Не вельмі спалася і Аляксею. Пасля таго, як Толік пажадаў «спакойнай ночы», ён ціхенька выйшаў на двор (спадзяваўся, можа гэта быў Таццянін знак) і добрую гадзіну тупаў па ім. Вярнуўшыся, лёг на мяккі, напханы саломай сяннік адпачываць. Узяў са століка кніжку «Нервные болезни» і падсунуў бліжэй да пасцелі лямпу з самаробным папяровым абажурам на шкле. Пагартаў, паглядзеў малюнкі, палажыў кніжку і ўкруціў кнот. Агеньчык усхліпнуў і пагас.
Аляксей Павярнуўся на бок. Думаў, засне, але сну і блізка не было.
«А ці не скажа тое ж яна, што Эма тры гады назад? — сама сабою ўсплыла крыўда, прычыненая яму.— Яна мае большае права зрабіць гэта: у яе муж, дзіця... А можа гэта толькі флірт, жаночыя хітрыкі: «Муж не разумее, інтарэсы розныя...»
Па характару Аляксей быў чалавек даверлівы. Два гады дружыў ён з Эмай. Пакуль вучыўся ў вайсковай школе — і спатканні прызначала, і на вечары да іх прыходзіла, і самога два разы запрашала да бацькоў, каб паказаць, што за хлопец сустракаецца з ёю.
Эма трымала сябе строга. I гэта асабліва цаніў Аляксей. Перад заканчэннем школы ён аднаго вечара сказаў ёй: «Час і нам, Эмачка, схадзіць у ЗАГС. Некаторыя з маіх сяброў пажаніліся ўжо...»
Такую сур’ёзную прапанову дзяўчына ператварыла ў жарт: «Паспеецца, не гарыць жа... Збудзь з галавы адзін клопат — вучэнне, тады возьмеш на шыю другі... Май на ўвазе, я капрызная. Набярэшся яшчэ са мною гора. Пахадзі пакуль нежанаты».
Толькі пазней Аляксей зразумеў, чаму адкладвала з дня на дзень сваё замужжа Эма: хацела ведаць, куды яго прызначаць.
«Аж на Далёкі Усход ехаць? — здзівілася яна.— А хіба тут, паблізу, нельга табе астацца?»
«Дысцыпліна ў арміі, Эмачка, на першым плане. Куды пасылаюць, туды ідзеш ці едзеш...»
Дзяўчына сказала, што пагаворыць раней дома.
Апошняе спатканне прайшло коратка. Эма зваліла віну на бацькоў: яны не адпускаюць. «А ты што, свайго розуму не маеш?» — стараўся дапячы Аляксей. Дзяўчына адкараскалася жартам: «Ёсць, але невялічкі, на далёкую паездку не хопіць...»
Цяжка было прызнацца сябрам, што так усё скончылася. Зняслаўлены, абражаны, Аляксей даў тады сабе слова не дружыць больш ні з адной дзяўчынай...
Цяпер, у начной цішыні, ён зноў прыгадаў падарожжа. «Так бы, здаецца, усё жыццё быць нам разам: у дарозе, дома, у паходах...» — Потым думкі пераносяць яго ў сваю часць. Вось ён знаёміць калег-камандзіраў і іх жонак з Таццянай. Некаторыя з жанчын дапытлівым позіркам аглядаюць яе, трошкі зайздросцяць, што яна ўрач і зможа працаваць тут. Людзі з такой прафесіяй усюды патрэбны і заўсёды знойдуць сабе работу. Іх цікавіць, як прызвычайваецца Таццяна да ціхіх мясцін пасля шумнага горада. Ім чамусьці здаецца, што яна абавязкова з вірлівай сталіцы.
Колькі так мінула часу, Аляксей не ведаў. Зірнуў у акно і нейкі момант не мог уявіць, ці то быў сон, ці мроілася. Устаў, падышоў да акна, каб зірнуць на гадзіннік, колькі часу. За акном свяціў вышчарблены месяц. Цень ад хаты падаў на двор. Раптам рыпнулі дзверы з кухні ў сенцы. «Здалося мне ці сапраўды выйшаў хто з тае палавіны?» — насцярожыўся Аляксей. Больш нічога не было чуваць. Тады паціхеньку прачыніў свае дзверы: калі гэта выйшла цішком Таццяна, дык няхай ведае, што і яму няма спакою.
Дзверы рыпнулі зноў. Усё ж нехта выходзіў. Не да сну стала Аляксею. «Хто ж бы гэта? Таццяна ці маці? Калі Таццяна, то зайшла б, хоць на хвілінку, чула ж, як прачыніў дзверы... Значыць, матулька. Сочыць, як за злодзеем якім,— не зачыняючы дзвярэй, лёг на пасцель.— Сысці, пакуль там спяць»,— вырашае Аляксей.
Ён устаў, запаліў лямпу, прысеў каля століка, вырваў з блакнота лісток, падзякаваў за гасціннасць. А пра тое, чаму так рана пакідае гаспадароў, напісаў: «Лепш будзе ісці халадком да сябра, а вам — менш клопату з чужым чалавекам». У постскрыптуме дадаў па-нямецку чакаць пісьма. Меркаваў, калі запіска трапіць у рукі бацькоў, то ім не зразумець, а Таццяна разбярэцца.
Аляксей палажыў карталюшку на разгорнутую кнігу, адзеўся, высыпаў на столік цукеркі і пячэнне: «няхай ласуецца Толік». Сам узяў пусты чамаданчык і асцярожнымі крокамі выйшаў з хаты.
На ўсходзе пачынала світаць.
VI
Увесь дзень Таццяна не знаходзіла ўпынку. Ідучы на бераг, спадзявалася чамусьці, што ён там. I не застала. Зусім нямілымі раптам сталі і азерца, і ўзятая з сабою кніга. Ужо на трэцяе месца яна перанесла коўдру: то грудочкі немаведама адкуль узяліся на зямлі і мулялі бок, то цень засціў сонца. Нарэшце знайшла больш-менш утульнае месцейка.
Колькі разоў падбягаў ужо Толік то спытаць што, то пазабаўляцца, як рабіў гэта тыя дні, але ў засмучанай мамы не было ранейшай ахвоты ні на размовы, ні на забаўку. Крыўда на Аляксея за яго неабдуманы прыезд і яшчэ большая за неспадзяваны ад’езд не давала спакою.