Выбрать главу

Таццяна не толькі не пакрыўдзілася на мужа за такі адказ, але наадварот, стала лагаднейшаю. Давялося пайсці на ласкавыя хітрыкі:

— Танна ты хочаш адкупіцца, Ванечка, за такога сына,— пацалавала яна мужа ў шчаку, а Толіка ў лоб.— Прыгледзься, ён жа — увесь ты.— I, каб надаць просьбе большую моц, прыцішаным голасам, нібы выдавала вялікую тайну, сказала: — Сёння на рабоце пыталі, чым ты парадаваў мяне за сына.

Іван параіў не вельмі слухаць тую бабскую гаворку: жанчынам абы языкамі памянціць. Паклаў сына ў калыску і тут жа, быдта нячысцік пацягнуў за язык, спытаў, што Таццяна хацела б мець у падарунак?

— Што? — з надзеяй зірнула яна мужу ў твар.— Шубку, коцікавую. За тысячу пяцьсот. Як у жонкі нашага галоўурача. А табе паліто драпавае, як у яго. Чым, Ванечка, мы горшыя за іх?

«Адразу аддаць столькі грошай? Гэта ж вар’яцтва! Сяброўкі падбухторылі, а яна і рада старацца»,— зірнуў Крушынін у вочы жонцы: жартуе, ці сапраўды дамагаецца такога дарагога падарунка?

— Чаго ты здзіўляешея? Я так мала на сябе трачу. 3 пудрай і то ашчаджаюся, як магу.

Іван ухапіўся за апошнія Таццяніны словы:

— Падзякуй мне, што стала такою. Студэнткай ты зусім не ўмела берагчы грошай. Дадуць стыпендыю — і праз тыдзень на хлеб няма ўжо.

— У цябе ж не прасіла ні разу, здаецца.

— Не прасіла ў мяне, дык у таткі з мамкай, каб памаглі дажыць да новай палучкі... Цяпер ні ты, ні я не можам чакаць бацькоўскай помачы... Хоць я ў сваіх,— спахапіўся Іван,— і студэнтам не прасіў.

— Гэтага яшчэ не хапала!

— Люблю здагадлівых! Цяпер, думаю, ты сама згодзішся, што прыйдзецца пачакаць з шубкай да лепшага часу.

— Да якога гэта лепшага часу? Ці не спадзяешся на аблігацыю выйграць? — кальнула Таццяна.

Іван вытрымаў і гэты раз.

— Можа і на аблігацыю выйграем. Шанцуе ж людзям: прараб наш тысячу выйграў у апошнім тыражы... Гатоўка можа на што іншае спатрэбіцца...

— А на што іншае? Ці не збіраешся адчыняць краму ці майстэрню? Дык жа час не той, каб у нэпманы падавацца...

— Ніхто не збіраецца, Танюша, падавацца ў нэпманы, але ж ніхто і не ведае, калі ён надарыцца, той чорны дзень. Вось чаму трэба быць гатовым да яго.

— Ну і дэмагог жа ты! — узарвала Таццяну.— Ды, калі на тое пайшло, у нас там не толькі на шубку і паліто назапашана, а і на твой чорны дзень, гары ён пропадам, астанецца, і на тваю старасць хопіць!..

Толік не засынаў. Ён учапіўся ручкамі за білца, каб устаць, але бацька зноў палажыў яго на падушачку і скалыхнуў калыску. Іван адчуваў, што злосць у жонкі яшчэ не выкіпела, і праз сілу стрымаў сябе, каб не абурыцца за такую абразу. Ведаў, што злосць на злосць і гнеў на гнеў — дабра не прыносяць.

Ледзь толькі дзіця заснула, Крушынін пайшоў да Таццяны на куханьку, каб давесці жонцы сваю праўду.

— Што ў цябе, Таня, за мода дзяліць на «тваё» і «маё»? I старасць, і той чорны дзень, калі ён, часам, надарыцца, будуць не толькі маімі. Цяпер жа ў нас усё непадзельнае. Хіба мне аднаму гэты запас патрэбен? Зразумей, наперадзе ўсё жыццё...

Таццяна памкнулаея пярэчыць.

— Ведаю, ведаю, што скажаш,— выставіў Іван перад сабою рукі, быдта бараніўся ад жончынага нападу: — Сорамна перад людзьмі? Дык у такіх выпадках мой бацька некалі казаў: сорам — не дым, вочы не выесць... Гарадок наш невялікі, і амаль кожны жыхар ведае — мы з табою нядаўна з інстытутаў, і калі што не так, даруе.

Ні Таццяна, ні яе бацькі ніколі не збіралі багацця. Ашчаджаліся, вядома, як робяць многія. У Мікалая нават адмысловая прымаўка была, калі траціў грошы: «Мы іх набывалі, а не яны нас...»

Таццяна перавяла позірк на пакой, дзе спаў сын, і думала сваё: «Ён жа і Толіка можа выгадаваць такога, як сам...»

Іван заўважыў, што Таццяна не слухае яго, і крануў за руку:

— I яшчэ запомні, калі ласка, Толік прынёс у хату не толькі радасць, але і выдаткі: на ўсё грошы ідуць... Раіў пачакаць яшчэ з дзецьмі, каб не мець лішняга клопату на першым часе. Не паслухала. А магла...

— Вунь да чаго ты дагаварыўся! Засушыў мазгі, засушыў!

— Я ж не кажу, каб зусім... Але можна было пачакаць...— спахапіўся Іван.

— Колькі гадоў? Два, пяць, дзесяць, дваццаць?.. А ты чуў, што кажуць людзі; «Раннія дзеці — палёгка бацькам на старасці». Хаця адкуль табе чуць...

Яна ўзяла кубак і каструлю з вадою і выйшла з куханькі паліць вазоны.

Толік прачнуўся і заплакаў. Іван падышоў і загаварыў да сына.

— Наша мама злуе, сынок. Яна гаварыць з намі не хоча...

Дзіця змоўкла. Здавалася, яно разумее бацькавы словы, ды не можа разабрацца, чыя ўсё ж праўда: татава ці маміна?