На шумным вакзале хлопчык трымаў сябе ціха, быдта дзіця падмянілі. Куды толькі падзелася тая весялосць і жвавасць, што былі ў дарозе?
3 буфета Аляксей вярнуўся са слоікам вінаграднага соку і мяшэчкам апельсінаў.
— Дайце Толіку і самі ешце,— падаў апельсіны Таццяне,— а я схаджу вазьму з яды чаго-небудзь на сваю і вашу долю.
Таццяна дастала з сумкі чырвонец.
— Разлічымся ў дарозе,— кінуў на хаду Аляксей.
Ахопленая думкамі пра Аляксееву ўвагу да Толіка і яе, Таццяна ўзялася ачышчаць апельсін.
Хлопчык браў у руку пахучыя шалупінкі і смачна іх нюхаў. Потым маці давала яму ў рот па адной дольцы. Толік раскусваў, цмокаў і прасіў яшчэ. Апельсіна ўвачавідкі не стала.
— Цяпер, мама, ачышчай гэты,— выбраў ён найбольшы,— будзем удваіх есці: адзін раз мне, другі — табе. Добра? Ну, давай, куды ты глядзіш?
— Добра, сынок, добра,— адарвалася жанчына ад нахлынуўшых думак.— Але на тры часткі трэба дзяліць. Ты забыўся на дзядзю Лёшу? Гэта ж яго апельсіны.
— А дзядзі Лёшы няма. Як прыйдзе, тады будзем дзяліць. Вунь яшчэ колькі іх,— зазірнуў Толік у мяшэчак.
«Ці не твой тата перадаў табе часцінку свае прагнасці? — усміхнулася маці і ўзяла другі апельсін. Ачышчала, а думкі зноў вярталі яе да Аляксея: — Колькі ў яго чалавечай дабраты, сціпласці. Чакае некага шчасце. А можа знойдзена ўжо кім-небудзь, хоць і кажа, што не жанаты»...— карміла сына Таццяна і сама зрэдку брала ў рот сакавітую дольку.
У купэ яны ўжо ехалі адною сям’ёй. Таццяна, як рупная гаспадыня, заслала сурвэткай столік, расклала яду і запрасіла, жартуючы: «Мужчынкі, з печы, з полу проша да столу. Будзем есці, што бог паслаў, а дзядзя Аляксей прыдбаў».
Алякеей злез з верхняй лаўкі, Толік падсунуўся бліжэй да століка, і ўсе трое пачалі сілкавацца. Таццяна запрасіла і суседзяў па купэ, але тыя адмовіліся.
Пад’язджаючы да Мінска, Аляксей паказаў Таццяне і Толіку сваю станцыю: драўляную, невялічкую, між купчастых клёнаў і ліп.
— Недалёка за ёю наша вёска. Хлапчукамі мы часта прыходзілі сюды гуляць, асабліва ў выхадныя дні. Ведалі, якія калі цягнікі ідуць, і з зайздрасцю паглядалі, як праносіліся вагоны з людзьмі перад намі. Стараліся найбольш заўважыць, каб потым было што расказаць.
— Прыходзяць і зараз. Бачыце, колькі іх стаіць? — паказала Таццяна на купку хлапчукоў.
— I таксама з зайздрасцю паглядаюць, цяпер ужо і на нас з вамі, і мараць, калі самі выправяцца ў вялікую дарогу...
— Для іх цяпер гэта не праблема. Разам з бацькамі яны не раз, напэўна, былі ў горадзе.
Удалечы віднеўся ўжо Мінск.
— Каб хаця надарылася фурманка,— непакоіўся Аляксей, праводзячы Таццяну ў вагон,— а то як жа вы будзеце дабірацца з дзіцём і рэчамі?
— Тут ужо бяда невялікая, Аляксей Пятровіч. 3 вашай дапамогай самая цяжкая дарога адолена.
— Для вас цяжкая, а для мяне... самая незабыўная...— сказаў Аляксей.— Такое падарожжа я з радасцю паўтарыў бы...
Таццяна нічога не адказала.
У вагоне Толік учапіўся за Аляксееву гімнасцёрку і настойліва ўпрошваў ехаць да яго дзядулі і бабулі. Маці пагразіла сыну пальцам, каб не перашкаджаў гаварыць.
Хлопчык змоўк, а праз хвіліну зноў пачаў сваё, тузаючы ўжо за руку Аляксея. Таццяна нахілілася і напаўголасу сказала:
— Не прыставай, сынок, да дзядзі, а то ён не прыедзе да нас у госці. Чуеш?
Што гэта было: супакойванне сына ці намёк лейтэнанту, цяжка зразумець.
III
«Магла ж яна суцешыць Толіка чым-небудзь іншым? Магла. Тады да каго больш адносілася яе «чуеш?» Да сына ці да мяне?.. А можа гэта проста жаночая інтрыжка, жарт: праверыць, клюну на кручок ці не? А потым разам з сяброўкай пакпіць з нашага брата-мужчыны? Бывае і такое ў жыцці»...— думаў Аляксей, едучы дахаты.
Дома ён не знаходзіў упынку. Маці хутка заўважыла сынаву тугу: трохі здагадвалася, трохі адчувала сэрцам яе прычыну і сілком пачала выпраўляць Аляксея на вячэрнія пагулянкі. Але і там ён не надта развясельваўся. Гаворыць ці жартуе з дзяўчынай,— у вёсцы іх было шмат: і прыгожых, і вясёлых,— пазірае ёй у твар, а бачыць засмучаную Таццяну пры расставанні... Чаго толькі потым дома, у бяссонныя ночы, не абяцаў ён Таццяне! Якіх толькі святліц не будаваў для яе!..
Нарэшце Аляксей не змог больш перасільваць сябе. Узяў дарожны чамаданчык, купіў ласункаў для Толіка і выправіўся ў дарогу. Маці сказаў: едзе да сябра.
Надвор’е стаяла сонечнае, і Таццяна з сынам хадзілі штодня на бераг азерца. Той невялікі гарадок, адкуль яны прыехалі ў Прудкі, не меў блізка рэчкі. А што гэта за летні адпачынак без вады?!
Ні ў школьныя, ні ў студэнцкія гады ў Таццяны не было столькі вольнага часу. Прыходзілася памагаць па гаспадарцы дома, хадзіць часта ў калгас на работу. Хацелася вярнуцца ў інстытут з добрай даведкай, каб не чырванець увосень на сходзе, калі ацэньваюць работу, зробленую кожным студэнтам на канікулах.