Перш-наперш Крушынін заняўся грашыма: адлічыў пятнаццаць рублёў на чарговы ўзнос, палажыў іх у ашчадную кніжку, каб, ідучы на абед, аднесці ў касу. Астатнія схаваў у шафе, дзе ў адной палавінцы стаяў сякі-такі посуд, а ў другой вісела адзенне: выхадны гарнітур, куплены па талону пасля вайны, зімовае паношанае паліто і чорны непрамакальны плашч, той, у якім ездзіў у Прудкі. Грошы ён схаваў між дзвюма талеркамі, прычым наверх паставіў з адбітым краёчкам, каб менш было спакусы для таго, хто залезе ў хату з благім намерам.
Упарадкаваўшыся з грашыма, Іван Самсонавіч прысеў на канапку чытаць пісьмо.
«Паважаны Іван Самсонавіч!
Доўга я не адважваўся пісаць Вам. Можа і не напісаў бы, ды вядомая Вам Таццяна Мікалаеўна настаяла. Можна сказаць, сілай прымусіла.
Спадзяюся, Вы не забыліся пра сустрэчу з адным чалавекам на Мінскім вакзале? Ён цяпер і піша гэта пісьмо.
3 размовы я ўпэўніўся, што Вы не зналі, за каго выйшла Таццяна Мікалаеўна замуж, куды паехала з Прудкоў. Дык ведайце, хоць з запазненнем. Яна стала маёй спадарожніцай у жыцці і вельмі ашчаслівіла мяне. Ды і сама яна не раз казала мне і людзям, што знайшла сваю долю са мною.
Цяпер разумееце, чаму я не згаджаўся, калі Вы даводзілі, што ні адзін мужчына не стане гадаваць чужога дзіцяці без аліментаў пры жывым бацьку. «Яго будзе распякаць злосць і крыўда, што гадуе не сваё»,— сцвярджалі Вы і не верылі, што я ўзяў жанчыну з дзіцем сабе за жонку. Для мяне Толя не быў чужы, бо я кахаў Таню. А калі кахаеш жонку ўсім сэрцам, усёю істотаю, то і дзіця яе будзе любым і дарагім...
Некалькі слоў пра Толю. 3 твару ён вельмі падобны на Вас. Жыве самастойным жыццём, мае сына Андрушку. (Так што вы ўсё ж дзядуля!). Працуе на добрай пачэснай рабоце. Сэрца мае шчырае, адкрытае. I Таццяна і я стараліся выхаваць у яго змалку любоў да людзей. I людзі за гэта паважаюць і любяць Анатоля цяпер.
Пра нашу сустрэчу мы нічога не казалі былому Вашаму сыну. Палічылі непатрэбным рабіць гэта. Таццяна калісьці пісала Вам, што Толікаў адрас можна ўзяць у яе бацькоў, але Вы ні разу не пацікавіліся ім. Не цікавіліся — значыць, не памяталі сына... Да Вас наўрад ці прыхінецца ён, ці знойдзе ў сабе сынаву любоў, а нам страціць Толю як сына будзе вельмі балюча... I мы на гэта не пайшлі і не пойдзем...
Вы хацелі ашчаслівіць яго: даць грошай на машыну. Спазніліся, Іван Самсонавіч. Анатоль мае ўжо «Масквіча». Набытае працай рук сваіх больш цэніцца, чым тое, што лёгка даецца. Так што ўклады Вашы астануцца некранутымі і надалей...»
«Астануцца некранутымі,— паўтарыў Крушынін.— А навошта тады я ашчаджаўся столькі год?»
Ён адчуў, як сціснулася сэрца, падняўся з канапы, шпурнуў пісьмо на стол, дастаў з шафы каробачку з лякарствамі і прыняў таблетку валідолу.
Трацілася ўсталяваная надзея, якою жыў апошні час — купіць сыну легкавушку і тым самым хоць трохі зменшыць сваю віну перад ім.
Крушынін зноў узяў пісьмо і, стоячы, пачаў дачытваць.
«...Уклады свае, калі іх шмат, можаце ахвяраваць дзіцячаму дому, каб успаміналі Вас дзеці добрым словам. Ды і самі пажывіце як чалавек. Усё павінна мець меру — раім шчыра і я, і Таццяна. Яна расказвала, як Вы адмаўлялі і сабе і ёй ва ўсім неабходным...»
— Таццяна нагаворыць! — ускіпеў Іван.— Слухай толькі... Каб паддаўся тады на яе ўгаворы, то цяпер старасць мая была б невясёлая, без рубля ў запасе.
Яшчэ раз прачытаў Аляксееву параду: «Ды і самі пажывіце як чалавек. Усё павінна мець меру...» — і злосна чмыхнуў:
— Знайшоўся мне дарадчык на чужыя грошы!.. Сваімі распараджайся... Ды не вазьмі ён Таццяны, то дзе ёй дзецца з дзіцем? Прыехала б тады назад...
Крушынін гаварыў сам сабе, а позірк, быдта фотааб’ектыў, фіксаваў чужую параду: «Пажывіце як чалавек».
— А што, і пажыву! — са злосцю вымавіў раптам Крушынін.— Пачну есці, што захочацца, а то і вып’ю часам пад настрой... Навошта мне цяпер тыя грошы? Для каго я збіраў іх усё жыццё? Якога чорнага дня чакаць мне больш? Што яшчэ можа быць чарней за сённяшняэ пісьмо? «Уклады свае можаце ахвяраваць дзіцячаму дому...» Раіць другому — лягчэй за ўсё... А з якой ласкі ахвяроўваць? Што ён, той дзіцячы дом, гадаваў мяне?..— перабягалі думкі з аднаго на другое.— Сягоння ж пайду абедаць не ў сталоўку, а ў рэстаран, закажу самыя
дарагія стравы, віна сто грамаў вазьму»,— і ён адразу ж пачаў збірацца ісці абедаць.
Па дарозе Крушынін аднёс у ашчадную касу чарговы ўзнос, а выйшаўшы — збочыў ў Лясны завулак, адтуль на рынак: пацікавіцца, што ёсць на прылаўках. Убачыў бабулю з кошыкам яек і падумаў: «Няма чаго па тых рэстаранах бадзяцца на старасці. У маладыя гады не ведаў туды дарогі, дык і цяпер няма патрэбы знацца з імі. Лепш куплю дзесятак яек, дык мне іх вунь на колькі хопіць. Дома ёсць яшчэ крыху малака ад снедання, алей вядзецца, спяку добрую яечню, каву згатую, вось і будзе ў мяне цудоўны абед». Спытаў, колькі каштуе дзесятак, моўчкі пакруціў галавою, пацмокаў і перайшоў да другой жанчыны. Пачуў тыя ж паўтара рубля, не ўтрымаўся і прысароміў: