Выбрать главу

— Гэта хвароба, процілеглая марнатраўству,— заўважыў Аляксей, калі Таццяна расказала пра сваё сямейнае жыццё.— Адны да капейкі могуць растранжырыць усё, не думаючы пра заўтрашні дзень, другія адмаўляюць сабе ў неабходным і кожную капейку трацяць з болем у сэрцы.

На вялікіх прыпынках Аляксей часта выходзіў купіць сёе-тое з ласункаў. Першыя дні Толіку, а пазней і на долю маці.

Пад добры настрой Таццяна расказала аднаго разу пра Івана.

— Ды што ён у вас за чалавек?! — усклікнуў Аляксей.— Вы ж багіня, Таццяна Мікалаеўна!.. Не разумею такога мужа... Вас жа на руках насіць трэба!

Таццяна ўсміхнулася з узнёслых Аляксеевых слоў і ўпершыню падумала: «Не суджана было мне мець такога мужа, каб на руках насіў». Яна раптам адчула, як сціснулася сэрца ад жалю, як усплылі крыўды, большыя і меншыя...

— Так і скажу свайму Ваню, як вярнуся, што гаварылі вы пра мяне, Аляксей Пятровіч.

— Скажыце толькі — ён такую рэўнасць закоціць, што ўвесь Далёкі Усход стане цесны для вас.

— Ха-ха-ха! — рассмяялася Таццяна.— Іван і рэўнасць... Не ўяўляю сабе. Яго больш цікавіць ашчадная кніжка, чым душа жонкі, няхай сабе і багіні, па-вашаму.

Аляксей яшчэ раз напомніў:

— Глядзіце, каб пасля не каяліся. Бо як да скнарлівасці далучыцца яшчэ рэўнасць — жыцця вам не будзе ад такіх сябровак.

Тую дарожную гаворку Таццяна не раз потым успомніць.

За дзевяць дзён дарогі хлопчык так прывык да Аляксея, што аж расплакаўся, калі яму сказалі перад Масквой пра недалёкае расставанне.

— 3 татам, сынок, ты лягчэй развітаўся,— папракнула маці.

— Праўда, тата ніколі і не аддаваў табе столькі ўвагі, як дзядзя Лёша.

Аляксей пачырванеў трошкі ад такой пахвалы.

— Я люблю дзяцей, Таццяна Мікалаеўна. Мне пасля сямігодкі варта было ісці ў педагагічны тэхнікум, а не ў Аб’яднаную Беларускую вайсковую школу.

— Што любіце дзяцей — гэта відаць. Бо «по ком ребятишки захныкали, тот наверно был доброй души!». У дзяцей жа адчуванне добрага і благога вельмі абвостранае... А што не сталі настаўнікам, не перажывайце: вашым падначаленым таксама патрэбна чулая душа камандзіра....

— Вы — тэрапеўт, вам лепш ведаць не толькі людскія хваробы, але і іхнія душы... Пра сябе скажу: гэтае падарожжа астанецца ў маёй памяці на ўсё жыццё. Адчуваю, як цяжка будзе развітвацца з Толікам.

— Толькі з ім?

— Не, чаму ж?..— уздыхнуў Аляксей.— Каб вы толькі ведалі, Таццяна Мікалаеўна, колькі я чаго перадумаў!

Тут і ведаць не было чаго. Пільнае жаночае вока не раз заўважала за дарогу, як чырвань часам залівала лейтэнантавы шчокі, як бянтэжыўся ён, калі Таццяна, адчуваючы на сабе чужы позірк, паварочвалася да Аляксея. Тады ён апускаў вочы і маўчаў. Прафесія ўрача прывучыла Таццяну не выдаваць ні вачыма, ні голасам, ні рухам таго, што вядома толькі ёй. I таму, як мага спакойна, спытала:

— Наколькі я зразумела, вы перажываеце дарожны раман без узаемнасці?

Стараючыся не глядзець у твар Таццяне, Аляксей адказаў:

— Вам лепей ведаць, з узаемнасцю ці не.

На гэту гаворку з іхняга купэ выйшаў пасажыр пакурыць. Таццяна пакінула курцоў адных.

Толік спаў, ссунуўшы галаву на самы край падушкі. Маці паправіла, сама прысела збоку і ўзяла «Стеньку Разнна». Думала, чытаннем заглушыць думкі, выкліканыя гаворкай з Аляксеем, а тыя сляпіцаю лезлі ў галаву, мітусілі кніжныя радкі.

У Маскве яны не рассталіся. Аляксей не пайшоў наведваць сябра па вайсковай школе, які служыў у маскоўскім гарнізоне і з якім ён перапісваўся ўвесь час. Адклаў сустрэчу на пазней, калі будзе вяртацца назад. Тут блізка, спішуцца і прызначаць на пэўны дзень тую сустрэчу.

Цягнік на Мінск адыходзіў хутка, і трэба было спяшацца закампасціраваць білеты. Каля кас тоўпіліся чэргі. Пасажырскія самалёты толькі ўваходзілі тады ў моду, а пра аўтобусы і гаварыць не прыходзілася. Цягнікі былі адзіным сродкам далёкіх пераездаў. Ды і хадзіла іх небагата.

— Паспрабую ў воінскай касе дастаць і сабе і вам. Скажу, жонка з дзіцем.

Жанчына ўсміхнулася ад пачутых слоў, але адмаўляцца ад ласкі не стала.

— Сам бог, калі ён ёсць, паслаў мне такога спадарожніка,— пажартавала Таццяна, беручы білет з плацкартай.

— Адно дрэнна,— ненадоўга,— пашкадаваў Аляксей.

Таццяна зрабіла выгляд, што не пачула сказанага. Пасля той гаворкі ў вагоне яна баялася размоў на тэму ўзаемнасці.

Хлопчык папрасіў вады.

— А мы сходзім і нап’ёмся ў буфеце ліманаду. Хочаш, Толік? — узяў яго Аляксей за руку. Той кіўнуў галавою.