Выбрать главу

Ласкаю і какетлівасцю Алесі ўдалося размагніціць жалезныя дзверы, за якімі хаваў Іван тайну сваіх укладаў. Падшыхнула чалавека пахваліцца, што і ён не лыкам шыты.

— Чуў, Ванюша, зноў грошы мяняць будуць,— прыйшоўшы аднаго разу з работы, сказала Алеся мужу пад сакрэтам.— Як у сорак сёмым. Толькі гэтым разам кожны атрымае талон на абмен пэўнай сумы рубель на рубель, астатнія зноў — дзесяць за адзін новы. Трэба адну тваю кніжку перапісаць на мяне. Вунь колькі выйграецца.

Пачутае ўстрывожыла Крушыніна. Ён ведаў, як добра выйшла пры тым абмене. Грошы яго, што ляжалі ў касе, за сямю замкамі, далі добры прыбытак, а тыя, хто хаваў дома,— кусалі локці.

I пасля некаторага ваганыя і роздуму Іван паслухаў жончыну параду, а як закончыўся абмен і мінулася трывога, ён сказаў:

— Нарабілі панікі людзі, і ты, Алеська, паддалася ёй сама і мяне падбухторыла паверыць.

— Ты ж нічога не страціў ад гэтага абмену, а выйграць мог.

— Страціць не страціў, а лішняга клопату нарабіў сабе. Зноў, бачыш, трэба ісці ў касу, здымаць іх з аднае кніжкі, перапісваць на другую.

— А навошта іх перапісваць? Розніцы няма.

Крушынін цмокнуў:

— Ого, як гэта няма? Розніца вялікая, галубка мая. А раптам ты вільнеш хвастом, сказаўшы «адзью»? Як тады сыскваць свае кроўныя грошы? Судом?

— А ты хіба хочаш, каб я кінула цябе?

— Палоханая варона і кусту не давярае,— спаслаўся Іван на людскую прыказку.

— А ты, выходзіць, мне? Нішто сабе сям’я ў нас... А можа і тым жонкам ты не давяраў? — кальнула Алеся.

Такое нечаканае пытанне зусім збянтэжыла Крушыніна.

— Кажы, кажы смялей,— падганяла Алеся, бачачы мужаву разгубленасць.

— Давяраю, толькі не ў грашовых справах,— паўтарыў гаворанае калісьці Таццяне.— Тут няхай кожны будзе гаспадаром сваіх.

— Вунь куды крывая вынесла: сям’я на паях! У каго большы пай, той большы пан?.. За каго ж ты мяне лічыш у доме? За парабчанку

на сваім хлебе, якая павінна весці ўсю хатнюю гаспадарку, дагаджаць табе на кожным кроку толькі за тое, каб называцца прарабавай жонкай? Ды пляваць я хацела, калі да гэтага дайшло, на такое званне! Абыдуся без яго... Усе вы, мужчыны, паразіты...

— Ну, мілая, ты ўжо занадта крута загнула,— развёў рукамі Крушынін, праз сілу стрымліваючы сябе.

— Крута ці роўна, а грошай на тваё імя адпісваць не стану! Так і знай! Няхай і ў мяне будзе, па твайму прынцыпу, што-небудзь на чорны дзень. Чым я горшая за цябе?

— Алеська, я ж не супроць, каб і ты мела пра запас сёе-тое. Адкладвай сабе на здароўе, як можаш. Тыя, што кладзеш на дваіх, няхай будуць адной табе, але не квапся на чужое...

I ліслівы тон, і такая парада зусім вывелі з цярпення Рубанаву.

— Гэта ты мне чужы? Нішто сабе дагаварыўся, прараб! Пайшла, значыць, крывая ўгору: разыходзіцца дэбет з крэдытам. Мне сёе-тое, а сабе — усе тысячы? Што ж, калі ўсё тваё для мяне чужое, дык і мяне лічы для сябе чужою!..

Жыццё ў доме Крушыніных разладзілася. «Паглядзім, чыё возьме»,— думаў кожны з іх. Каса найшла на камень і павінна была вышчарбіцца.

I вышчарбілася.

Запазніўся Крушынін з прымірэннем. Спахапіўся тады, калі ў кватэры апынуўся чужы чалавек, якога папрасіла Алеся перанесці яе рэчы.

— Ты што, звар’яцела? — загарадзіў Іван дзверы, калі ўбачыў, што жонка падала падрыхтаваны загадзя чамадан чалавеку, а другі, меншы і лягчэйшы, узяла сама.

— Пакуль пры сваім розуме, але мог давесці да гэтага. Адну ты выжыў, другую, больш цярплівую, у зямлю загнаў, а я люблю сама даваць афорты... Вучыць вас, такіх, трэба!.. Такшто — адзью! — адштурхнула лёгенька ад дзвярэй разгубленага Івана, прапусціла памагатага з чамаданам наперад, бразнула дзвярыма і выйшла.

3 такім «афортам» Крушынін ніяк не мог потым прымірыцца. Ледзь не звар’яцеў. Было ад чаго!

Рубанава адразу ж перайшла на суседні завод у цэнтральную бухгалтэрыю, а трохі счакаўшы, зусім з’ехала з Першамайска.

Афіцыянтка палажыла на стол рахунак і ўзялася прыбіраць пасуду. Крушынін зірнуў на лічбы і заляпаў рукамі па кішэнях.

— Не турбуйцеся, Іван Самсонавіч. Вам яшчэ спатрэбяцца грошы ў дарозе. А я ўжо дома, можна сказаць, і расплачуся сам.

— 3 якой радасці чужы чалавек павінен плаціць за мяне?

— А мы не чужыя, Іван Самсонавіч,— і ледзь не сарвалася з языка ў Ганчарэнкі, як яны прыходзяцца адзін аднаму, ды стрымаўся, сказаў іншае: — Вы госць Беларусі...— і падаў афіцыянтцы шэсць рублёў. Тая палажыла ў кішэню, дастала ў жмені дробязь і пачала корпацца ў ёй, марудзячы са здачай. Аляксей падняўся і пайшоў да дзвярэй. Крушынін забраў здачу і дагнаў яго каля вешалкі.