— «Паслухаць»... Ім толькі і трэба таго, каб наш брат-мужчына хоць у дробязі ўступіў... Быў такі выпадак са мною, калі адзін раз паслухаў. Колькі часу прайшло, а і цяпер не магу дараваць сабе.
Яны паднялі чаркі.
...Улетку перадваеннага года Крушыніны збіраліся паехаць да Таццяніных бацькоў. Яны мелі адпачынак за два гады і спадзяваліся добра правесці час у Прудках: пакупацца ў азярку, пагрэцца на сонейку, паказаць дзеду і бабе ўнука.
Перад самым ад’ездам, калі ўсё было ў зборы, Крушыніна не адпусцілі. Нешта не ладзілася з планам на будоўлі, і трэст адмяніў адпачынкі тэхнічнага персаналу ў летні час.
Таццяна з сынам ад’язджалі адны. Іван купіў ім білет у купейны вагон і, аддаючы, параіў на перасадцы ў Маскве дастаць да Мінска ў плацкартны: усё некалькі рублёў сэканоміцца.
Параіць параіў, аднак грошай даў на купейны вагон. 3 такога ж разліку адлічыў на праезд, расклаў іх па канвертах з надпісам, колькі ў ім грошай і для чаго. Адны параіў «далей палажыць, каб узяць бліжэй», а тыя, што на дарогу, трымаць у сумачцы, напашэве. Купіць што дзіцяці прыйдзецца ці сабе.
— На такую вялікую дарогу даеш толькі дваццаць пяць рублёў? — марудзіла браць Таццяна.
— А навошта яны больш? Яшчэ згубіш ці ўкрадзе хто... Яды з сабою набралі, а прыедзеце да бацькоў — там усё сваё.
Таццяна не стала дамагацца больш.
Першы ў купэ зайшоў з чамаданам у руцэ Іван.
— Відаць, гэта наша месца? — спытаў ён ні то ў пасажыраў, ні то сам у сябе.
— Гэта вольнае,— адказаў вайсковы і падняўся з пасцелі.
— Верхняе? — зазірнула з дзвярэй Таццяна.
— Якія ёсць. Сама ведаеш, цягнік ідзе здалёк, бярэш тое, што даюць.
— А як жа мы там з Толікам будзем?
Хлопчык тым часам выткнуўся наперад і сваімі чорнымі вочкамі ўтаропіўся на пасажыра ў вайсковай форме. Іх позіркі сустрэліся. Вайсковец устаў з лаўкі:
— Займайце маё. Як жа вам з дзіцем на верхатуры ехаць?
Тады з другой ніжняй лаўкі падхапіўся малады хлопец.
— Што вы, таварыш лейтэнант, не турбуйцеся, я ўступлю сваё. Там, наверсе, мне яшчэ лепш будзе,— і ўмомант пераклаў туды сваю пасцель.
— Ну, вось бачыш, Танечка, усё выйшла як не трэба лепш. Мне і ў касе сказалі: свет не без добрых людзей. Зараз мы паложым пад лаўку твой чамадан... Падзякуй, сынок, дзядзю за ласку.
Яны ўсе трое прыселі на лаўку, але два ўдары ў звон на станцыі не далі расседжвацца. Іван пацалаваўся з сынам і Таццянай і сказаў ім глядзець праз акно на платформу, дзе ён будзе стаяць.
Маці падняла сына. Цягнік крануўся ў дарогу, і хлопчык замахаў тату абедзвюма рукамі: за сябе і маму.
Таццяна пасадзіла хлопчыка побач з сабою, але таму не вельмі хацелася сядзець. Ён падняўся на калені, каб зірнуць, што робіцца за акном, ды тут жа адхінуўся і прыпаў тварам да матчынага пляча: у купэ шугануў клубок едкага дыму ад паравоза.
Лейтэнант устаў і зачыніў акно.
— Усё, можаш глядзець,— сказаў ён хлопчыку.— Больш дыму не будзе.— Цябе, здаецца, Анатолем зваць?
Хлопчык насупіўся, паглядзеў спадылба на незнаёмага дзядзьку і неахвотна адказаў:
— Не, Толік.
— А едзеш куды?
Тут ужо маці памагла сыну.
— Скажы, сынок: за Мінск, да бабулі і дзядулі ў госці.
Той паўтарыў матчыны словы і зноў прыпаў да акна, за якім насупраць цягніку беглі тэлеграфныя слупы, дрэвы.
— О, дык нам з вамі ў адну дарогу,— неяк дзіўна зарадаваўся лейтэнант, як пачуў, куды едзе жанчына з сынам.— Землякі, значыць... Прабачце, я чалавек вайсковы і люблю яснасць у абстаноўцы. Мяне зваць Аляксей Пятровіч, а як вас па бацьку? Імя мы чулі ўжо ад вашага мужа.
— Мікалаеўна. Таццяна Мікалаеўна.
Астатнія двое маладых пасажыраў, што слухалі гаворку, назвалі. толькі свае імёны. Ехаць разам прыйдзецца не адны суткі.
У лейтэнанта аказалася з сабою даміно, а ў Таццяны — карты. Надакучыць гаварыць, даміно прыходзіць на разрывак, а то ў карты засядуць. Летні дзень — год. Трэба ж неяк скаратаць яго.
Аляксей хутка пасябраваў з Толікам. Выйдзе ў калідор пакурыць, а той следам за ім. Падыме яго Аляксей на рукі, і доўга глядзяць абодва, як мільгаюць паблізу людзі, чыгуначныя будынкі, жывёла на пашы каля насыпу. А то і адкінуць лаўку, прытуліцца Аляксей да сцяны, каб не замінаць нікому, возьме Толіка на калені, і пачнуцца казкі. Старэйшы ўмеў цікава расказваць, а меншы — уважліва слухаць.
— Дзядзя Лёша, дзядзя Лёша, зноў жарабяткі,— перапыняў Толік часам казку. I яны абодва ўзіраліся ў чараду коней, пакуль цягнік не мінаў яе.
Падабалася і Таццяне бавіць час бясконцай дарогі ў гутарцы з Аляксеем. Як толькі хлопчык засынаў, яна выходзіла ў калідор. Так непрыкметна ўсталявалася даверлівасць.