Крушынін адламаў кавалак хлеба і абмакнуў у падліўку.
— Характары людскія, дарагі мой,— бездань. У сям’і гэта найбольш выяўляецца. Аднаму здаецца: яго паводзіны, яго жыццё — павінны быць узорам для другога. А той другі ці другая не прызнае гэтага. От і пачынаецца калатэча... Мая Таццяна паняй хацела быць з маладых гадоў, а я раіў: абжыцца спачатку, агледзецца, сёе-тое мець пра запас на чорны дзень... Транжырка яна была, во хто: не любіла, каб рубель які аставаўся на пасля. Убачыць што ў людзей — падавай і ёй тое самае. Шубку коцікавую, сукенкі самыя дарагія, туфлі найдаражэйшыя... Добра, што тады пярсцёнкі не былі ў модзе, як цяпер, а то і іх падавай. Ды не абы-якія, а залатыя, з дарагімі каменнямі... Яны, жонкі, так глядзяць на нас: узяў замуж, дык і забяспечвай усім, што ёй уздумаецца, што спадабаецца...
Аляксей усміхнуўся прытоенай усмешкай. «Гавары, гавары, ды меру знай»,— адчувалася ў яго поглядзе, а Крушыніну сказаў:
— Перабольшваеце, Іван Самсонавіч. Не ўсе жанчыны такія, як вы кажаце. У тым ліку і ваша былая жонка...
— Прабачце, Аляксей Пятровіч, каму лепш ведаць, як не мужу, якая была мая жонка? Скажыце, вы задаволены сваім сямейным жыццём? Задаволены. Нават вельмі? Тады вам пашчасціла. I цяпер па сабе мяркуеце, што ўсе так жывуць ці прыблізна так. А ў многіх бывае іначай. Я гэта са свайго вопыту ведаю. Вам колькі год?
— Пяцьдзесят шэсць.
— Значыць, маладзейшыя трохі за мяне. Равеснік Таццяне. Ёй таксама столькі, калі жывая дзе...
— Жывая,— не стрымаўся Аляксей, як пачуў такое пра сваю жонку, і дадаў: — Жанчыны жывучыя.
— Як знаць? Яна ўрач, а іх вунь колькі было на вайне і не вярнулася назад. У нас мабілізавалі адну з амбулаторыі нумарнога завода. Муж інжынерам працаваў у мяне і нешта праз год атрымаў пахавальную. Так што невядома, дарагі мой, што і як з Таццянаю сталася. Столькі часу прайшло...
«Ну і сітуацыя!» — падумаў Алякеей.
Крушынін, відаць, таксама быў заняты думкамі пра былую жонку. I каб Аляксею не прыйшло ў галаву, што ён усё яшчэ перажывае драму трыццацігадовай даўнасці, сказаў:
— Таццяна да слова прыйшлася. Мне цяпер усё роўна: жывая дзе яна ці не... Хачу толькі сына знайсці ды падзяліцца з ім сваімі зберажэннямі. Няхай бы сабе машыну купіў ці дачу. Цяпер гэта модна...
«Тым лепш, тым лепш,— зарадаваўся Аляксей.— Калі цябе, Іване, Таццяна не хвалюе, то мне і расказваць не трэба пра яе»...
А расказаць у Ганчарэнкі было пра што. Расстаўшыся з Таццянай на ўскрайку лесу, ён цвёрда вырашыў не адступацца ад свайго. Прыгадалася вычытанае ў кнізе, што ў каханні, як на вайне. Выйграе той, хто не апускае рук пры першай няўдачы.
Дахаты Аляксей вярнуўся невясёлы. Маці заўважыла гэта і, падаючы вячэру, быдта між іншым, спытала:
— Ну, як з’ездзілася, сынок? Застаў хоць дома сваю красуню?
— Таню? Застаў. Толькі красуняй назваць яе нельга.
— Дык а чаго ж ты ўлягаеш так за ёю?
— Душа ў яе багатая, мама. Яна была б шчасцем не толькі для мяне, але і для вас, як нявестка.
— А што ж перашкаджае? Спадзяецца на лепшага?
— Не адважваецца жанчына... Дзіця на руках.
Маці ледзь не выпусціла з рук міскі.
— А сыночак жа мой, дык гэта ты хочаш браць тую, што ехала з табою ў цягніку, пра якую расказваў?
Аляксей кіўнуў галавой.
— Вой, вой, вой!.. А дзіцятка маё, ды што ж ты надумаў? Не жаніўся, не жаніўся і выбраў нарэшце...— усхліпнула маці.— Навошта чужыя дзеці табе? Знойдзеш дзяўчыну па сэрцы,— сваімі будзем цешыцца. Ці ж мала іх у нашай вёсцы?
— Матуля мая, не будзе ў мяне жыцця без Тані...
I ласкавыя сынавы словы, і той жаласны тон, якім яны былі сказаны, выклікалі ў жанчыны спагаду.
— Трэба ж так затлуміць галаву чалавеку. Быдта яна адна на свеце...— гаварыла маці сама сабе, сцелючы пасцель.— Глядзі, каб пасля не каяўся... Перастань думаць пра яе, дык і забудзецца...
А яна не забывалася... I Аляксей зноў сеў за пісьмо. Не ладзіўся пачатак: усё было не тое, што хацелася сказаць. Нарэшце настроіўся на пэўны лад. «Сваім каханнем і пакутамі бяссонніцы я хачу заслужыць Вашу любоў, Таня, да мяне. Толькі вы адна можаце ашчаслівіць таго, хто не пакідае думаць пра Вас... Калі асмеліцеся ступіць свой першы, так жаданы для мяне, крок (я яшчэ раз прашу зрабіць гэта), напішыце. Я буду чакаць Вас у Мінску на вакзале... Чацвёртага жніўня. Забірайце сына і прыязджайце вячэрнім цягніком. У мяне яшчэ астанецца некалькі дзён адпачынку, мы зможам аформіць па закону наша новае жыццё, пабыць у горадзе ці з’ездзіць да мае мамы, калі Вы пажадаеце гэтага, або спыніцца на дзень ці два ў Маскве, схадзіць у Маўзалей, паглядзець горад...