Выбрать главу

Цалую Вашу руку і яшчэ раз прашу Вас ашчаслівіць мяне.

Аляксей».

Пісьмо ён не спяшаўся адсылаць. Перачытваў, папраўляў.

Гэтым разам адказ быў кароткі, але радасны для Аляксея: «Сустракайце вячэрні цягнік у назначаны Вамі дзень і час. Таня».

Аляксей не знаходзіў сабе месца ад радасці. Цалаваў лісткі Танінага пісьма, быдта яе шчокі.

— Глядзі, сынок, каб не каяўся потым,— напомніла Марфа зноў. Ведала, што надарма гаворыць, але сказаць лічыла патрэбным для заспакаення свайго матчынага сэрца.

— Не каюся, што пайшоў у вайсковую школу, і тут, спадзяюся, не буду каяцца,— пацалаваў ён некалькі разоў маці ад радасці.

— Дай божа, сынок, чутае бачыць,— прымірылася Марфа.

I Аляксей пачаў нецярпліва лічыць дні, калі яны сустрэнуцца, каб не расстацца ўжо больш ніколі.

Пра Аляксеева пісьмо Таццяна вырашыла не гаварыць бацькам. Сказала ў апошні дзень перад ад’ездам, што хварэе Іван.

Маці вельмі блізка прыняла да сэрца зяцеву хваробу, калі Таццяна сказала ёй.

— Ну што ж, дачушка, зробіш, вядома, трэба ехаць. I што ж бо з ім сталася?.. Не піша?

— Не, толькі хоча, каб прыязджалі хутчэй.

Гэтага нельга было назваць святою маною, але ж і праўду гаварыць Таццяна не магла.

— Дык ты хочаш заўтра ехаць ужо? — затурбавалася маці.

— Чым раней, тым лепш.

— Яно канечне, чаго ж адкладаць... Мала вы і пагасцілі ў нас. Можа, няхай бацька паедзе з табою да Мінска ды паможа сесці ў цягнік? У Бярэжу я вас адвязу сама.

Таццяна не згадзілася, каб ехаў з імі бацька.

На станцыю дачку і ўнука адвозіў Мікалай на калгасным кані. Маці праводзіла іх аж за вёску і на развітанні запрасіла, каб на тое лета прыязджалі разам з Іванам. Сказала і заплакала. Быдта нядобрае што прадчувала сэрца.

У Мінску яны затрымаліся, як і разлічваў Аляксей, тры дні. Трэба было Таццяне ўзяць развод, зарэгістравацца ім, купіць білеты на цягнік. Разводы ў той час даваліся вельмі проста: захоча каторы з дваіх скасаваць шлюб, піша заяву загадчыку ЗАГСа і атрымлівае разводную, асабліва калі няма прэтэнзіі на аліменты.

Скончыўшы свае турботы ў горадзе, яны купілі сёе-тое ў падарунак Аляксеевай маці (ён угаварыў усё ж Таццяну паехаць да яе) і выправіліся ў вёску.

Марфа прыняла нявестку з сынам ласкава: што ж, падабаецца яна і яе дзіця Аляксею, павінны падабацца і ёй.

— Ну што ж, дзеткі, мне астаецца блаславіць вас і пажадаць аднаго: няхай вам бог дасць любоў, шчасце ды здароўе на доўгія гады. Шкадуйце адно аднаго, слухайцеся, паважайце, калі лёс звёў жыць разам...— пацалавала яна Таццяну і сына.

I Аляксей і Таццяна ўздыхнулі з палёгкай.

— Трэба ж вас, дзеткі, прывеціць з дарогі чаркай,— узялася накрываць стол Марфа.

— Мама, давайце я памагу вам,— падахвоцілася Таццяна. Сказана гэта было так проста, шчыра, што пачутае ўпершыню ад чужога чалавека «мама» не выклікала ніякага здзіўлення ў Марфы. Быдта даўно яны ведаюць адна адну і свякроў чула ўжо гэта слова ад нявесткі шмат разоў.

А на другі дзень маладажоны ад’язджалі на Усход.

Яны зноў утраіх у купэ. Толік не называе больш Аляксея дзядзькам. Яшчэ ў мінскай гасцініцы «Беларусь», дзе яны спыняліся, Таццяна сказала сыну, пасля рэгістрацыі шлюбу, як трэба звяртацца да Аляксея. Першыя часы Толік мыляўся і зваў новага тату па-ранейшаму: «дзядзя Лёша». Таццяна кожны раз не прамінала паправіць яго.

Зноў мільгаюць вялікія і маленькія станцыі, паўстанкі. Аляксей з Таццянай стаяць у калідоры і ўспамінаюць, як месяц назад ехалі зусім чужымі па гэтай чыгунцы.

— Нездарма кажуць людзі: выязджаючы з дому, чалавек не ведае, што чакае яго ў дарозе,— напомніў чутую прымаўку Аляксей.

— Праўда,— летуценна пазіраючы праз акно ўдалеч, згадзілася Таццяна.— Ці ж думала я, што так можа стацца са мною, калі пакідала Першамайск? Або ты сваю часць...

I чым бліжэй пад’язджалі яны да той станцыі, дзе сустрэліся ўпершыню, тым больш агортвала Таццяну трывожнае пачуццё. У такім настроі прылегла яна каля сына. «А што, калі Іван атрымаў маё пісьмо і разводную раней і нейкім цудам апынецца ў гэтым вагоне? — з’явілася думка, і... раптам пачуўся знаёмы голас: «Адкуль ты ўзяла, што лёс памыліўся, калі зводзіў нас разам? Няхай будзе па-твойму: «характары ў нас розныя», дык хіба гэта прычына, каб не жыць адною сям’ёю? Нікуды нашы дарогі разысціся не могуць. На сына аліментаў не хочаш браць — не бяры. Баба з калёс — каню лягчэй. Толькі ведай, я ад яго не адмаўляюся. Навошта мне пытаць сынаў адрас у тваіх бацькоў? Сын у маіх руках цяпер. На дзіця толькі спасылка. Прычына другая... Я разумею ўсё. Коцікавая шубка вінавата...»