Выбрать главу

Гаворка зайшла так далёка, што, здавалася, не будзе ёй канца, але раптам Мікалай схамянуўся:

— Пачакай, пачакай, Марыйка. Скажы мне, калі ласка, адкуль ты ўзяла, што яна збіраецца мяняць мужа? Што гэта мы, ні села ні пала, аддаём замужнюю жанчыну замуж? Ды каго яшчэ аддаём — дачку родную.

Мужавы развагі ані не збянтэжылі Марыю. На яго пытанне яна сыпанула сваімі:

— А чаго ён тады прыпёрся? Чаго? Скажы, калі ты разумнейшы за другіх?.. Закарцела даведацца пра здароўе спадарожніцы? Пазабаўляцца з яе сынам? Пазнаёміцца з яе бацькамі? А можа захацелася Прудкі нашы паглядзець?

— Што яму там закарцела, зноў жа не нам разбірацца,— усё тым жа спакойным голасам адказаў Мікалай.— А што мы павінны прыняць чужога чалавека па-людску, вось гэта ўжо наш абавязак... Там паўлітэрак павінен быць,— кіўнуў галавой на шафу,— паставіш, ды на закуску паглядзі чаго...

— Цьфу ты, што за чалавек! Ты яму пра каноплі, а ён — пра гарох! — Марыя добра ведала мужаў нораў: сказаў — адрэзаў, і не стала больш настойваць на сваім.

Таццяна і Аляксей таксама вялі гаворку не менш важную. Быў зручны момант для Аляксея раскрыць сваю душу.

— Паверце мне, Таня, я не мог не пабачыцца з вамі,— загаварыў ён усхвалявана.— Вы маеце права забараніць мне прыязджаць сюды. Можаце і зараз не дазволіць глядзець на вас, але ў сэрцы сваім я ўсё жыццё буду насіць ваш вобраз, прыгадваць нашу незабыўную дарогу. Тут ужо не ў вашай сіле зрабіць што-небудзь...

Баючыся, каб Толік не зразумеў чаго з іхняй гаворкі, Таццяна параіла Аляксею асцярожней падбіраць словы.

— Ці не лепей усё ж пайсці? Пераначую ў полі пад сціртай саломы. А заўтра, калі дазволіце, завітаю на бераг азярца,— падняўся з крэсла Аляксей.

— Зноў вы пра сваё? — устала Таццяна.— Не ўздумайце рабіць гэтага! Што падумаюць тата з мамай. Сядайце...

Ён паслухаўся, як нявольнік.

Толік заўважыў, што ніхто на яго вельмі не глядзіць, і выйшаў пагуляць на дварэ. У сенцах убачыў прачыненыя дзверы ў іх пакой і зазірнуў туды. Сваім з’яўленнем ён напомніў бабулі пра маму і Аляксея, і яна заспяшалася ў святліцу.

Увайшла маці і сказала дачцы збіраць на стол вячэру. 3 двара ўбег Толік, вясёлы, жвавы, убачыў, што Аляксей адзін, кінуўся да яго, і адразу на калені.

— Не дакучай, унучак, чужому дзядзю,— папракнула бабуля, перастаўляючы букет кветак са стала на шафку.

Хлопчык павярнуў галаву ў той бок, адкуль пачуўся пагрозлівы голас, і мацней прытуліўся да Аляксеевага пляча. Злазіць ён і не думаў.

— Толік, каму сказана? Злазь! — гэта ўжо быў загад.

— Марыя Апанасаўна, ён мне не дакучае. Няхай сядзіць,— уступіўся за хлопчыка Аляксей.— Я люблю забаўляцца з малымі.

Непаслушэнства ўнука, а тым больш заступніцтва за яго чужога чалавека зусім раззлавалі гаспадыню. Была зручная нагода дапячы Аляксею:

— Не толькі, відаць, з малымі любіце забаўляцца? — сказала, засцілаючы стол чыстым абрусам, і тут жа перавяла дакор на Толікаву маці: — Распесціла цябе мамка, а цяпер і чужым людзям не даеш пробыту.

3 куханькі выйшла Таццяна з нарэзаным на талерцы хлебам. Яна чула матчыны папрокі і ўступілася за сына:

— Мама, не прыставайце, калі ласка, да Толіка. Ён нічога благога не робіць вам. Горш будзе, калі пачне плакаць ці капрызіць.

— А ты ўвядзі ў вушы, каб плакаў ды капрызіў... Увядзі...

Здавалася, вось-вось вырвецца ў Таццяны крыўда на маці, ды прымусіла сябе змаўчаць: выцягнула шуфлядку ў стале і пачала раскладваць відэльцы.

Увайшоў гаспадар. Таццяна пазнаёміла бацьку з Аляксеем. Прытрымліваючы рукою Толіка, Аляксей падняўся з крэсла і павітаўся. Дзед паказытаў унука за падбародак. Хлопчык задрыгаў нагамі, гучна засмяяўся, і адразу павесялела ў хаце.

Першую чарку Мікалай падняў за таго, хто не абмінуў іхняй хаты.

— Дзякую,— прыўзняўся Аляксей.

— Не ведаю, па якой прычыне занёс вас бог у нашы мясціны, але чужому чалавеку мы заўсёды рады...

— Іду да сябра,— паспяшыў запэўніць гаспадара госць,— ды вырашыў заадно па дарозе наведаць былых спадарожнікаў. Унук у вас цудоўны...

— Добры малец,— згадзіўся дзед і напомніў яшчэ раз Аляксею: — Дык за ваша здароўе.

— I за вашага ўнука,— дадаў госць.

Пасля вячэры маці сказала Таццяне:

— Будзеце спаць, дачушка, сёння тут, разам з намі, а ў той палавіне няхай пераначуе госць. Там яму будзе спакайней, ды і заўтра зможа даўжэй паспаць уранку... Схадзі, падрыхтуй пасцель... Але не, лепш мый пасуду, я сама пасцялю і прыбяру там.

Таццяна зразумела матчыну трывогу і не стала пярэчыць.