— Садзіся глыбей,— адсунуўся Крушынін.
— Любы мой, я ж табе расказвала, колькі пахадзіла да розных дактароў, і зусім не спадзявалася ўжо на такое,— вінаватым тонам апраўдвалася Зіна. Быдта зрабіла непрыстойны ўчынак і вымольвала прабачэнне.— А пра тое, што ты гаварыў... Ты адвык ад сям’і, дык цябе і палохае гэта. Павер мне, усё будзе добра...
Бяда здарылася нечакана. Аднае раніцы, спяшаючыся на работу, Крушынін дастаў з кішэні дробязь і стаў пералічваць, ці хопіць на аўтобус. Дваццацікапеечная манета выпала з рук, бразнула аб падлогу і закацілася пад шафу. Звычайна ў такіх выпадках робіцца вельмі проста: прыгнецца чалавек ці прыкленчыць і выгарне прутком. Іван зрабіў іначай: адсунуў шафу ад сцяны і падняў тыя злашчасныя грошы. Апусціў манету ў кішэню і ў спешцы не паставіў шафу на месца.
Зіна выходзіла на работу пазней. Будаўнікі пачыналі працаваць з васьмі гадзін, а бухгалтэрыя — з дзевяці. За гэты разбежак у часе яна заўсёды паспявала прыбраць у кватэры. Узялася і ў тую раніцу наводзіць парадак. Убачыла, што шафа адсунута ад сцяны, вымела пыл і, забыўшыся на цяжарнасць, хацела паставіць на месца. Паднапялася, скранула і... адчула вострыя колікі ў паясніцы. У вачах усё замітусілася.
Яна прыхінулася да сцяны, пастаяла крыху, збялелая ў твары, і падалася да канапы. Думала, паляжыць трошкі, аціхне боль у сярэдзіне — і пойдзе на работу. Мінула гадзіна, другая — колікі не сунімаліся. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Тады вярнулася назад, прысела і пачала зваць на дапамогу людзей, але ніхто не мог пачуць яе голасу — суседзі выходзілі з дому раней за яе. Спалохалася, што так можна і загінуць. Праз сілу паднялася, каб выйсці на двор, а там — на вуліцу і даць знаць людзям пра сваю бяду. Не дайшла да дзвярэй, галава закружылася, павяло ў бакі і, беспрытомная, асунулася на падлогу. Тут і застаў яе Крушынін, прымчаўшыся з канторы, калі ў абедзенны перапынак даведаўся, што Зіна не прыходзіла на работу.
Ні хуткая дапамога, ні бальнічныя дактары не змаглі выратаваць Серпікавай.
IX
— I больш не жаніліся? — трошкі счакаўшы, спытаў Аляксей, як Іван змоўк.
— Была яшчэ трэцяя і... апошняя.
— Чаму такі зарок? Можа і чацвёртая натрапіцца...
Крушынін прыжмураным вокам глянуў на Аляксея. Было ў тым позірку нешта недаверлівае і да субяседніка, і да яго слоў.
— А што дзіўнага? Старэйшыя за вас жэняцца...
— Са мною гэтага не будзе, дарагі, хопіць!... Цяпер я добра ведаю, чым жыве, чым дыхае кожная з жанчын!.. Трэцяя навучыла розуму. Такой гаротніцай, такой бяздольнай прыкінулася, хоць бяры на рукі ды шкадуй, як дзіця. А пасля...— ён змоўк, думаючы, відаць, расказваць, як было, ці не.
— А пасля што?
— Што? Такой драпежнай кошкай аказалася — свет не бачыў! Дзесяты год ідзе, а без дрыжыкаў не магу ўспомніць пра яе афорт,— у яго сапраўды задрыжала ў руцэ шклянка з недапітым кампотам.
...Панцялей Іванавіч пайшоў на пенсію, а яго месца заняла Алеся Ігнатаўна Рубанава. Што прымусіла жанчыну немаладога ўжо веку прыехаць у Першамайск, ніхто не ведаў, а сама яна не пускалася ў гаворку пра гэта.
Убачыўшы Крушыніна першы раз у канторы, Алеся ўважліва змерала яго позіркам, але распытваць у супрацоўніц нічога не стала, перамагла сваю жаночую цікаўнасць. I толькі за трэцім ці чацвёртым наведваннем, і то між іншым, спытала ў жанчын, што за чалавек іхні прараб. Тыя расказалі, што ведалі.
Хутка Рубанава перайшла з агульнага пакоя канторы ў пакой галоўнага бухгалтара: спачатку замяшчаць свайго непасрэднага начальніка, калі той пайшоў у адпачынак, а пазней і яе стол перанеслі туды.
— Прыйшлася да спадобы галоўнаму наша Алеся Ігнатаўна,— перашэптваліся ў бухгалтэрыі.— Панцялей Іванавіч колькі гадоў праседзеў з намі, а яна туд-сюд — і падладзілася.
— Затое нам павальнела.
— А ёй і зусім вольна стала...
Выходзіла, усе выйгралі.
Аднаго разу пад канец рабочага дня Рубанава папрасіла жанчын перадаць Крушыніну, як убачаць, зайсці да яе наконт ведамасці.
Прараб з трывогай у сэрцы зачыніў за сабою дзверы ў пакой галоўнага. Ён ведаў, што ведамасці правераны ім да макулінкі і нічога там лішняга няма, і ўсё ж, калі начальства выклікае цябе само, ды яшчэ для зверкі лічбаў, то прыемнага ад такога візіту ў чалавека заўсёды мала. Рубанава адарвала на момант позірк ад паперы, прывіталася і папрасіла прысесці, сама зноў унурылася ў лічбы. Праз хвіліну якую адсунула паперы ўбок. Заўвага была дробязная, і Крушынін, неяк па-дзіцячаму, быў рады, што ўсё так добра скончылася.