I агарнулі думкі Таццяну: «Знайсці прычыну можна, канечне, але пра што гаварыць на тым спатканні? Схадзіць у Бярэжу ці не? Пабачыцца яшчэ раз ці махнуць рукою і паставіць на ўсё крыж?»
Было над чым падумаць жанчыне. Хто можа ведаць, як складзецца жыццё з новым чалавекам? А Таццяна была ўпэўнена, што гаворка пойдзе пра гэта, і палохалася.
I ўсё ж у назначаны Аляксеем дзень Таццяна за снеданнем сказала маці, што хоча схадзіць на станцыю, даць мужу тэлеграму.
— Абяцаў штодня пісаць, а тут прыслаў адно пісьмо і змоўк.
— Не канечне самой ногі хвастаць за блізкі свет, прыпаручы пісьманосцы. Што ёй, цяжка аднесці тваю дэпешу?
— Ай, сама прайдуся. Можа фурманка надарыцца. За адным заходам пагляджу, ці няма чаго людскага ў краме. Кажуць, тканіны бываюць там прыгожыя.
Пад’ехаць так і не ўдалося Таццяне. Са станцыі ішло шмат парожніх фурманак: адвозілі нарыхтоўку збожжа і цяпер вярталіся ў свае калгасы. Сёй-той з маладых вазакоў жартаўліва спачуваў, што не ў адну дарогу з імі такая маладзіца, а то можна было б падвезці.
Ішлося Таццяне лёгка з пустой сумкай ў руцэ і сандалях на нагах. Да прыходу цягніка аставаўся час, і Таццяна пайшла ў краму. Набрала сабе паркалю на сукенку, а матцы купіла квяцістую хустку. Падыходзячы да станцыі, бачыла, як цягнік рушыў у дарогу.
Здалёк заўважыла на невялікім апусцелым пероне Аляксея. Той разгублена паглядаў на бакі і трывожыўся: дзеля каго прыехаў — не было. Не ведаў і не здагадваўся нават чалавек, што жанчына наўмысна не спяшалася, каб не сустрэцца з кім з прыезджых, хто ведае яе. Пачнуць распытваць, чаго тут, ці скора дахаты?
Таццяна пайшла на перон не праз вароты, як рабілі гэта многія пасажыры, а праз вакзал. Аляксей, страціўшы надзею на сустрэчу, накіраваўся таксама туды, каб даведацца, калі праходзіць цягнік на Мінск.
Тут, у дзвярах, яны і сустрэліся. Праз шкляную шыбу Таццяна ўбачыла Аляксея, і яе працягнутая рука апусцілася, не дакрануўшыся да дзвярной ручкі.
— Прыйшлі ўсё ж? — не верыў Аляксей яшчэ сваім вачам.
— Не спадзяваліся ўбачыцца?
— I спадзяваўся, і сумняваўся...
Яны прыселі на лаўку і нейкі момант глядзелі адно аднаму ў вочы. Таццяна ўсміхнулася, і ў гэтай усмешцы адчувалася: «Доўга мы яшчэ будзем маўчаць?» Загаварыў Аляксей:
— А я так непакоіўся... Маліўся ўсім святым, каб хаця вы атрымалі маё другое пісьмо.
— Дайшла, бачыце, ваша малітва,— не адводзячы позірку ад яго блакітных вачэй, пажартавала Таццяна.
— Першае таксама атрымалі?
Яна кіўнула галавой. Чаму не было на яго адказу, Аляксей распытваць не стаў.
У пустым станцыйным зальчыку заседжвацца не выпадала: усё тая ж боязь, каб не перадаў хто Таццяніным бацькам, з кім сустракалася іх дачка, непакоіла жанчыну. Ды і дахаты пара было брацца Таццяне. Аляксей пайшоў праводзіць. Выбралі кружную дарогу, дзе найменш маглі напаткацца знаёмыя.
Хутка яны ўвайшлі ў невялікую кудзерку лесу і адразу адчулі халадок.
— Вы не надта спяшаецеся, Таня, дахаты? Можа прысядзем у цяньку на якую часінку? Ну хоць бы вунь пад тою купчастаю елкаю,— паказаў Аляксей.
— Стаміліся ці проста заманулася сесці? — спынілася і строга паглядзела ў вочы Аляксею Таццяна. Быдта вывучала, што хаваецца за гэтай прапановай. Чамусьці ні з сяго ні з таго прыгадалася матчына гаворка пра мужчынскія кпіны.
— Ды не, што вы! — разгубіўся Аляксей.— Ніякай стомы... 3 вамі я гатовы хоць сто кіламетраў ісці...
— Вы згодны на такое, бо ведаеце, што я першая прыстану,— краёчкам вока глянула Таццяна.
Аляксей зусім збянтэжыўся: не трапляў ніяк у лад.
— Танечка, гэта ўсё не тое... Нам трэба сур’ёзна пагаварыць. Я таму і параіў прысесці, каб спакойна, без спешкі...
Таццяна ўсміхнулася.
— А хіба ідучы нельга размаўляць пра сур’ёзнае і без спешкі? — і першая ступіла з месца.— Я слухаю, кажыце.
Аляксей не быў падрыхтаваны да такой раптоўнай гаворкі. Спадзяваўся, пачнецца яна з другараднага, а потым усплыве само сабою і тое галоўнае.
— Ну, што ж вы маўчыце? — напомніла Таццяна.— Я чакаю.
— Я не магу без вас, Таня. Я казаў ужо і кажу яшчэ раз... Вы добра разумееце, чаго я зноў прыехаў...
Таццяна разумела, вядома, прычыны Аляксеевых прыездаў, але гаварыць не спяшалася: «Няхай скажа сам...»
— Я не абяцаю вам райскіх выгод... У нашым вайсковым жыцці, а я звязаў свой лёс назаўсёды з арміяй, усё можа быць. У адным магу запэўніць: вечна кахаць вас. Тут я гаспадар слова...
— У прыродзе, Аляксей, няма нічога вечнага, апрача матэрыі, калісьці вучылі нас, ды і вас,— паспрабавала яна звесці ўсё на жарт.