Выбрать главу

Каб словы не былі пустыя, а задуманае не адкладвалася надоўга, Іван з другой палучкі не прынёс дахаты ўсіх грошай. Разам з некалькімі чырвонцамі ён палажыў ашчадную кніжку на стол, за якім сядзела Таццяна і чытала новы нумар медыцынскага часопіса.

— А гэта што?— узяла Таццяна кніжку.

— Падмурак пад новую будоўлю, Танечка. Той, пра які я табе казаў. Забылася, ці што?

Таццяна насупіла бровы, прыгадваючы, калі і дзе адбывалася такая гаворка. Іван заўважыў жончыну заклапочанасць і прыйшоў на дапамогу:

— Як табе лепей растлумачыць? НЗ. Недатыкальны запас, разумееш? А наша маладое сямейнае жыццё — новая будоўля. Трэба табе ведаць — той гмах даўгавечны, пад якім моцны падмурак. Калі сказаць гэта пра людзей, то лягчэй жывецца тым, хто мае запас на чорны дзень.

— Ух ты, здорава як абгрунтавана!.. Падмурак, гмах!.. Не быў бы то будаўнік,— усміхнулася Таццяна.— Ну што ж, няхай будзе НЗ, калі палажыў. Толькі, па-мойму, можна было з гэтым, як ты кажаш, падмуркам трохі пачакаць...

Іван добра разумеў, чаму так гаварыла жонка. Але ён ведаў і другое: каб адстаяць сваё мужчынскае права быць поўным гаспадаром сям’і, трэба цярпліва вытрымаць усё: і пранізлівы позірк, і кпіны, і нават дакоры, калі яны будуць. Потым гэта ўсё акупіцца.

— Мог жа з дому занесці,— далей гартала часопіс Таццяна, сям-там затрымліваючы ўвагу на загалоўках.— Памеркавалі б, колькі, на што патраціць... Ці, можа, я не заслугоўваю таго, каб са мною раіцца?

— Адкуль ты ўзяла такое? Я з табою раіўся і буду раіцца, але не па грашовых пытаннях.

— Вунь як! Я — адно, а грошы — другое? Што ж табе даражэй: жонка ці чырвонцы? — глянула ў твар мужу і зноў нахілілася над часопісам.

— I адно і другое. Паглядзі, якія новенькія... Ласкунчыкі. Чуеш, як шамацяць,— пацёр у пальцах.

Таццяна не падняла галавы і не зірнула. Іван не пакрыўдзіўся за гэта. Седзячы за сталом, ён пазіраў на жонку і па-свойму, дакорліва, шкадаваў яе ў думках: «Не ведаеш ты яшчэ, даражэнькая, што такое грошы, змалку не прывучылі цябе бацькі ашчаджацца на ўсім. Трапіла б ты пад уладу майго бацькі — выхаваў бы ён з цябе добрую гаспадыню, навучыў бы берагчы кожную капейку...»

— Ну, чаго ты ўтаропіўся? — адчуўшы на сабе мужаў позірк, спыталася Таццяна.

— Пра цябе думаю. Толькі другі месяц ты на сваім хлебе і мала яшчэ разбіраешся, што да чаго ў гаспадарцы, а я колькі часу жыву самастойна. Лягчэй было мне ў інстытуце займацца, калі меў сёе-тое пра запас. Дакараеш, чаму не прынёс усяе палучкі дахаты? 3 дому цяжэй адносіць грошы ў касу. Калі адразу паложыш, дык, выходзіць, быдта і не зарабіў іх. А дома заўсёды знойдзецца прорва на любую суму. Я пераканаўся на сабе. Грошы — вада ў жмені. Чуць паслабіш пальцы, глядзіш — пуста на далоні...

Таццяна чмыхнула.

— А я і не ведала пра такую грашовую тэорыю. Твая ўласная, відаць?

— 3 практыкі,— адказаў Іван, хаваючы кніжку ў чамадан з падручнікамі і сшыткамі.

— Ну што ж, гаспадарнічай. Пагляджу, што далей прыдумаеш,— здалася Таццяна.

Перад новым годам Крушынін перааформіў звычайны ўклад на тэрміновы і вечарам, падлічваючы будучы прыбытак, пацяшаў жонку, што цяпер будзе ісці не тры капейкі, а пяць на кожны рубель.

А маладой жанчыне хацелася мець выхадныя туфлі і лішнюю сукенку на змену з моднага ў той час крэпдэшыну.

— Танечка, ні ты ні я не ходзім босыя і абшарпаныя. Калі набываць што, дык людскае. Бо не такія мы багацеі, каб ганяцца за таннымі рэчамі,— паўтарыў ён чутае ад бацькі. Самсон часта адкараскваўся гэтак ад надакучлівых дзяціных просьбаў: таннага не варта купляць, бо скора зношваецца, а на дарагое няма грошай.— Да таго ж трэба мець на ўвазе, што ў нас хутка будзе сын.

Таццяна ўспыхнула:

— А можа дачка!

— Толькі сын, Танечка. Я ўжо імя выбраў: Толя. Анатоль Іванавіч... Тады, можа, прыйдзецца патрошку здымаць з яе,— патрос ашчаднай кніжкай,— на трэцяга сем’яніна.

Але нічога не змянілася ў сям’і Крушыніных і пасля нараджэння сына, бо ў добрай гаспадыні трэці пры дваіх заўсёды паабедае,— лічыў Іван.

Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». I аднаго разу яна ўлучыла момант, калі муж весела падгоцкваў Толіка, абняла іх абодвух і ласкава напомніла:

— Ты ж, Ванечка, нічога не купіў мне ў падарунак за сына. Такую радасць прынесла табе.

На нейкі момант жончыны словы ашаламілі Івана. Хіба гэта толькі яго радасць? У яе большае права на ўцеху: яна маці. Дакараць, што нічога не купіў? Хто ж тады набраў на сукенку цёмна-сіняга крэпдэшыну? Дзядзька? Брат? Сват?