Выбрать главу

— Ёсць, Таня, духоўная вечнасць... Вечнасць кахання. Яе і абяцаю вам... Мая рука ў вашай,— Аляксей злёгку паціснуў Таццяніну,— прашу прыняць як апору.

Ад цёплай рукі і пачутых слоў, быдта ад лёгкага электрычнага току, скаланула Таццяну. Хвіліну якую яна стаяла разгубленая. 3 Іванам усё было неяк проста: дружылі, хадзілі ў кіно, на інстытуцкія вечары, гулялі па вуліцы, часам у парку, і аднаго дня без ніякай пышнасці, зусім па-простаму, зайшлі ў ЗАГС. На нейкую долю секунды мільгануў Іван. Убачыла не ўвесь твар, а толькі шчаку, калі, павярнуўшыся ад дзвярэй, казаў: «Да сустрэчы». Так рабіў ён штодня, адыходзячы першы на работу, і яна адказвала: «Шчасліва». Следам за мужам прамільгнуў вобраз маці: роспачлівы, грозны...

Не вызваляючы свае рукі з Аляксеевай, яна пазірала на сухія сасновыя шышкі ўзбоч сцяжынкі. Аляксей цярпліва чакаў адказу. Павольна міналі секунды. Абое маўчалі. Нарэшце яна падняла галаву, зірнула на Аляксея і ўпершыню назвала яго ласкава ўголас:

— Мы надта мала ведаем адно аднаго, Лёша, і раптам пачуць такое замужняй жанчыне,— вызваліўшы руку, палажыла на плячо Аляксею і з лёгкім дакорам сказала: — У нас жа толькі дарожнае знаёмства. Разумееце?

— А хіба гэтага мала, Таня?

— Мала, Лёша, вельмі мала...

— Мне думаецца, людзі могуць пазнавацца не толькі ў бядзе, але і... у дарозе.

— Я веру, вы шчыра кахаеце мяне, але ўсё гэта надта паспешліва... Да таго ж, сын у мяне...

— Ваш сын не можа служыць перашкодай, Таня. Я люблю яго, гэта вы самі бачылі...

Раптам Таццяна спытала:

— Колькі дзён асталося яшчэ вашага водпуску?

— Васемнаццаць без сягонняшняга.

— Тады ў нас яшчэ ёсць час: мне — падумаць, вам — раздумаць.

— Кажу вам адразу, Таня, са мною такое не станецца. Раздумваць і адступацца ад свайго шчасця я не збіраюся.

Развітвацца Таццяне не хацелася. Нейкая таемная сіла трымала яе, цягнула да гэтага чалавека. Яна апусціла долу вочы і, пазіраючы то на запыленыя Аляксеевы чаравікі, то на свае сандалі, думала: «Калі ж той дождж пройдзе і хоць трохі прыб’е пыл? »

Аляксей прыгарнуў яе да сябе, цалуючы пышныя валасы, загарэлую шыю. Потым нахіліў трошкі ўбок сваю галаву і пацалаваў у шчаку. Таццяна зняла руку з пляча і вызвалілася з Аляксеевых абдымкаў.

— Лёша, я пайду. I вы вяртайцеся на станцыю.

— Ну, як жа вас адных адпусціць сярод лесу? — паціснуў плячыма Аляксей.

— У такім разе, праводзьце да поля. Яно ўжо недалёка.

Што кудзерка лесу хутка скончыцца, мала ўсцешыла Аляксея. Ён згодзен быў бясконца ісці ды ісці побач з Таццянай у шырокі свет. Тут нечакана ў Аляксея з’явілася зусім новая думка:

— Ведаеце, што мне прыйшло ў галаву? Пайсці абоім да вашых бацькоў і смела расказаць пра наша рашэнне.

— Ніякага рашэння ў мяне яшчэ няма, Лёша. I не прыспешвайце. Дайце час асвоіцца з такой акалічнасцю... Ды і вы лішні раз падумайце...

На ўзлеску яны развіталіся. Аляксей сказаў чакаць яго пісьма.

VII

Крушынін адрэзаў кавалачак падсмажанага мяса і пачаў намазваць гарчыцай.

— I што вы думаеце, дарагі мой, прайшло нешта з месяц пасля ад’езду, прыходзіць ад Таццяны пісьмо з развадной. Усцешыла, называецца, мужа. Я — не іх, яны — не мае. Вам спадабалася б такое? — крануў ён за руку Аляксея.

Штосьці гнеўнае і пагрозлівае было ў Іванавых вачах. Ганчарэнка марудзіў з адказам: «Ці не пазнаў ён усё ж мяне? I цяпер прыпірае да сцяны, каб я сам сабе вынес прысуд?» — думаў ён.

— Вядома, не спадабалася б,— адкусіў кавалачак мяса Крушынін.— I я так успрыняў. Павінен жа мець чалавек хоць трошкі гонару ў сабе. «Не трэба мне тваіх аліментаў»,— заявіла ў пісьме. Адкуль узялася гэта гордасць, скажыце? Аліменты я ўсё ж адкладваў сам, усе гады, на асобую кніжку,— раптам адумаецца і запатрабуе,— а яе шукаць не стаў. Дрэнна, вядома, зрабіў, што не спытаў у яе бацькоў, дзе яна апынулася... Дзеля сына. Характару свайго перасіліць тады не змог. Заела: ні туды ні сюды. Кінула, зраклася, ну і жыві... Каго яна там знайшла сабе, які ўдавец спакусіўся, розуму не дабяру.

— Чаму вы думаеце, што яна выйшла за ўдаўца? — здзівіўся Аляксей.

— А што, за хлопца, ды, можа, яшчэ за прыгожага?.. Вы самі ўзялі б, будучы маладым, жанчыну з чужым дзіцем? Узялі б? Не расказвайце баек. Гэта цяпер гаворыце так, дачакаўшыся, відаць, унукаў, а тады, нябось, выбіралі стройненькую ды прыгожанькую, ды каб яшчэ дзяўчынай вам дасталася. А як жа іначай? Чужое дзіця гадаваць і вечна думаць, што гэта не тваё,— радасць невялікая...

— А я ўзяў жонку з дзіцем, хоць вы і не верыце, і ніколі не думаў, што гадую чужое дзіця. Так і другі хто: бачыў, каго браў, з кім браў, з чым браў, калі па каханні, вядома, браў, а не па разліку, дык і будзь чалавекам,— паклаў Аляксей нож і відэлец на талерку і адсунуў яе на сярэдзіну стала.— Скажу вам, ды вы і самі добра ведаеце, у сямейным жыцці многае залежыць і ад нашага брата-мужчыны. Мы толькі вінавацім заўсёды жанчын, а самі таксама бываем добрымі цацамі. Любім сваё «я» паказваць, дзе трэба і не трэба. Нават тады, калі яўна трэба ўступіць жонцы, не ўступаем...