Алена ехала не спяшаючыся, часу да цягніка было хоць адбаўляй, а церціся каля раз’езда не хацелася. Звесткі, якія яна везла з лесу ў горад, былі вельмі важнымі і тычыліся далейшага лёсу ўсіх, хто так ці інакш удзельнічаў у супраціве савецкай уладзе. Яна пакуль не разумела, добра гэта ці не: згарнуць актыўную працу, усім пакінуць лясныя лагеры, перайсці на легальнае становішча, уладкоўвацца і чакаць далейшых указанняў. Генерал Вітушка з трыма вялікімі групамі партызан пакідае Беларусь, праз Польшчу і Венгрыю сыходзіць у Заходнюю Германію, а два меншыя атрады павінны перабірацца з Прыбалтыкі ў Скандынавію. За сябе цэнтральны кіраўнік нікога не пакідае, усім рэзідэнтам чакаць яго інспекцыйнай паездкі ў бліжэйшыя месяцы.
Алена паважала свайго камандзіра і нават, як і іншыя дзяўчаты, трохі была ў яго закаханая. Ён быў для яе ідэалам мужчыны: мужным, адважным, прыгожым, ніколі не сумуючым і перакананым у слушнасці сваёй справы. Казалі, што ён часам лютуе, вунь у Лугагонах загадаў распілаваць жыўцом «ястрабка» двухручнай пілой, а астатнім палонным і жыхарам лясной вёскі загадаў на ўсё гэта глядзець. Пад Наваградкам па яго волі ўкрыжавалі партыйнага сакратара на дзвярах перад гэтым спустошанага бальшавікамі храма. Раней там не толькі храм разбурылі, але і святара з сям’ёй расстралялі за дапамогу «зялёным», а яны акаўцам дапамагалі, а падчас вайны габрэяў хавалі.
Яна некалькі разоў прасілася і ў начальніка контрвыведкі, і ў самога генерала ўзяць яе на аперацыю. Ёй хацелася сябе праверыць, адчуць у руках сілу зброі. Яе хвалілі за стараннасць, ляпалі па плячы, зашывалі ў падкладку спісаны адмысловымі чарніламі кавалак тонкай матэрыі і выпраўлялі ў горад. Часам, вось як сёння, давалі завучыць тэкст на памяць, а ўжо ў Мінску ўсё перапісаць і перадаць Яўгену Леанідавічу.
Ды што там аперацыя, калі ў атрад яе прыводзілі з мяшком на галаве, чыстым такім чорным мяшком, як шырокая панчоха з прарэзамі для вачэй і рота, і яшчэ прымушалі пераапрануцца і змяніць абутак. Каштоўным і незаменным яна аказалася сувязным. Ужо амаль пяць гадоў хадзіла па таемных маршрутах і сцежках. І вось сёння ішла яна апошні раз сваім звыклым напрамкам: горад-лес-горад. Горад у гэтым маршруце быў пастаяннай велічынёй, а вось лес часта мяняўся. Шкада, вядома. Што будзе далей?
Ёй чамусьці ўспомнілася, як у сакавіку сорак пятага прывёў яе Стальмах да свайго дома ў Мінск, вылавіўшы ў раённым дзіцячым доме. Яна тады цудам дабралася з Кёнігсберга да Багушэўска, дзе ў яе, нібыта, павінна была жыць цётка Вера, на вуліцы каля самага возера. Пра цётку і як яе знайсці часта распавядала хворая маці.
Да вайны жылі яны ва ўтульнай і багатай вёсцы пад Слонімам, бацька настаўнічаў, дома, ды і ва ўсёй вёсцы, гаварылі па-беларуску і па-польску, у іх нават і школа была двухмоўная. Не столькі маці, колькі бацька разбудзіў у ёй любоў да ўсяго народнага, самабытнага, а з гэтай цягай да свайго прачнулася неяк незаўважна ў душы асцярога, а потым і нянавісць да чужога, якое заўсёды было злым і зайздросным. Бацьку ў хуткім часе пасадзілі ў канцлагер у Бярозе - як члена забароненай кампартыі Заходняй Беларусі. Прыходу Саветаў яны з мамай чакалі мацней, чым прышэсця Хрыста. Бацька вярнуўся страшны, худзенечкі, брудны і зарослы. Але нічога: адмыўся, выгуляўся, стаў у вёсцы, а потым і ў Слоніме вялікім начальнікам. Горш жыць ім не стала, толькі мама зусім расхварэлася, і яны пераехалі да бацькі ў горад. Яна ўжо вучылася ў пятым класе, калі ў студзені сорак першага ноччу забралі бацьку - цяпер ужо як буржуазнага беларускага нацыяналіста. Іх цудам не вывезлі ў Сібір.
Мама памерла перад прыходам немцаў напачатку чэрвеня; абмывала, апранала і хавала яе яна сама, суседка бабуля Маня толькі дапамагала, казала, што ды як рабіць. А іншыя баяліся прыходзіць. Тады запалоханы быў народ, мабыць, больш, чым пры фашыстах. А ёй яшчэ і трынаццаці не было. У бацькавых паперах, якія хавала ад чужых вачэй мама, знайшла Алена лісты ад бацькавага таварыша Яўгена з Мінска. Кінула дом, свінню і курэй прадала суседзям - і падалася ў сталіцу. Бацькаў знаёмы таксама сядзеў у страшнай Валадарцы, але яго жонка прытуліла яе. Яўген Леанідавіч вярнуўся дадому на другі дзень вайны, калі ў Мінску пачаўся вялікі драп савецкага начальства. Дзяцей у іх не было, так у Алены з’явілася другая сям’я. Дзе яе родны бацька - яна і сёння не ведае.