспрабаваў падняць чамаданчык Толік.

— А мы зараз паглядзім з табою,— прысеў Аляксей на кукішкі.— Можа там зайчык, а можа вожык, а можа яшчэ што...

Толік таксама нагнуўся над чамаданчыкам. Знарок корпаючыся ў замку,— быдта вечка ніяк не адчыняецца,— Аляксей кідаў позіркі то

на хлопчыка, то на яго маму. Толік раіў цягнуць зашчапку мацней і сам памагаў. 3 ласкавай усмешкай Таццяна пазірала на гэтага добрага чалавека.

Нарэшце замок пстрыкнуў. Аляксей асцярожна пачаў падымаць вечка, наказваючы:

— Глядзі, каб не ўцёк наш зайчык.

Хлопчык сцішыўся, затаіў дух і прыгнуўся ніжэй, каб праз шчылілінку сачыць за звярком.