— Вось па гэтай графе вы маглі і менш выдаткаваць,— паказала яна на справаздачу.— Падчыстка пляцоўкі пад будоўлю заўсёды мае рэзервы. I тут прарабы стараюцца эканоміць, каб мець запас на потым... Вы мужчына, а мужчыны павінны быць ашчаднымі не толькі са сваімі рублямі, але і з дзяржаўнымі капейкамі... Капейка рубель беражэ, кажам мы, бухгалтары,— і тут жа дадала для большага ўражання: — Транжырыць грошы — гэта наша, жаночая справа, асабліва, калі ў мужа слабавольны характар...
Вяртаючыся дахаты, прараб шмат думаў пра гаворку з Рубанавай. «Разумная жанчына і дзелавая, відаць»,— прызнаў ён і пачаў знаходзіць прычыну часцей завітваць да намесніка галоўнага: то параіцца, то выпрасіць што-небудзь з дэфіцытных матэрыялаў. Прымяркоўваў візіт пад канец дня, каб мець больш вальнейшага часу. Рубанава ведала ўжо, дзе жыве Крушынін, і аднаго разу неяк сказала пасля размовы ў кабінеце:
— Вы дахаты? Пойдзем разам, нам у адну дарогу. Трэба сяброўку наведаць, жыве блізка ад вас.
Яны не дайшлі два ці тры дамы да кватэры Крушыніна і развіталіся.
А праз некалькі дзён Іван ужо сам спытаў, ці не збіраецца Алеся наведаць сяброўку. Пайшлі б у адну дарогу.
Рубанава адказала стрымана, нават абыякава:
— Мы дамовіліся сустрэцца заўтра, але за кампанію з вамі схаджу сёння.
Гэты раз, быдта загаварыўшыся, яны мінулі месца, дзе развітваліся той раз, і падышлі да дома, у якім жыў Крушынін. Ён запрасіў зайсці. Рубанава паціснула плячыма і спаслалася на боязь выклікаць рэўнасць у Іванавай жонкі.
— Вам ніхто хіба не казаў, што я ўдавец? — здзівіўся Крушынін.
— Я ні ў кога не пытала,— прытварылася Алеся.— А суседзі ў такім разе не абгавораць вас, што жанчын прыводзіце вечарам? Кажаце, суседзі добрыя, то зайду на хвіліну якую глянуць.
Яшчэ адмыкаючы дзверы, Крушынін папрасіў прабачэння, калі што не так у кватэры.
Асаблівага непарадку ў хаце не было, аднак, каб паказаць густ і зрабіць усё ж нейкую заўвагу Крушыніну, яна пераставіла мяккае крэсла на другое месца, а на канапе ўзяла падушачку, што ляжала на валіку, і прыставіла да спінкі на сярэдзіне.
— Глядзіце, зусім інакш стаў выглядаць пакой нават пасля нязначнай пературбацыі. Праўда? I пыл трэба часцей выціраць вільготнай анучкай,— правяла пальцам па падаконніку і спагадліва паглядзела ў вочы прарабу: — Эх вы, мужчыны, мужчыны, чаго вы варты без нас, жанчын!
— Святую праўду кажаце, Алеся Ігнатаўна,— пагадзіўся Іван.
За чаем Рубанава збольшага расказала пра сябе. Паскардзілася на адзіноцтва, папракнула былога мужа за яго настойлівасць мець дзяцей.
— А вы што, не хацелі абзаводзіцца сям’ёю?
Яна сумелася, апусціла вочы і, памешваючы лыжачкай у шклянцы чай, з жалем у голасе павініла няшчасную долю.
— 3 маёй другой жонкай было так. Вылечылі дактары. Праўда, цяжарнасць і загубіла яе ў маладым веку.
— Мне дактары не памаглі... Са слязьмі прыйшлося згадзіцца на развод.
— Ну што ж ён так? — абурыўся Крушынін.— Можна было захаваць сям’ю і без дзяцей. Або ўзяць з дзіцячага дома.
— Яму надта хацелася мець сваіх.
Гаварыла яна проста, са спачуваннем і да сябе, і да былога мужа.
Прайшло не многа часу, і Рубанава са сваім небагатым скарбам пераехала да прараба. Калі ж Алеся прынесла першую зарплату ў хату і параіла адкладваць сёе-тое пра запас, Крушынін быў да таго здзіўлены, што толькі і змог спытаць, на чыё ж імя яна збіраецца класці.
— На гаспадарова, вядома. Можна на агульную кніжку з дзвюма подпісамі: тваім і маім.
Нарэшце Крушынін знайшоў жонку па сваім характары: нават не заікалася, каб класці толькі на сваё імя. I пра яго зберажэнні слоўцам не азвалася: ёсць яны ў яго ці няма.
Каб заслужыць у Івана большую павагу, а можа і каханне, Алеся час ад часу нагадвала:
— Ты, Ванечка, павінен богу дзякаваць, што такую маладую жонку займеў. А то і жыў бы адзін, як мядзведзь у бярлозе.
— Знайшла чым ганарыцца! За сорак бабе, а маладзёнкай сябе лічыць. Ды, калі на тое пайшло, Зіне трыццаць два было, як мы сыходзіліся.
— Дык тады ж і ты быў маладзейшы... Разбежка ў дванаццаць гадоў — многа значыць, Ванюша. Май на ўвазе...
На што намякалася, Крушынін зразумеў і адразу ж насупіўся. Алеся толькі і хацела гэтага.
— Дурненькі мой, я знарок сказала такое, каб паглядзець, ці можаш ты раўнаваць... Знаеш, мне падабаецца, калі табе зайздросцяць нашы жанчыны, што ў цябе такая жонка.
— А можа табе, што такога мужа маеш? — не паддаваўся Крушынін.
Сышліся на адным: ім абоім зайздросцяць.
Крушыніну здавалася, не будзе канца яго шчасцю, а канец той падкрадваўся спадцішка. Ва ўсім, што сталася пазней, ён у многім вінаваціў сябе: «Паказала яна сваю кніжку, у дадатак да той, што клала на дваіх,— ну і добра. А мне варта было паглядзець, пахваліць для прыліку, а то і пазайздросціць, і на гэтым канец. Дык не — падштурхнуў нячысцік лезці на ражон самому...»