Выбрать главу

— А дзе тая карталюшка? — нагадаў Крушынін, абнадзеены ўжо шчаслівым канцом свайго падарожжа.

— Дзе карталюшка? Нешта гады два ці тры назад выкінула. Перабірала з унучкай мужавы пісьмы з фронту, наткнулася на яе, блакітная паперачка такая, і выкінула. Магла захаваць, кажаце? А навошта? Калі б той Міхась быў жывы, то даўно падаў бы голас... Скуль жа я ведала, што спатрэбіцца вам? Божачка, канечне, хлеба яна не прасіла!..

— А можа ўсё-такі дзе-небудзь у вашых паперах завалілася? Можа вы думалі толькі выкінуць, ды не выкінулі. Пашукайце, прашу вас. Давайце разам...

Жанчына перастала скрэбсці бульбу, выцерла аб фартух рукі, дастала з куфра, акутага жалезнымі абручамі, невялічкую драўляную скрыначку і паставіла на стол.

Крушынін асцярожна разгортваў кожнае пісьмо, прабягаў яго з пятага ў дзесятае вачыма і клаў асобна. Пісем было нямнога, і ён хутка ўзяў апошняе. На самым днечку скрыначкі ляжалі даваенныя, акладныя лісты і квітанцыі на аплату страхоўкі. Іх таксама перабраў.

«Баба ёсць баба. Выкінула ўсё-такі...— зірнуў ён з крыўдай і злосцю на Альжбету, якая распальвала на прыпечку пад трыножкай агонь варыць бульбу на вячэру.— Трыццацігадовай даўнасці акладныя лісты і квітанцыі хавае, а карталюшцы не знайшлося месца... Можна сказаць, нітка была ў руках і выслізгнула...»

Крушынін бразнуў вечкам і падаў жанчыне скрыначку.

— I, відаць, ніхто больш не паможа мне тут?

Альжбета развяла рукамі: наўрад ці знае хто, дзе яны. Не чуваць было, каб у іхніх Пятровічах гаварылі пра Таццяну Касценічавых.

Крушынін пераначаваў. Назаўтра Альжбета схадзіла з ім на прудкоўскія могілкі. Ён моўчкі пастаяў каля магільнай агароджы, адшукаў на агульным помніку блізкія імёны — Марыі і Мікалая Касценічаў — і яшчэ раз пашкадаваў, што не застаў іх жывымі.

У той жа дзень ён выехаў дахаты. Затрымацца ў Мінску не змог: знаёмых нікога не меў тут, а вольных месц у гасцініцах не знайшлося. Зрабіў круг на тралейбусе ад вакзала да кальца і назад, палюбаваўся шырокім Ленінскім праспектам і вечарам пакінуў горад.

XI

Вярнуўшыся ў Першамайск, Крушынін стаў яшчэ больш маўклівы і пануры. Ён мог цэлымі днямі прабыць у сваёй аднапакаёвай кватэры, не паказваючыся на людзі.

Думкі — зацятыя гаспадары самотнага чалавека. Яны каго захочуць, таго выклічуць. Не да спадобы — прагоняць прэч, зачэпяцца за іншае і пойдуць выкопваць з глыбінь памяці і добрае, і благое. Ім не вельмі загадаеш. Наадварот, чым больш адкараскваешся, тым больш прыстаюць.

Так аднаго разу яму прыйшло ў галаву пакінуць Першамайск і падацца туды, дзе прайшло далёкае дзяцінства. Ён расказаў пра гэта суседу.

— Што вы надумалі, Іван Самсонавіч? — здзівіўся той.— Кідаць абжытую кватэру са ўсімі выгодамі ды ехаць да некага ў падсуседзі? Колькі людзей тут ведае вас! Тут вы сам сабе гаспадар, а там — дагаджай ды дагаджай гаспадыні.

Суседавы словы навялі Крушыніна на роздум. Сапраўды, колькі тут знаёмых ў яго! Куды ні глянь — відаць яго работа. А што ў той Сцяпанаўцы? «Стрыечныя браты ці сёстры... Дагаджай, хадзі на пальчыках...» — думае Іван і цвёрда вырашае нікуды не ехаць.

Прызвычаены за шмат гадоў працы дзяліць суткі на пэўныя адрэзкі, Крушынін і зараз жыў так: па-ранейшаму ўставаў а сёмай гадзіне, рабіў просценькую гімнастыку, снедаў і спешна выходзіў на вуліцу. Толькі не на працу, як у свой час, а на ранішнюю праходку. Іншы раз завітваў на будоўлю, дзе былога прараба заўсёды рады былі бачыць і інжынеры, і кадравыя рабочыя.

— I чалавек харошы, і працавік быў добры: работу сваю ведаў на зубок, а шчасця на яго долю не дасталася...— гаварылі часта пра Іванава адзіноцтва сябры. Ніхто з іх глыбока не дакопваўся прычыны, чаму так здарылася з чалавекам, а шкадаваць шкадавалі.

Нешта тыдні два Ганчарэнка таіў ад жонкі сваю сустрэчу з Іванам: баяўся, каб не натварыць бяды ў хаце. Нарэшце адважыўся, пачаў здалёк:

— А цікава ўсё ж, як склалася Іванава жыццё без цябе?

— Знайшоў недзе пад сваю натуру жанчыну і жыве... Ёсць і сярод нашае сястры розныя. Пасля вайны столькі асталося і дзяўчат-перастарак, і ўдоў.

— А ты не шкадуеш, што так зрабіла тады, выйшаўшы замуж за мяне?

— Што гэта за рамантычныя ўспаміны раптам нахлынулі на цябе? — здзівілася Таццяна.

— Ды так... Прыйшло ў галаву... А ведаеш, я не супраць быў бы спаткацца з ім, пагаварыць. А ты?

Таццяна скрывілася.

— Каб вельмі хацелася, дык не. Выветрылася ўсё... Глядзі, ці пазнала б яшчэ... Магу толькі сказаць: першае, што спытала б пры сустрэчы, з кім ён пражыў жыццё: з грашыма ці з людзьмі? I другое: якіх дзяцей выхаваў для грамадства?