Выбрать главу

- Ты што - празорца ці мент? Ды я крыху не ў настроі. Патэлефанавала мама, у нас памёр адзін далёкі сваяк, дзядзька Казімір. Дзіўны і дзікаваты такі дзядзька. Хутаранін, адным словам. Мае ўсе за мяжой, не памятаю, я табе казала ці не, яны дыпламаты, і бацька, і мама цяпер у Венесуэле. Трэба ехаць на пахаванне, а гэта дзесьці ў Карэліцкім раёне. Я на карце глядзела, атрымліваецца якраз у тых краях, куды ты мяне да каменя везці збіраўся. Там яшчэ вёска побач... Варонча.

Вячаслаў застыў, нібы рыхтуючыся да скачка з засады, і, набраўшы поўныя лёгкія паветра, сказаў:

- Не, я не мент, я чэкіст, лейтэнант дзяржаўнай бяспекі, - і заціх, чакаючы рэакцыі ў адказ.

Дзяўчына маўчала, прымружыўшы вочы, уважліва глядзела на хлопца. Імкнучыся зразумець сур’ёзнасць яго слоў ці знайсці ў вонкавым абліччы хоць якое-небудзь пацверджанне сказанага.

- Пра пахаванне не клапаціся, я цябе падвязу, - асцярожна дадаў Скарга, - калі ты там павінна быць?

- Вось гад! - нарэшце выціснула з сябе з крыўдай дзяўчына. - Ты ваенны! Хоць і свалачны, але ваенны! «Лейтенант, парень молодой.», во, блін, невязуха. Што ж ты адразу не сказаў? Я б цябе адшыла пры адразу, а цяпер што рабіць? Гад, гад! - яна пачала біць яго кулакамі ў грудзі. - Ну і гад!

- Стэфка, паслухай, я не хацеў ад цябе нічога ўтойваць, ды і якое гэта мае значэнне: ваенны - не ваенны?

- Так, для цябе ніякага, а я прабабулі слова дала! А тут лейтэнант, ды яшчэ і жандар. Можа, і ўся радня ў гэтай гнілой канторы працуе? Ох, дурніца я, дурніца! - дзяўчына па-дзіцячы кулачкамі расцірала нечаканыя слёзы. - Праз столькі часу закахалася - і на табе...

Высвятленне адносін вырашылі пакінуць на дарогу да хутара. Скарга забег на службу, напісаў рапарт на тры дні ў лік чарговага адпачынку, падпісаў яго ў кіраўніцтва. Сціснуўшы зубы, выслухаў падколкі Хрункевіча, што, маўляў, для ўладжвання ўсіх нюансаў з маладзіцамі трох дзён можа і не хапіць. Вусна далажыў таму ж Хрункевічу інфармацыю пра дзіўнага госця нясвіжскага ксяндза, атрымаў дабро на працяг збору інфармацыі самастойна, без далучэння пакуль мясцовых таварышаў. Калі ж маёр за два-тры, здавалася б, недатычныя да справы пытанні высветліў, навошта лейтэнанту вольныя тры дні, то дэманстратыўна парваў яго рапарт і памякчэлым голасам прамовіў:

- Скарга, вось табе тыдзень на нясвіжскую распрацоўку, а заадно і са справамі сардэчнымі разбярэшся, - і ўжо сур’ёзна дадаў: - Толькі памятай: чэкісту з выбарам баявой сяброўкі памыліцца аніяк нельга. Памылішся - служба і жыццё, што для нас адно і тое ж, пойдуць наперакасяк!

- Дзякуй, таварыш маёр, - неяк нават расчуліўся Вячаслаў, - вы ўжо мне за колішніх «свіней» прабачце.

- Кіньце, лейтэнант, свінні яны і ёсць свінні, - праводзячы падначаленага да дзвярэй кабінета, па-заступніцку філасофстваваў начальнік,

- толькі падобных сентэнцый пры палкоўніку Кірлюку больш казаць не рэкамендую, ён з мянтоў. Вось так, лейтэнант, і ў здзіўленні рот адкрываць не трэба. Поспехаў...

На Стэфчынага кавалера выйшлі паглядзець усе яе суседкі па здымнай кватэры ды яшчэ тры дзяўчыны з іх курса, якія прыйшлі ў госці.

- Усё, дзеўкі, агледзіны прайшлі паспяхова, мяне дні два не будзе, перадайце старасце, - сядаючы ў машыну, не без гонару сказала Стэфа.

- Паехалі, чаго красуешся, а то яны цябе вачыма разарвуць.

- Рады, што ты супакоілася. Даю табе слова: мае пагоны нашаму сумеснаму жыццю перашкаджаць не будуць...

- Шмат ты ў пагонах разумеет. Дзе княжы гонар? «Пагоны не будуць перашкаджаць», ты хоць думай, што кажаш. Прабабка мая - разумніца. Ведаеш, што яна мне сёння адказала, калі я ёй пра наша знаёмства распавяла?

- Можа, з часам я і навучуся чытаць твае думкі...

- Ага, яшчэ адзін Месінг знайшоўся! Яна мяне супакоіла тым, што, аказваецца, жандар ці, па-твойму, кадэбіст, не вайсковец, такім чынам слова свайго я не парушаю, нашыя ж адносіны цалкам залежаць толькі ад майго сумлення і твайго гонару. Як у цябе наконт гонару, Скарга? «Жыццё Радзіме, гонар нікому!» Ты ведаеш, што гэта за словы?

- Напэўна, нейкі рыцарскі дэвіз...

- Ну і цёмны ты, Скарга, чалавек. Дэвізу свайго шляхецкага не веда­еш, і давай, - яна штурхнула яго ў плячо, - не расчароўвай мяне, князь.

- Ніякі я не князь, так, шэраг гістарычных супадзенняў, як казаў дзед. Род шляхецкі, стары, але да князёў Заслаўскіх і Скаргаў мае вельмі ўскоснае дачыненне. Дзядзька мой у гэтай тэме вялікі знаўца. Вось сустрэнецеся, ён табе шмат чаго панарасказвае. Там у яго ўсё ёсць: і князі, і прамыя нашчадкі каралёў польскіх, і вялікіх князёў літоўскіх, і крэўныя сувязі з правялебнымі сем’ямі Еўропы. Дык кажаш, «Жыццё - Радзіме, гонар - нікому». Добра гучыць, трэба запомніць.