Выбрать главу

— Няўжо вам так лёгка прыходзяцца яны? Я кажу пра грошы...

— Дробязь,— махнуў рукой Ганчарэнка.

— Бярыце, бярыце, гэта вашы законныя. Не мне ж іх забіраць. Досыць і таго, што заплацілі маю долю за абед...— апусціў ён манеты ў кішэню Ганчарэнкавага пінжака.

Рэпрадуктары абвясцілі пасадку адразу на два прыгарадныя цягнікі.

— Спачуваю вашай жонцы. Не лёгка, відаць, жывецца ёй, калі ў мужа такая шырокая натура? -— ласкава дакараў Крушынін Аляксея, ідучы к тунэлю.

— Не ведаю, ні разу не наракала. А вашы словы ёй перадам... Каб вы толькі ведалі, хто ў мяне жонка! Што за цудоўны характар у яе!

Ганчарэнка спадзяваўся, што, нарэшце, Крушынін пацікавіцца, што за жанчына з цудоўным характарам трапіла яму на жыццёвай дарозе, і на развітанні, калі той будзе садзіцца ў вагон, скажа пра Таццяну. Але Крушынін не стаў распытваць, падзякаваў яшчэ раз за пачастунак, за добра праведзены час і, ціснучы руку, сказаў:

— Шчаслівы тады вы чалавек! Добрая жонка — гэта скарб у сямейным жыцці.

Крушынін пайшоў па прыступках на чацвёртую платформу, а Ганчарэнка вярнуўся назад і, падымаючыся на другую, ціхенька напяваў сам сабе з даўно чутай ім песенькі:

Мы с тобой два экспресса ночных,

Во степи обменялись гудками.

Повстречались и вновь разошлись,

На мгновенье мелькнувши огнями.

X

У Бярэжы Крушынін толькі перайшоў чыгунку, як следам нагнаў яго хлапец. Крушынін спытаў, ці правільна ён ідзе ў Прудкі. Дзяцюк паціснуў плячыма.

— Ніякіх Прудкоў у гэтай старане няма.

— Як жа няма? — здзівіўся Крушынін і паказаў на ўсход.— У тым баку.— Ён добра памятаў, як прыязджалі з Таццянай і пераходзілі цераз пераезд. Іншае што мог забыць, а гэту дарогу ніколі.— А самі вы адкуль і як вас зваць?

Хлапец адказаў.

— Правільна, Пятро,— падхапіў Крушынін.— Побач з вашымі Пятровічамі яшчэ нейкае паселішча ёсць. Забыўся толькі, як называецца.

— Паблізу нас — Віркі.

— Во, во,— зарадаваўся Іван,— а налева ад іх, кіламетры два — Прудкі. Хіба ж ты не ведаеш?

Толькі цяпер дайшло да Пятра, пра якія Прудкі хоча даведацца чалавек з чамаданам у левай руцэ і плашчом на правай. Быдта знайшоўшы даўно згубленую рэч, хлапец аж усклікнуў:

— Вунь пра якія Прудкі вы пытаеце! Няма іх, дзядзька. Немцы разам з людзьмі спалілі... А вы што, прудковец самі?

Крушынін сказаў, адкуль ён, чаго едзе, пацікавіўся, можа хлапец чуў што пра Касценічаў. Той пакруціў галавою.

Тады Іван спыніўся, паставіў на зямлю чамадан, палажыў на яго плашч, выцер хустачкай на лбе пот і разгублена сказаў:

— Выходзіць, трэба вяртацца назад?

— Чаму так адразу? Сходзім у нашу вёску, можа што даведаецеся. Ці не знае часам мая мама што...

I яны пайшлі ў Пятровічы. Крушынін ішоў і не пазнаваў дарогі. Маладыя хвайнякі — ранейшая прыкмета дарогі — выраслі ў гонкія дрэвы.

Пятро не памыліўся, параіўшы Крушыніну схадзіць у Пятровічы. Яго маці добра ведала Касценічаў. Таксама знала, што іх адразу пасля вайны шукала дачка з дзецьмі і мужам.

— Былі яны, чалавеча, тут, былі. Некалькі дзён жылі ў сваячкі Альжбеты Тарасюк, як мы завём, Божачкавай... Падсілкуйцеся, ды хлапец завядзе да яе. Там усё даведаецеся...

Альжбета скрэбла бульбу на вячэру, як мужчыны зайшлі ў хату. Даведаўшыся, чаго тыя завіталі, замітусілася і, выціраючы фартухом то адну, то другую табурэтку, гаварыла:

— Божачка, дзіва што ведаю. Пяць дзён была ў мяне Таццяна з дваіма дзецьмі і мужам...

Яна падставіла табурэткі бліжэй да таго месца, дзе скрэбла бульбу, і запрасіла садзіцца. Пятро падзякаваў — яму не было часу расседжвацца — і выйшаў.

Крушыніну не цярпелася хутчэй даведацца пра сына.

— Дык вы добра ведалі Касценічаў?

— Божачка, мы тут усе адны адных ведаем... А вам Касценічы як даводзяцца? Вы першы муж Таццяны? I большы хлопчык, кажаце, ваш? Харошы хлопчык, жвавы такі, шустры. Кожны дзень памагаў мне скрэбсці маладую бульбу на вячэру. Божачка, божачка, трэба ж так ёй абысціся з вамі... Куды яны паехалі адсюль? Не ведаю. Не казалі нічога... Пакінулі толькі на карталюшцы адрас, каб перадала брату яе, Міхасю, калі часам заявіцца. А як ён мог заявіцца, той Міхась, калі пахаронку на яго прыслалі ў сельсавет. Таццяна бачыла яе, але спадзявалася на цуд: а раптам вернецца...