— Сумлення ў вас няма столькі прасіць! Спекулянткі!..
— А вам што, можа за грыўню аддаць дзесятак? Пакупец мне знайшоўся...— упікнула жанчына.
Яе падтрымалі малочніцы, што стаялі побач:
— Ідзіце рэдзьку купіце вунь у тым радзе,— паказала з насмешкай прадаўшчыца яек на прылавак, дзе прадавалі гародніну.— Гэта вам танней абыдзецца...
«А чаму сапраўды не зрабіць так: купіць рэдзьку, прыстроіць з цыбулькай, алеем, соллю, зварыць да яе некалькі бульбін? — ператварыў Крушынін у добрую параду жанчыніны кпіны.— Гэта ж ні з адным каралеўскім пачастункам не параўнаеш...»
Ён выбраў невялікую, на адзін раз, гладзенькую рэдзьку, заплаціў дзесяць капеек і, усцешаны, што не дорага абыдзецца абед, вярнуўся дахаты.