Выбрать главу

Застаўшыся адны ў святліцы, мужчыны загаварылі пра нядаўнія халхін-голскія падзеі.

Мікалай быў з тых калгаснікаў, што выпісвалі газеты і цікавіліся навінамі. Калі ж чаго не разумеў, то не саромеўся спытаць пра гэта ў другіх, хто больш разбіраўся: у настаўніка ці старшыні калгаса. I Ганчарэнка быў для яго добрым субяседнікам.

Увайшла Марыя, пастаяла нейкі момант, паслухала, што гавораць мужчыны, і напомніла, што пара спаць.

Аляксей падняўся першы. Марыя выйшла следам паказаць, дзе паслана.

Гэта быў прыбудаваны пакой з незамазанымі яшчэ глінай пазамі: спадзяваліся на асадку сцен. Да прыезду Таццяны ніхто ў ім не жыў. Прыбудоўку да глухой сцяны зрабіў малодшы Таццянін брат, які цяпер служыў у арміі. Хацелася хлопцу мець свой куточак, бацькі памаглі сыну, бо разумелі: кідае хлапец за сабою, каб знайсці потым перад сабою. Адслужыць, вернецца дахаты, будзе гатовы прытулак для новай сям’і.

У пакоі цьмяна гарэла васьмілінейная лямпа. Першае, што кінулася Аляксею ў вочы, як толькі пераступіў парог і зачыніў за сабою дзверы,— руплівая жаночая рука. На ўсіх трох вокнах віселі просценькія марлевыя фіранкі, абмярэжаныя ўнізе і з вышытым васільком пасярэдзіне. Гэта ўжо тут, на беразе азярца, Таццяна даводзіла іх да ладу. А да сцяны на двух кранштэйнах быў прымацаваны туалетны столік, зроблены бацькам па просьбе дачкі. Тапорная Мікалаева работа скрашвалася засланай белай марляй. 3 трох бакоў яна звісала амаль да самай падлогі, з тымі ж блакітнымі васількамі, як на фіранках.

«Пад адзін стыль усё»,— падумаў Аляксей і, падкруціўшы ў лямпе кнот, нахіліўся над столікам паглядзець, што за фатаграфія стаіць за каробачкай пудры. Павярнуў трошкі да святла і пазнаў на ёй Таццяну, яе мужа і Толіка, маленькага. Пазнаў і адчуў сябе злодзеем, які залез сюды.

Тут жа, на сцяне, вісела ў рамцы пахвальная грамата ад Навасёлкаўскай МТС трактарысту Міхасю Касценічу за ўдарную работу. Дата паказвала трыццаць дзевяты год. «Малайчына, добра пастараўся перад арміяй»,— пахваліў у думках Аляксей і прыгадаў, як цешылася з брата Таццяна. За доўгую дарогу да Масквы яна ўсё расказала пра іхнюю сям’ю. Быў яшчэ ў Таццяны старэйшы брат, але той загінуў ад маланкі. Яна была тады на трэцім курсе інстытута і страшэнна перажывала разам з бацькамі недарэчную смерць Васіля...

Побач са столікам стаяў жалезны ложак, засланы ружовай капай. Аляксей адхінуў яе, паглядзеў на бялюткія просціны і зноў накрыў. Памкнуўся быў прысесці, ды схамянуўся, што пакамечыць капу і адкінуў ражок. Сеў на краёчак ложка, абвёў вачыма пакой. Гэты раз больш уважліва. Зноў позірк затрымаўся на фотакартцы. I міжволі набегла думка: «Чаго табе, Аляксей, трэба тут? Што скажаш ты, калі зараз адчыняцца дзверы, зойдзе нахмураны Іван Самсонавіч і грозна спытае: «Цікава, па якому праву вы збіраецеся спаць на гэтай пасцелі? »

«Па якому праву?» — паўтарае Аляксей і тут жа адказвае: — «Па праву кахання. Я люблю Таццяну...»

Аляксеевы думкі перапыніў стук у дзверы. Гэта маленькім кулачком стукаў Толік. Хлопчык ніяк не хацеў спаць на новым месцы.

— Хачу на нашым ложку, з дзядзем Лёшам.

Таццяна прыкінулася пакрыўджанай.

— А мяне ты ўжо не любіш?

— Люблю, мама, люблю. Вось так,— моцна, моцна прыгарнуўся да маці. А як адпусціў рукі, зноў напомніў пра сваё.

Нарэшце яны дамовіліся: пойдуць развітаюцца на ноч з Аляксеем і будуць спаць.

Таццяна ў сенечным прыцемку трымала сына за руку. Як толькі з пакоя на Толікаў стук пачулася «прашу», яна нахілілася і шапнула сыну, што сказаць. Той гукнуў: «Спакойнай ночы, дзядзя!»

Аляксей адчуваў, што разам з Толікам за дзвярыма стаіць маці, усхапіўся з ложка, загарнуў ражок капы: думаў, зойдуць. Пачуўшы, як сталі аддаляцца іхнія крокі, зразумеў, што Таццяна пабаялася матчыных дакораў.

V

Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губамі, нешта мармытаў праз сон. Што ён гаварыў, зразумець было цяжка, ды маці і не старалася вельмі разабраць. Яе турбаваў іншы клопат. Як змацаваныя між сабою колцы складаюць ланцужок, так нечым суцэльным і бясконцым здавалася Таццяне знаёмства з Аляксеем.

Да малюсенькіх драбніц прыгадвалася ёй доўгая дарога. I тая звычайная ўжо на першым часе Аляксеева ўвага да яе, як да пасажыркі аднаго купэ, уяўлялася цяпер нечым большым.

«Сапраўды, што ж гэта творыцца са мною? — соладка пацягнулася праз дрымоту Таццяна, ахінула плечы льняной капай і адчула, як лёгкі халадок прабег па целе. Думала, накрыецца і хутчэй засне, а выйшла іначай: не толькі сон, але і дрымота прапала.— Няўжо ад таго, што на новым месцы? — прыгадала свой ложак і падумала: — Цікава, ён таксама не спіць?..»