Выбрать главу

Таццяна палівала вазоны і, зрэдку кідаючы позірк на мужа, думала: «Расказваў, што ў бацькі прапалі тысячы мікалаеўскіх, захаваных пад печчу. А сам які? Шафу для адзення і то са слязьмі выманчыла. Суседкі вунь як абсталявалі кватэры, а мы ўсё прыбядняемся... Каб я, пасля сягонняшняй гаворкі, папрасіла ў яго чаго? Раней язык у мяне адваліцца»...

Жончына маўчанне гняло Крушыніна, нават палохала. I ён шукаў уцехі ў словах да сына.

— Перастань блазнаваць! — кінула пагардлівы позірк Таццяна, ідучы з пустой пасудай на кухню.— Сабе хоць купі паліто людскае, а то жабраком ходзіш. Інжынер, называецца!..

— Па мне, Танечка, не бядуй. Такое паліто, як маё, два-тры сезоны праносіцца.

— Ты і дзесяць сезонаў праходзіш у ім,— кінула папрок Таццяна з кухні.

У сям’і Крушыніных усталяваўся халадок. Хутка суседзі заўважылі гэта і пачалі шаптацца між сабой. Здагадкі нічога пэўнага не давалі ім, а цікавасць разбірала. Тады адна з суседак не вытрымала і спытала ў Таццяны, ці не перабег між ёю і мужам чорны кот. 3 болем у сэрцы прыйшлося Таццяне першай пайсці на прымірэнне: не даваць жа расці плёткам. Ведала, за каго ішла замуж? Ведала... Прыгадалася, як хадзілі ў кіно студэнтамі. Сяброўкі, з якімі жыла ў адным пакоі, сядзелі са сваімі хлопцамі на самых лепшых месцах, а яны — на самых танных. Маніла ім: Іван далёка не бачыць, а насіць акуляры саромеецца. Спадзявалася, пажэняцца, перайначыць яго на свой лад. А выйшла, як з тым жарабяткам: нарадзілася з лысінкай, з ёю век дажыло.

«Гэта ж толькі пачатак нашага жыцця. А як жа будзе далей?» — не раз думала Таццяна, астаючыся падоўгу адна з сынам, калі Іван затрымліваўся на рабоце.

Аднаго выхаднога дня Іван пайшоў на пару гадзін у кантору і затрымаўся: не сыходзіліся ў справаздачы лічбы. Таццяна чакала яго абедаць і, седзячы з Толікам на канапе, чытала ўголас вершы. Хлопчык уважліва слухаў, хоць нічога не разумеў, але яму добра было каля мамы.

— Ого, паэзіяй займаешся? Медыцына і лірыка! — усклікнуў, распранаючыся, Іван.— Чые? — асцярожна, каб не перашкаджаць чытанню, прыпадняў ён вокладку. Убачыў на ёй беластвольную бярозку і прозвішча аўтара — адышоўся.

— Апякло? — усміхнулася Таццяна.

— А ты знаеш, што ён зараз не ў пашане?.. Быў час — ім захаплялася моладзь.

— Сам ты чытаў хоць што яго?

Іван пакруціў галавою:

— У праграму дакладных навук не ўваходзіў... А захапляцца не было патрэбы.

— У нас таксама не ўваходзіў, аднак даставалі, дзе маглі, і чыталі.

— А чула, які забулдыга быў? Усё, што зарабляў на сваіх вершах — прапіваў, то з сябрамі, то з жанчынамі.

Таццяна дакорліва паглядзела ў твар мужу:

— Гэта ты пачуў і запомніў, а пачытаць не знайшоў часу.

— Можа б і знайшоў, ды лічу непатрэбным займацца гэтым. Будаўніцтва завода і паэзія! Медыцына і паэзія! Каму патрэбны такія кантрасты?

— Знайшоў кантрасты!..

— Не будзем, Таня, залазіць у высокія матэрыі. Няхай гэтым займаюцца тыя, каму належыць. Мы людзі канкрэтнай работы. Кожнаму сваё... Прабач, што затрымаўся: заходзіў браць білеты на «Закройшчык з Таржка». Старая, але вясёлая, кажуць, карціна. Паабедаем ды пойдзем паглядзім... Толіка ў суседзяў пакінем.

Таццяна палажыла кніжку на тумбачку і пачала збіраць на стол.

Кінатэатр быў часова на новай вуліцы ў бараку. Тут многае яшчэ было часовым, пачынаючы з дашчаных тратуараў. Сям-там віднеліся нявыкарчаваныя пні.

— Навошта было высякаць тут падчыстую лес? — заўважыла Таццяна мужу.

— Так лягчэй будаваць, нішто не перашкаджае. Потым насадзяць.

— «Насадзяць...» — паўтарыла Таццяна.— А калі яны вырастуць, тыя дрэўцы? Канечне, лягчэй будаваць на чыстым месцы... Толькі на добры лад можна было і на заводскім двары пакінуць кудзеркі лесу, не кажучы пра асобныя дрэвы на вуліцах...

— Можна было, ды не пакінулі. Не мая віна ў гэтым. Я толькі будаўнік-выканаўца...

Каля ларка, дзе прадавалі сельтэрскую, Іван падняў пяць капеек і неяк дзіўна ўцешыўся.

— Знайшоў, з чаго радавацца! Аддай прадаўшчыцы.

— 3 якой ласкі? Гэта ж не яе,— апусціў манету ў кішэню Іван.

Таццяна паглядзела на мужа і адвярнулася.

II

— Вось такі характар мела Таццяна,— уздыхнуў Іван...— Падумайце, ці ж заслугоўваў я таго, каб два дні не размаўляць са мною з-за тых пяці капеек? Прынцып: не паслухаў — адчуй гнеў і зацятасць. А як было слухаць? Па-вашаму, на чыім баку была праўда: на маім ці на яе?

— Можна было паслухаць... Жонка ўсё ж, ды і пытанне не прынцыповае,— адказаў Аляксей.

Афіцыянтка прынесла графінчык з каньяком, малюсенькія чарачкі і закуску. Аляксей узяўся разліваць каньяк, а Крушынін летуценна гаварыў далей: